Новая кніга Ганны Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» уяўляе сабой збор выбраных тэкстаў, якія друкаваліся ў часы беларусізацыі ўласна ў газеце «Савецкая Беларусь».
«Асноўны яе змест — выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» у 1925-1929 годзе. Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру», — напісала Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
У кнізе пяць алфавітных паказальнікаў. Асобны паказальнік — геаграфічныя назвы, і самых розных беларускіх мястэчак і вёсак там — некалькі соцень. Пра кожную з іх можна пачытаць тагачасны артыкул.
Таксама ў кнізе змешчаны вялікі архіўны дадатак.
«Рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржворганамі (ці не самая смешная частка, сказаць па праўдзе), а таксама мой гонар, я шукала гэтыя тэксты тры гады без усялякай надзеі знайсці — успаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай Саўбеліі, то бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі кажуць пра газету», — адзначае Ганна Севярынец.
У прадмове да кнігі Ганна Севярынец расказвае гісторыю газеты і яе рэдактара Міхася Чарота.
Набыць кнігу «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» можна на фестывалі Прадмова, а таксама ў кнігарнях Варшавы і Вільні.