Міжнародны фестываль Be Free пройдзе ў Чарнігаве (Украіна) 22-23 жніўня. Арганізатарамі яго выступілі Беларуская музычная альтэрнатыва, ініцыятыва “Студфармат” і Еўрапейскае радыё для Беларусі. На фестываль запрошаныя 20 маладых і вядомых гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі.
Мэта фестываля арганізатары бачаць аб’яднанне лепшых рок-праектаў і публікі суседніх краінаў ідэяй свабоды творчасці і самавыражэння, а таксама прыцягненне ўвагі да сучаснай рок-сцэны Беларусі.
Пляцоўкай фестывалю выбрана жывапіснае месца паміж Цэнтральным гарадскім паркам культуры і адпачынку (“Горсад”) і турыстычным комплексам, у які ўваходзяць гатэлі “Брянск”, “Профсоюзная” і “Придеснянская”. Менавіта там, на беразе Дзясны, на працягу двух дзён будуць адбывацца канцэрты пад адкрытым небам. Уваход на фестываль бясплатны, а для публікі з-за межаў гораду недалёка ад сцэны будзе арганізаваная пляцоўка для намётавага мястэчка.
Украіна абраная месцам для сустрэчы музычных ініцыятыў рэгіёну невыпадкова: публіцы з Літвы ці Польшчы для прыезду сюды не спатрэбіцца віза, што дазволіць прыцягнуць да фэсту больш слухачоў, а ў дадатак, Чарнігаў размешчаны блізка да межаў Расіі і Беларусі. Апроч таго, зарганізаваць open-air ва Ўкраіне нашмат прасцей, чым у Беларусі.
Хэдлайнерамі гэтага году будуць гурты “Ляпис Трубецкой” (Беларусь) i “Воплі Відоплясова” (Украiна), да якіх далучацца госці з Польшчы (Zero-85) і Францыі (Vladivostok), а таксама шэраг маладых і вядомых гуртроў з Беларусі – B:N, Zatochka, Tarpach, Partyzon, Pomidor/OFF, LitvinTroll, Imprudence, ULIS і інш.
У бліжэйшы час вызначыцца і поўны спіс украінскіх удзельнікаў фэсту.
Чарнігаў стаў трэцім горадам, дзе праводзіцца Be Free. У мінулыя гады фэст адбываўся ў Луцку і Львове і запрашаў да ўдзелу такія гурты як “Гайдамакі”, “Тартак” (Украина), “Neuro Dubel”, “Крама” (Беларусь), “Metanoia” (Польша), а колькасць наведвальнікаў канцэртаў дасягала 10 тысяч.
Партнёрамі фэсту ва Ўкраіне з’яўляюцца Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі Грамадзянскі камітэт па правах чалавека. Апроч таго, акцыю ўзяла пад патранат мэрыя г. Чарнігава.
Кантакты арганізатараў:
Сайт фестывалю http://festsvabody.org
LiveJournal http://fest_svabody.livejournal.com
Vkontakte http://vkontakte.ru/club10165314
Myspace http://myspace.com/fest_svabody
e-mail: fest.svabody@gmail.com
Тэлефоны: У Беларусi +375 29 6490888 (Віталь Супрановіч)
Вa Украіне (ад 5 жніўня) + 380 63 789 68 99(Аляксей Лукашэвіч)
+380 95 408 05 60 (Аляксандр Жалязноў)
У Польшчы +48 516 68 88 63 (Марыя Садоўская)
+48 694 716 184 (Слава Корань)