Я “нарадзіўся” там: бізнесовец Цімафей Ерамееў (Уэймут, Вялікабрытанія)

Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект “Я “нарадзіўся” там” часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!

Поўную рускамоўную версію інтэрв’ю чытайце на сайце www.bolshoi.by

Беларускамоўная версія — на сайце www.budzma.org.

 

Улетку 2014 самая ганаровая ўзнагарода за выдатныя дасягненні ў галіне інавацый, міжнароднага гандлю і ўстойлівага развіцця ў Англіі Queen’s Award for Enterprise была ўручаная кампаніі Permavent. Пра заснавальніка кампаніі, беларуса Цімафея Ерамеева, які прыняў узнагароду і быў прыняты каралевай, пісаў найбуйнейшы інтэрнэт-рэсурс. Што парадавала? Каментары пасля артыкула. Аказваецца, краіне, дзе бізнесу пастаянна робяць прышчэпку ад гэтага самага развіцця, ох як патрэбныя такія прыклады.

Мы не паленаваліся з’ездзіць дадому да героя падзеі і трапілі на вячэру. Роўна 8 гадоў таму Цімафей з сям’ёй пераехаў у Уэймут — курортны гарадок на поўдні Англіі ў графстве Дорсэт. Летам — турысты, усмешкі, крамы і рэстараны, марскія прагулкі і сёрфінг, зімой — вецер і дождж, штормы на моры, зрэдку снег. З нагоды даты елі індыйскую ежу, пілі віно і размаўлялі, а за акном шумела мора… 

— Паводле першага дыплома я токар-фрэзероўшчык і аператар станкоў ЧПУ, паводле другога — наладчык станкоў ЧПУ і аўтаматычных ліній. З адным паступаў у палітэх, з другім — у БДУ на факультэт міжнародных адносін. Прыйшоў у прыёмную, паказаў дыплом, яны паглядзелі і з усмешкай так кажуць: «Малады чалавек! Ну куды вы пасля вучылішча?» Здаў экзамены, па балах на бясплатнае не трапляў. Сказалі пісаць заяву аб пераводзе на платнае. Грошай на навучанне не было, і я вырашыў заяву не пісаць, але і дакументы з бясплатнага не забраў. А праз тры дні мне патэлефанавалі і сказалі, што шмат хто не вытрымаў і напісаў заяву на платнае аддзяленне, месцы, адпаведна, вызваліліся, і мяне залічылі на бясплатнае. Так да тэхнічнай я атрымаў эканамічную адукацыю. Мала таго, стаў старастам групы і потым пайшоў у аспірантуру.

Колькі сябе памятаю, пастаянна нешта рабіў, каб зарабіць. Вазілі з таварышам лямпачкі і дзіцячае харчаванне ў Румынію, ягады з Брэста ў Мінск, прадавалі запчасткі і шыны… А потым з’явілася прапанова папрацаваць з Англіяй. Мы былі юныя, наіўныя і па-беларуску адкрытыя. Прыехаў ангелец, з якім працуем да гэтага часу. Ён расказаў пра рынак, пра прадукт, і мы прынялі рашэнне ўкласці грошы. Прайшоў час — праект не запрацаваў. Мы пагаварылі і вырашылі, што я паеду і паспрабую гэтыя грошы дастаць. Пачаў прадаваць, стасавацца з пакупнікамі. З часам гэта дало вынік: пайшлі праекты, ідэі, завязаліся кантакты…

Пасля таго як у беларускай медыяпрасторы з’явілася інфармацыя пра бізнесоўца, які атрымаў найвышэйшую ўзнагароду з рук каралевы, Цімафей атрымаў не адну прапанову пра інтэрв’ю, удзел у шоу, канферэнцыях… і палічыў за найлепшае падзяліцца вопытам са студэнтамі бізнес-курса MBA.

— Немагчыма навучыцца бізнесу толькі па кнізе. Патрэбная практыка. Гэта крута — сядзець і разбіраць кейсы, але… калі да цябе не ідуць кліенты, трэба плаціць па крэдыце, закладзены дом, не спіш начамі… я не веру, што чалавек, які гэтага не перажыў, зможа расказаць такі бізнес-кейс па кнізе. Згодны, што большасць бізнес-працэсаў падобная. Што паслядоўнасці, арганізацыйнай структуры, функцыянальнасці можна навучыць. Многія людзі ўжо набілі гузы на гэтым. Можна вывучыць правілы і пралічыць рызыкі — нельга вывучыць і пралічыць няпэўнасць. А значыць, нельга навучыць быць прадпрымальнікам.

Калі мы адкрылі краму, нам усе казалі, што нічога не атрымаецца. Толькі крызіс здарыўся, будоўля спынілася, усе ў паніцы былі. Я не ведаў, як правільна, але ў нас былі крэдыты, і я проста рабіў усё, што мог. Калі б не гэтая неабходнасць, я б знайшоў 101 прычыну, чаму не, немагчыма, не цяпер…

Я ездзіў на пагрузчыку і працаваў за стойкай. Хачу адзначыць, што гэта мая самая любімая праца. І нават цяпер, калі выходжу за стойку, я, нічога не прадаючы спецыяльна, за дзень прадаю больш, чым астатнія. Проста размаўляючы з людзьмі. Калі нехта сыдзе, я магу стаць на яго месца і рабіць фактычна любую працу.

Усяго гэтага на бізнес-курсах не расказвалі і не раскажуць. Таму што кожная сітуацыя ўнікальная. І табе альбо дадзена справіцца, альбо не.


Англічане… Яны прагматыкі. У нас можна страціць працу і ўсё роўна неяк выкруцішся — бацькі і сябры дапамогуць. А тут — не. На сацыяльныя гарантыі нельга разлічваць, і адказнасць за сябе нашмат вышэйшая.

Англічане з ранніх гадоў прышчапляюць дзецям здольнасць супрацьстаяць складанасцям, вучаць распараджацца бюджэтам: што важней купіць, як выбраць. Тут нармальна, калі падлеткі або студэнты — дзеці заможных бацькоў — падзарабляюць, дапамагаючы ўтрымліваць сябе. Гэта ніяк не мяняе бюджэт сям’і, але мяняе ход думак і стаўленне да працы. У нашых звычайна наадварот: яны з гонарам кажуць пра тое, што іх дзеці могуць дазволіць сабе не працаваць. Хоць паступова наш менталітэт у гэтым пытанні ўсё ж рухаецца ў бок заходняга.

А яшчэ, як гэта ні дзіўна, у ангельцаў у параўнанні з намі нашмат ніжэйшая патрэба ў камфорце. Мы кажам: «Тут патрэбныя энергазберагальныя цёплыя вокны». Яны пытаюцца: «А навошта?» «Дык холадна ж!» — кажам мы. «А ты тэпці надзень!» — адказваюць. І так ва ўсім. Нашым неабходна паказаць новую машыну або дом, ім — не. Вядома, тут была доўгая гісторыя дабрабыту і назапашвання дабрабыту, і да ўсяго гэтага яны навучыліся ставіцца спакойна. Асноўны аргумент — і так добра! Чаравікі парваліся — і так добра! Тут лягчэй ставяцца да вонкавых атрыбутаў поспеху.

На наступны дзень з раніцы надвор’е як заказвалі — вецер, дождж, шторм. Яркімі птушачкамі на шэрым фоне мора мільгаюць серфінгісты-экстрэмалы. Будуць тануць — ніхто не ўратуе. Жыццё — яно таксама пад асабістую адказнасць. Прамокшы на беразе за 2 хвіліны, выпраўляемся на экскурсію ў офіс і краму кампаніі Permavent.

— Нашая крама не самая вялікая, кожны работнік загружаны працай. У Мінску для такой жа крамы спатрэбілася б у 5 разоў больш супрацоўнікаў. Вельмі шмат папяровай працы — накладныя, дамовы, пратаколы ўзгаднення цэнаў… Тут не, усё нашмат больш эфектыўна.

У офісе працуюць усе разам, без падзелу на аддзелы і рангі. У адным кабінеце працуюць Стывен — другі партнёр Цімафея — і Яна, спецыяліст па маркетынгу. Яны людзі творчыя, а таму паперамі завалена ўсё вакол. Цімафей смяецца і кажа, што стараецца сюды не заходзіць. Парадак — адзінае, чым адрозніваецца працоўнае месца самога Цімафея. Мінімум неабходных дакументаў, два маніторы, камеры з выявай са складаў і гандлёвай залы.


— Я першы пачаў працаваць на двух маніторах, гэта зручна. Хлопцы перанялі прыклад. А гэта маё зменная адзенне. У мяне да гэтага часу ёсць правы на кран, на пагрузчык… Я ж раней не мог сабе ўсіх гэтых людзей дазволіць. Так што магу рабіць тут усё.

Пачыналі хлопцы з будаўнічай плёнкі. Своечасова зразумелі, што з адным прадуктам на рынку не выжыць, і пашырылі асартымент. Ідзем паміж шэрагаў з будаўнічымі таварамі, раскладзенымі на стэлажах у ідэальным парадку: вось тавары з Германіі, з Паўднёвай Карэі, з Францыі, а гэта — мясцовае. Шмат робіцца пад уласным брэндам.

— Я гляджу і разумею, што некалі на ўсе гэтыя заводы ездзіў, дамаўляўся з людзьмі, а цяпер мы стараемся працаваць з тымі, хто лаяльны да нас, з тымі, хто плаціць. Самае важнае ў гэтай краіне — заплаціць. Калі ты плаціш у час, то маеш магчымасць купляць практычна па той жа цане, па якой купляе сетка з тысячы крамаў.

Проста насупраць Permavent — будаўнічая сеткавая крама, у 2 разы большая па плошчы. Яшчэ адна, роўная па памеры — праз 500 метраў. У іншай частцы горада ёсць яшчэ трэцяя — у 5 разоў большая. Канкурэнцыя шалёная. Сёння дождж — у краме наведнікаў менш, чым звычайна. 

Сэрвіс, наяўнасць і цана — тры кампаненты, якія, на нашую думку, у гэтым бізнесе самыя важныя. Мы не самыя танныя і ў нас не самы вялікі асартымент. Але 90% нашых кліентаў вяртаюцца. У сучаснай эканоміцы вырабіць можна ўсё што заўгодна, складаней прадаць.

Першапачаткова я не быў прадаўцом. Але тут гэтаму вельмі добра вучаць. Гэтая краіна займаецца гандлем 500 гадоў, а Беларусь — 10-15. Я калі прыязджаю ў Мінск і гляджу… поле неаранае. З усіх інструментаў прасоўвання тавару чамусьці часцей за ўсё пакідаюць толькі зніжкі. А ў бізнесе ёсць яшчэ 20 спосабаў змяніць працу ў лепшы бок, каб і пакупніку было прыемна, і ты зарабіў больш грошай.

Прадаць адзін раз прасцей за ўсё, мэта — каб да цябе пастаянна ішлі людзі. Да мяне тут прыходзіць чалавек, які ў краме насупраць пакінуў прыстойную суму. Навошта прыходзіць? Цану збіць. І я яму гатовы прадаць, але тады мае пастаянныя кліенты пакрыўдзяцца, пачнуць пытацца: а дзе ж твая лаяльнасць?

Я ведаю практычна ўсіх, хто прыходзіць у краму. Ведаю, навошта прыходзяць, якія яны жарты расказваюць і як ім адказваць. Яны ўсе добрыя людзі, розныя, і я ўсё больш іх разумею. Першапачаткова больш прыходзілі паглядзець на рускага, які ўсё гэта ведае. Па мінскіх мерках гэта сярэдні супермаркет, а па мерках мясцовых — вельмі вялікі бізнес. І мяне могуць тут не любіць, але паважліва ставяцца ўсе.

У ангельскім рэйтынгу «непрыстойных» пытанне «Колькі табе гадоў?» займае ганаровае 2-е месца. Адразу пасля традыцыйнага пра заробак. Цімафею 38. Атрымаўшы прэмію з рук ангельскай каралевы, пра ўзрост можна гаварыць без ілжывай сціпласці, як і пра дасягненні, за якую прэмія была ўручаная. 

— Мы са Стывенам вынайшлі пластыкавую падкладку пад сланец, якая дазваляе будаваць дах з меншым вуглом, выкарыстоўваючы менш матэрыялу і так, каб не працякала вада. Кут кладкі памяншаецца з 22 да 12 градусаў.

Ангельскі рынак сам стварыў патрэбу ў такім вырабе. У многіх графствах сланец — традыцыйны матэрыял, які стагоддзямі выкарыстоўваецца для будаўніцтва дахаў. І вось калі да старой хаты трэба зрабіць прыбудову, а вышыня яе абмежаваная акном другога паверха, звяртаюцца да нас. Выкарыстоўваючы наш прадукт, замест аднаго з паловай паверха атрымліваюць два паўнавартасных, ды яшчэ і дах па плошчы робіцца меншым, а значыць таннейшым. Рашэнне, зручнае для ўсіх: канчатковы спажывец хоча наш прадукт, таму што атрымлівае патрэбны дах, дыстрыб’ютар зарабляе на нашым прадукце і таму зацікаўлены яго прадаваць. У выніку ўсе задаволеныя.

Самым складаным было не прыдумаць, а вывесці прадукт на рынак. Ты прыходзіш, а табе кажуць: «Не будзе гэта працаваць! Што ты мне расказваеш, я гэта раблю 30 гадоў!»

Бізнес у кожнай краіне розны. І калі ёсць магчымасць стасавацца ў розных краінах з рознымі людзьмі, якія займаюцца бізнесам, і яны больш-менш шчырыя з табой, можна шмат чаму навучыцца. Я калі прыязджаю ў Мінск, бачу шмат магчымасцяў для бізнесу, расказваю пра гэта. Проста я гэта недзе ўбачыў. Задача — гэтыя навыкі і вопыт прымяніць там, дзе няма канкурэнцыі. Тут у Англіі гэта і проста, і цяжка. З аднаго боку, тут ты заўсёды на жыццё заробіш. Можна адкрыць маленькую краму, працаваць па 2-3 чалавекі на будаўніцтве… Але вось стартануть з дробнага бізнесу ў буйны — мегацяжка. Гэта закон: чым лепшыя ўмовы для бізнесу, тым складаней зарабіць.

Важна разумець, хто такі бізнесмен: прадпрымальнік або менеджар?

— Кожны павінен займацца сваёй справай. Я хутчэй прадпрымальнік. Мне падабацца нешта прыдумляць, адкрываць новыя магчымасці, выкарыстоўваць іх… Менеджар — гэта той, хто гэтым бізнесам потым кіруе. Мне, вядома, падабаецца быць уцягнутым, але я не гатовы кожны дзень займацца кіраваннем. У гэтым плане чым больш паспяховы бізнес, тым менш цікава ім займацца. Таму цікавасць да супермаркета ў мяне ўжо крыху патухла: усім, каму можам, мы ўжо прадаем, у нас ёсць штогадовы прырост, адкрываць яшчэ адзін я не хачу.

Цяпер у Цімафея Ерамеева некалькі паралельных праектаў. Самы вялікі і перспектыўны — рытэйл. На беларускі рынак доўгі час не даходзілі вядомыя маркі адзення, прадукты харчавання… Гэта ён з кампаньёнамі прывёз у Мінск NEXT. Цяпер у іх яшчэ некалькі брэндаў у партфелі — жаночая бялізна (Hunkemoller), модныя строі. Усе мас-маркет. 

— Гэты напрамак мы лічым найбольш перспектыўным, нягледзячы на статыстычныя дадзеныя па заробках і перспектывах. Людзі будуць купляць вопратку заўсёды, ды і Мінск робіцца турыстычным напрамкам для расійцаў, а мы можам прапанаваць тыя ж тавары танней. Мяркую, што, працуючы з такім брэндам, як Next, у якога 300 дызайнераў і які купляе прадукцыю на 5 млрд даляраў у год, мы знойдзем сваё месца на беларускім рынку.

Маёй задачай была рэалізацыя праекта і вядзенне перамоваў з ангельскім бокам. Наогул было каля 20 кампаній, зацікаўленых у марцы Next, а ў Hunkemoller наогул кожны дзень прыходзіць 50 запытаў аб супрацоўніцтве. У нас атрымалася знайсці правільныя словы, расказаць пра свой вопыт, расказаць, што мы ўжо працавалі ў рытэйле на гэтай тэрыторыі і ёсць разуменне, як развіваць новы брэнд, што бізнес-працэсы ўнутры кампаніі будуюцца па такіх і такіх прынцыпах, што мы дамо вам гэта, гэта і гэта, а ад вас будзем чакаць гэтага і вось гэтага… і ўсё разам прывяло да таго, што яны сказалі: «Добра, давайце палічым!» Гэта ўсё вялікія лічбы і вельмі доўгатэрміновыя ўкладанні. Пару гадоў таму рытэйл у Беларусі ў заходнім разуменні наогул не існаваў. Толькі нядаўна на рынку пачалі складвацца ўмовы, якія стымулююць інвестараў укладваць у буйныя рознічныя праекты. Прыход міжнародных брэндаў якасна змяняе падыход да рытэйлу: патрэбен новы менеджмент з новымі тэхналогіямі, што ў сваю чаргу вядзе да стабілізацыі цэн, а ад гэтага выйграюць у выніку і спажывец, і рытэйлер. Слабыя ж кампаніі будуць вымушаныя сысці з рынку.

Аб паспяховасці і яе крытэрах

 

— Ну, няўдачнікам я сябе сапраўды не лічу! Думаю, я вельмі паспяховы ў тым, што вакол мяне сабралася каманда людзей, з якімі цікава працаваць. А з нагоды фінансавых паказчыкаў…

— То бок гэта ўсё ж такі вызначальны крытэр?

— Так. Вядома, заўсёды хочацца больш. Толькі апошнія некалькі гадоў мы трошкі ўздыхнулі. Да гэтага развівалі бізнес, пастаянна ўкладваючыся. Цяпер зноў з’явілася гэтае пачуццё — занепакоенасць… Ад таго, што гадамі працуеш з мінімальнай рэнтабельнасцю або нават у мінус. Першы, другі, трэці год… толькі потым выходзіш у нуль. Мы гэта ўжо праходзілі, і я па-іншаму стаўлюся да ўсяго, прынамсі сплю спакойна.

Магчымасці — яны заўсёды ёсць. Нехта іх бачыць, нехта не, нехта бачыць па-іншаму. А вось мы бачым, што рытэйл у Беларусі — гэта цяпер магчымасць. Рынак адкрываецца адзін раз. І гэтай магчымасцю можна скарыстацца цяпер, і праз 5-10 гадоў бізнес можа быць у 10 разоў большы, чым цяперашні ангельскі.

Ангельскі бізнес мне цяпер прыносіць радасць. У нас ёсць месца на рынку, ёсць абароненасць патэнтаў, нават калі нехта вынайдзе нешта падобнае, заўсёды ёсць інертнасць рынку, за гэты час мы вынайдзем іншае. Ёсць прагназаваная будучыня. А значыць, на тое жыццё, ежу і на школу дзецям я зараблю. Гэта ўжо камфорт. Вось, сфармуляваў: паспяховасць — гэта калі ты перастаеш не спаць ноччу. І працаваць за 5 супрацоўнікаў як вавёрка ў коле. Тады існуе меншая магчымасць, што рашэнне будзе прынятае няправільна. Калі ёсць магчымасць пасядзець-падумаць, калі абставіны на цябе на ціснуць, не прымушаюць нешта рабіць проста цяпер. Можаш рабіць — можаш не. Часам дзеянне прыносіць больш шкоды, чым бяздзейнасць.

— Дзе цяпер дом?

— Доўгі час ён быў у Беларусі. Потым і там, але ўжо і трохі тут, у Англіі. Потым і там, і тут. Цяпер дом тут. Стары «дом» губляецца за 5 гадоў, новы набываецца за 20.

Ты хто?

— Я беларус. Але… Можа, гэта з’явілася з атрыманнем еўрапейскага пашпарта, адчуваю я сябе хутчэй еўрапейцам — па сваім бачанні нейкіх рэчаў, светапоглядзе, стаўленні да людзей. Я люблю Беларусь, і мне неабыякава тое, што там адбываецца. І таму стараюся, каб дзеці размаўлялі на роднай мове, а калі дачка пытаецца: «Тата, хто я?», я кажу, што яна і англічанка, і беларуска. Зразумела, што яны ўжо іншыя. І ўсё ж…

Мы шмат гадоў былі закрытыя ад свету. А тут жывуць па-іншаму. Лягчэй, больш адкрыта. Тут бізнесам займаліся стагоддзямі. У Беларусі ўсе думаюць зыходзячы з таго, што дазволена. Англічане і еўрапейцы — зыходзячы з таго, што не забаронена. І я ўжо так думаю. Прыязджаю ў Беларусь і кажу: «Хлопцы, давайце рабіць так!» — «Нельга так!» — «Чаму?» — «Ну вось калі так, то можа быць вось гэта, а калі вось так, то ніяк».

— А ты сам лёгка адаптаваўся?

— Не, мне вельмі цяжка прывыкаць да іншага менталітэту. Да немагчымасці максімальна дакладна выказаць сваю думку на чужой мове або зрабіць тое, што з лёгкасцю робіцца дома. Першыя два гады я наогул не хацеў гаварыць па-ангельску. Але цяжэй за ўсё тое, што сябры, блізкія па духу людзі засталіся ў Беларусі. Тут у нас доўгі час не было рускамоўных знаёмых, акрамя сяброў з Лондана. Але туды кожны дзень не наездзішся (да Уэймута 180 км).

— Ты ўвесь час у руху. А калі спыніцца і агледзецца?

— А навошта спыняцца? Я што, ужо нешта значнае зрабіў? Мне ўсё роўна трэба працаваць, і працаваць шмат. Бізнес — гэта такая рэч, дзе недастаткова зрабіць адзін раз добра. У Англіі кажуць: «You are only as good as your last sale» — «Ты добры роўна настолькі, наколькі ўдалая твая апошняя ўгода».

Ва ўмовах гэтай канкурэнцыі адзін раз спыніўся — і цябе ўжо няма. Але я пастаянна аналізую, што зроблена, як, ці варта працягваць… Стамляюся, вядома. Але стараюся аптымізаваць баланс працы і адпачынку. Цяпер толькі пачаў вучыцца планаваць адпачынак, уключаць у распарадак дня спорт.

Бізнес для мяне — гэта не толькі зараблянне грошай. Гэта магчымасць зносін з цікавымі людзьмі, падарожжы, пастаяннае адкрыванне новага, пастаяннае навучанне. Наогул, мая праца — гэта навучанне або стажыроўка. Таму пакуль няма падставы спыняцца, няма на што глядзець, мемуары пісаць таксама рана.

Я ўжо казаў, што атрымліваю асалоду ад таго, што я такое. Паехаў у Сінгапур, правёў 2 дні ў працы, 3 за аглядам славутасцяў. Я б лепш 4 дні папрацаваў і 1 дзень паглядзеў. Мне дастаткова. Адзінае, чаго хацелася б, — больш часу бавіць з бацькамі, дзяцей вось хачу паставіць на лыжы…

Ну і пра шчасце

Мы ўсе сталеем і ўсе разумеем, што шчасце — гэта не мэта, а працэс. Па вялікім рахунку, не вельмі шмат для гэтага трэба: дом, сям’я, дах над галавой, камфорт нейкі, любімая справа, якая радуе і дае добры вынік.

Наогул, трэба жыць у гармоніі з сабой, а для гэтага трэба жыць па сродках. Я ведаю дастаткова людзей, якія добра зарабляюць — і ў іх усё дрэнна. На гэта не хапае, на тое не хапае. Параўнанне і зайздрасць да тых, у каго больш, — гэта тое, што псуе жыццё. Але я ніколі не зразумею і тых людзей, якія шчаслівыя без нічога. Для мяне выгоды цывілізацыі шмат значаць. Мы жывем адзін раз і жыць павінныя для сябе ў першую чаргу. Таму што будзем шчаслівыя мы — будуць шчаслівыя людзі вакол.

 

 

Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы кампаніі «Туссон»