«Я шпіён ужо няіснай краіны — Югаславіі»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, шпіянаж на карысць Югаславіі, чэшскія грошы, КДБ пасля курсаў беларускай мовы і іншае распавядае Аля — праграмістка.

IMG_2608.JPEG

Пра плакат. Плакат «Я шпіён з Югаславіі» саркастычна адзначае, што я, чалавек, які яго нясе, — шпіён ужо няіснай краіны — Югаславіі. Падчас выбарчай кампаніі дзейная ўлада адусюль даносіла, што альтэрнатыўныя кандыдаты не падтрымліваюцца сапраўднымі звычайнымі беларусамі, што іх дзеянні фінансуюцца ці то Расіяй, ці то Захадам. Калі пачалі праводзіцца акцыі пратэсту, напрыклад жаночыя акцыі ці нядзельныя маршы, пра ўдзельнікаў гэтых акцый  гаварылі, што яны ўсе праплачаныя Захадам, ці зноў Расіяй, ці яны наогул шпіёны і фінансуюцца з-за мяжы. Але на маю думку, гэта хлусня. На акцыі выходзілі беларусы, якія хочуць іншай долі для сваёй краіны. Сапраўдныя, шчырыя, смелыя, вясёлыя. Яны выходзяць не за «польскія злотыя» ці якія даляры. Я хацела сказаць, што праўладныя словы — хлусня і недарэчнасць, што на мітынгах столькі ж шпіёнаў Чэхіі, колькі шпіёнаў Югаславіі, няіснай краіны. Гэты плакат для маіх знаёмых і родных, якія могуць верыць прапагандзе, бо, відавочна, я не магу быць такім шпіёнам. Таксама плакат накіраваны на маіх аднадумцаў, я хацела пасмяяцца з прапаганды разам з імі. І наогул, на усіх людзей, якія яго ўбачаць, каб яны таксама зразумелі, што словы прапаганды маюць столькі ж праўды, колькі й мой плакат, успрыняты ў прамым сэнсе.

Як становяцца шпіёнамі Чэхаславакіі і Югаславіі. Чытала гісторыі затрымання людзей з дзявятага па адзінаццатага жніўня, і шмат хто казаў, што сілавікі спрабавалі даведацца, з якой краіны пратэстоўцам прыходзяць грошы. Шчыра кажучы, больш за ўсё мяне ўразіла гісторыя, калі, здаецца, АМАПавец спытаў у злоўленага ім чалавека, ці не шпіён Чэхаславакіі гэты чалавек. Ды Чэхаславакія — такая ж няісная краіна, як Югаславія, пра якую мой плакат.

Суцэльны беларускі абсурд. Адной з самых абсурдных сітуацый для мяне было тое, што да маёй сяброўкі — на той момант школьніцы — пасля наведвання курсаў беларускай мовы прыходзілі пагутарыць з КДБ. Мабыць, бяспека Беларусі пахіснулася ад наведвання дзевяцікласніцай курсаў роднай мовы. Абсурдна тое, што ў 2008 годзе на канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкі» ў выканкаме раздавалі бясплатныя білеты для супрацоўнікаў, а потым проста ўзялі і забаранілі іх канцэрты на шмат гадоў. Абсурдна тое, што на пасады дырэктараў любых прадпрыемстваў ставяць былых БРСМаўцаў, якія абсалютна не разумеюць у галіне, дзе працуе само прадпрыемства.

Абсурдна, што ў маім родным горадзе за шмат гадоў адкрылі некалькі новых будынкаў для міліцыі, суда, а для бальніцы — толькі адзін будынак нядаўна. Абсурдна, што на рамонт гарадскога дома культуры дзесяцігоддзямі шукаюць грошы і не могуць знайсці, а вось КДБ, якое стаіць побач, стабільна раз на год перафарбоўваюць. Абсурдна, што наш нібы кіраўнік дзяржавы раз на некалькі месяцаў называе суседнюю краіну то ворагам, то сябрам і ніяк не можа вызначыцца.

Абсурдна, што злоўленых на карупцыі чыноўнікаў адпраўляюць на іншую пасаду, а маленькія бізнесы могуць закрыць, аштрафаваць і кашмарыць толькі за тое, што яны адзін дзень не працавалі. І, вядома, класічным абсурдам з’яўляецца тое, што тыя ж людзі, якія выхваляюцца, што іх дзеці з'ехалі ў Еўропу вучыцца (або тыя, што пытаюцца ў мяне, калі я сама нарэшце з’еду), галасуюць за захаванне “прыўкраснай беларускай стабільнасці”.

Пра ўдзел у акцыях. Я вырашыла ўдзельнічаць у акцыі таму, што гэта мой унёсак у будучыню сваёй краіны. Таму што я здаровы дарослы чалавек, які можа адказваць за сваё жыццё. Таму што я не хацела б аднойчы сказаць сваім дзецям, што сядзела дома, а не стварала сваімі нагамі і рукамі гісторыю. Таму што я хачу, каб Беларусь была цудоўнай краінай насамрэч, а не толькі ў маіх марах.

Кірыл Стаселька, budzma.org