Алена Галамазава з камандай прыдумала добрую ідэю для сацыяльнага прадпрымальніцтва: рабіць хутказавараныя ўзвары з садавіны бабуляў, што звычайна стаяць са сваімі яблыкамі ля метро, рызыкуючы атрымаць штраф за незаконны гандаль.
То бок праект вырашае дзве задачы — палегчыць жыццё пенсіянерам і вярнуць людзей да здаровага вітамінізаванага напою, ад якога мы ўжо паспелі адвыкнуць праз сокі і газіроўку.
Але ці лёгка ажыццявіць такую ідэю на практыцы?
Для старту праекта, паводле падлікаў аўтараў, неабходна не менш за 7000 рублёў. Асноўныя выдаткі — гэта сертыфікацыя прадукцыі і арэнда памяшкання.
— Мы доўга эксперыментавалі з рэцэптамі кампоту, каб ён быў і смачным, і хутка заварваўся, — распавядае Алена. — Выпадкова я паспрабавала кававую ягаду каскара, і гэта дапамагло нам выпрацаваць уласны арыгінальны рэцэпт: яблычны або грушавы кампот з кававай ноткай. Завараная каскара ўтрымлівае значна менш кафеіну, чым, напрыклад, фільтраваная кава, а на смак нагадвае шыпшыннік, парэчку і манга. Ужо гатовыя пробнікі і распрацаваная ўпакоўка са слоганам “Падбадзёрлівы кампот для цёплых сустрэч”.
Бізнес-мадэль праекта такая: закупляць у пенсіянераў ужо сушаную і рэзаную садавіну, змешваць яе і пакаваць.
— Прасоўваць плануем спачатку праз сацсеткі, каб выпрабаваць рынак, — удакладняе Алена. — Мы разглядалі варыянт з аўтсорсінгам па расфасоўцы кампотных сумесяў. Але гэта патрабуе адразу вялікіх аб’ёмаў і сродкаў. Таму пачнём з пробных дробных партый — каля 800 упаковак на месяц. Для гэтага неабходна сертыфікаваць гатовы прадукт і тэхналагічны працэс. Сертыфікацыя каштуе каля 1700 долараў на кожны гатовы прадукт. У нас два варыянты кампоту — з грушай і яблыкам, адпаведна, трэба два сертыфікаты. Таксама спатрэбяцца сродкі на арэнду памяшкання, дзе мы будзем сартаваць і пакаваць сумесі. Пры такіх укладаннях, паводле нашых падлікаў, праект можа выйсці на самаакупнасць праз 1,2 года.
Што да сыравіны, то тут праблем няма. У аўтараў “падбадзёрлівага кампоту” ўжо ёсць база пастаўшчыкоў, якую яны напрацавалі за два гады.
— Нашых бабуляў мы знаходзілі ля метро, у пераходах, таксама ездзілі па сельсаветах. А калі расказалі пра свой праект па радыё, бабулі пачалі знаходзіць нас самі, — распавядае Алена.
А як наконт аналагаў такога прадукту на рынку?
— Кампотныя сумесі сёння прадаюцца на вагу ў супермаркетах, а таксама ёсць фасаваныя наборы ў экакрамах, — тлумачыць Алена Галамазава. — Але мы зрабілі стаўку на хуткае прыгатаванне — наш узвар настойваецца ўсяго 20 хвілін, — на незвычайны смак і на “садавіну ад бабулі”. Прыкладны кошт — 6 рублёў за 50 грамаў. З такой упакоўкі атрымліваецца 2 літры кампоту.
Аўтары праекта адкрытыя для партнёрства і гатовыя прыняць у каманду тых, каму спадабалася гэтая ідэя.
Ганна Кручкова
Фота Зарыны Кандрацьевай
Праект “Бабулін часнок” стаў пераможцам курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарам гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусэль (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (падрабязней глядзіце на biz4all.eu).