Ці выбіраў Ягайла між Масквой і Кракавам?

Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.


Alieś Kraŭcevič

Чаму Ягайла прыняў каталіцтва? Чаму князь не заключыў саюз з Масковіяй? Навошта падобны саюз быў патрэбен Альгерду? Якім чынам княгіня Ульяна — маці Ягайлы — уплывала на міжнародныя зносіны між ВКЛ і Масковіяй? Гісторык Алесь Краўцэвіч шукае ў мінулым адказы на гэтыя пытанні.


Вялікі князь Ягайла 15 лютага 1386 г. быў ахрышчаны ў каталіцтва ў Кракаве, праз тры дні 18 лютага узяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, а 5 сакавіка быў каранаваны на Польскае каралеўства. Ālea iacta est! (лац. жэрабя кінута) — выбар быў зроблены.

Аднак у гістарыяграфіі XX ст. распаўсюдзілася версія пра альтэрнатыву польскаму (і еўрапейскаму выбару Ягайлы), менавіта, праект яго шлюбу з дачкой маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча (г.зв. Данскога) і ўвядзенне афіцыйнай рэлігіяй праваслаўя па ўсёй краіне, якая і так амаль на 90% была праваслаўнай.

Аўтэнтычных дакументаў пра той г.зв. праваслаўны праект Ягайлы не захавалася, у маскоўскім архіве застаўся толькі іх вопіс, зроблены дзякамі Пасольскага прыказу ў XVII ст., дакладней, у 1326 г., з кароткім пераказам зместу.

Першым пра гэты вопіс напісаў у 1948 г. расейскі гісторык Леў Чарапнін і датаваў іх з’яўленне 1384 г. (якраз у тым годзе пачаліся першыя неафіцыйныя перамовы палякаў з Ягайлам наконт шлюбу з Ядвігай). Вымалёўваўся такі драматычны сюжэт, як у мастацкай літаратуры ці фільме — сядзіць Ягайла, сам ці з бліжэйшымі дарадцамі, і думу думае, куды пайсці, куды павесці краіну — на Захад ці на Усход? Шмат хто з гісторыкаў прыняў гэтую дату, але дэталёвы аналіз вопісу XVII ст., праведзены беларускім гісторыкам Алегам Ліцкевічам, пераконвае, што перамовы з маскоўскім князем пра шлюб дзяцей былі праведзеныя на 8 гадоў раней, іх пачаў яшчэ вялікі князь Альгерд незадоўга да смерці ў 1376 ці ў 1377 г. Потым перамовы працягнула яго ўдава Улляна.

Хоць архіўны вопіс з XVII ст. не падае датыроўку названых дакументаў, аднак пераказвае іх у храналагічнай паслядоўнасці, што дае магчымасць вызначыць іх паслядоўнасць — адносную храналогію.

Альгерд выслаў у Маскву пасольства, верагодна, з удзелам патэнцыйнага жаніха. Бо ў вопісе згадваецца дамова («докончание») Ягайлы з Дзмітрыем Іванавічам (Ягайла ў ёй не тытулуецца вялікім князем, пэўна таму, што яшчэ ім не быў) і адразу за ёй апісваецца пасланне («грамота») «от великого князя Дмитрея Ивановича и от князя Володимера Ондреевича (серпухаўскі князь, зяць Альгерда) к свату их к великому князю Ольгерду и к великому князю Кестутью, не все сполна, иные листы выдраны», — так у вопісе. Ужыванне слова «сват» сведчыць пра прынамсі дамоўленасць аб шлюбе дзяцей. Далей згадваецца дамова, заключаная пасольствам Альгерда з мітрапалітам Алексіем, таксама без пераказу зместу, яна, па ўсёй верагоднасці, датычылася праваслаўнай царквы ў ВКЛ.

Наступным па чарзе вопіс пераказвае дамову вялікай княгіні літоўскай Ульяны з Дзмітрыем Іванавічам (Альгерд ужо быў нежывы) наконт шлюбу Ягайлы з дачкой маскавіта, пры гэтым Ягайла ўжо тытулуецца вялікім князем. Вопіс падае, цытую: «да тут же грамота великого князя Дмитрея Ивановича и великие княини Ульяны Ольгердовы доконьчанье о женитве великого князя Ягайла Ольгердовича, женитися ему у великого князя Дмитрея Ивановича на дочери, а великому князю Дмитрею Ивановичю дочь свою за него дати, а ему, великому князю Ягайлу, быти в их воле и креститися в православную веру и крестьянство свое объявити во все люди».

Актыўнасць вялікай княгіні-ўдавы не дзівіць, бо па-першае, сама яна была праваслаўнай цверскай княжной; па-другое, пры Ягайле мела высокую пазіцыю, акрамя маскоўскага князя, з ёй вёў дыпламатычную перапіску хохмайстар Тэўтонскага ордэна. Яна ўдзельнічала ў міжнародных дамовах Ягайлы, і той неаднакроць згадваў пра «нарады з нашай дарагой маці вялікай княгіняй Уллянай».

Далейшыя перамовы былі перарваныя, бо ў выніку канфлікту з Ягайлам Літву зімой з 1377 на 1378 г. пакінуў князь Андрэй Альгердавіч Полацкі, а маскоўскі князь яго ласкава сустрэў і прыняў на службу.

Да наступнай дамовы Ягайлы з Дзмітрыем справа дайшла ў 1384 г. У ёй няма згадкі пра Кейстута і Вітаўта, а пры Ягайле выступаюць давераныя браты Скіргайла і Карыбут. Вітаўт быў у Ордэне і адтуль атакаваў уладанні Ягайлы пры актыўным удзеле крыжакоў. Дамова з Масквой была патрэбная Ягайлу для спакою на ўсходняй мяжы, каб сканцэнтраваць сілы на Захадзе.