Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Хто зрабіў першы крок да замірэння з ордэнам? На якіх умовах быў заключаны мір? Навошта Ягайла ўступае ў патаемны саюз з даўнімі ворагамі супраць Кейстута? Што гэта было — акт дзяржаўнай здрады або хітрасць? Адказы на пытанні дае гісторык Алесь Краўцэвіч.
Крыжацкае пасольства 29 верасня 1379 г. падпісала дзесяцігадовы мір з Літвой, які датычыў уладанняў Кейстута і памежных з імі ордэнскіх земляў. Далей пачалося самае цікавае — пасольства паехала з Трокаў разам з Ягайлам у Вільню, дзе, увага, як запісаў ордэнскі храніст, тры дні і тры ночы «абмяркоўвалі з каралём Ягайлам сакрэты». У тым жа запісе храніст Віганд з Марбурга сцвярджае, што менавіта Ягайла першы выслаў паслоў да хохмайстра, каб дамовіцца супраць Кейстута.
Далей болей. 27 лютага 1380 г. Ягайла заключыў перамір’е з Лівонскім ордэнам на два з паловай месяцы да 13 траўня, у тэксце якога відна выразная скіраванасць супраць Кейстута. Замірэнне датычылася земляў Ягайлы і Полаччыны, а з другога боку — Лівоніі і Куроніі. Але па тэксту: «З гэтага міру і перамір’я кароль Кейстут, і ягоныя людзі, і ягоная зямля, і тыя людзі з Жамойці цалкам павінны быць выключаны, так што ніякага міру і перамір’я паміж названым каралём Кейстутам і тымі людзьмі з Жамойці не жадаем захоўваць».
І нарэшце кульмінацыя інтрыгі супраць Кейстута — патаемная дамова Ягайлы з Ордэнам, заключаная 31 траўня 1380 г. пад прыкрыццём дыпламатычнай сустрэчы — палявання ў лесе пад Давыдзішкамі (Даўдзішкамі, гэта ў міжрэччы Лепоны і Раўсве).
Крыжацкі храніст Віганд запісаў, што Ягайла праз паслоў запрасіў гросмайстра Вінрыха Кніпродэ на паляванне ў Давыдзішках. Той адправіў пасольства ў складзе высокіх ордэнскіх чыноў: вялікага комтура (Рудзігер фон Эльнер), вялікага шпітальніка, эльблонгскага комтура (Ульрык Фрыке) і тчэўскага войта (граф фон Лёйхтэнберг). З Ягайлам прыбылі князі Вітаўт і Іван (магчыма, Скіргайла па праваслаўнаму імю) і баярын Вайдыла. Пяць дзён палявалі, паралельна дамаўляліся: «Да абеду палявалі, пасля абеду займаліся перамовамі і стаў мір паміж каралём і ордэнам і на пяты дзень ўсе раз’ехаліся з таго месца».
З тэксту дамовы адназначна вынікае яе скіраванасць супраць Кейстута. Ягайла гарантаваў мір без тэрміну дзеяння абодвум ордэнскім філіям. Абяцаў не ўмешвацца, калі крыжакі нападуць на ўладанні Кейстута і яго сыноў. Мір не лічыўся парушаным, калі б Ягайла прыбыў на дапамогу дзядзьку, абы толькі не браў актыўны ўдзел у баях. Калі ж выпадкова дойдзе да сутычак паміж людзьмі Ягайлы і крыжакамі, то палонных вяртаць без выкупа, але так, каб Кейстут лічыў, што выкуп заплочаны.
Тэкст дамовы і інфармацыя пра яе ў хроніцы Віганда адназначна сведчаць на карысць традыцыйнага погляду ў гістарыяграфіі, сфармаванага яшчэ ў 19 ст., пра «акт здрады Ягайлы» (выраз Станіслава Смолькі). Пра здраду пісалі іншыя тагачасныя польскія гісторыкі: Антоні Прахаска, Казімір Стадніцкі. Аднак у пазнейшай польскай навуковай літаратуры, у тым ліку сучаснай, выказваюцца іншыя ацэнкі, якія абапіраюцца не на сведчанні крыніц, а на своеасаблівай інтэрпрэтацыі намераў і задумаў Ягайлы, якія ў заснавальніка вялікай дынастыі Ягелонаў, натуральна, не маглі быць нешляхетнымі.
Так, напрыклад, Людвік Калянкоўскі напісаў, што Ягайла дзейнічаў на апераджэнне, каб не быць скінутым Кейстутам. Паводле гэтага гісторыка, дамова ў Троках 27 верасня 1379 г. частка падрыхтоўкі Кейстута да звяржэння Ягайлы (хоць той яе першы і падпісаў). Аднак Ягайла, папярэджаны за пасярэдніцтвам маці, не даў сябе падмануць і сам абхітрыў дзядзьку.
Сучасны гісторык Яраслаў Нікодэм прапанаваў інтэпрэтаваць дамову 25 траўня 1380 г. як сумесную Ягайлы і Кейстута задуму перахітрыць Ордэн: «Усё было папярэдне ўзгоднена і пралічана гаспадаром і троцкім князем і разлічана, каб абхітрыць ордэнскіх дыпламатаў». Доказ гэтаму гісторык бачыць ў прысутнасці ў Давыдзішках Вітаўта, маўляў, той не быў такі наіўны, каб не заўважыць таемных перамоваў. Дзеянні ж Ягайлы нібыта засведчылі яго дальнабачнасць — ён не трымаўся старых схемаў у палітыцы і шукаў новыя.
Галоўная праблема ў апалагетаў Ягайлы ў тым, што іх высновы — толькі версіі — інтэрпрэтацыі намераў без апоры на крыніцы, якія адназначна сведчаць (прычым крыніцы рознага паходжання як наратыўныя так і актавыя) пра Ягайлу, як ініцыятара інтрыгі супраць роднага дзядзькі з мэтай здабыцця аднаасобнай улады ў дзяржаве.