Нягледзячы на статус цэнтральнай, сённяшнюю Кастрычніцкую плошчу сталіцы па мерках еўрапейскіх гарадоў нават зараз можна лічыць адносна маладой. Яна фактычна стваралася з нуля пасля Вялікай Айчыннай вайны. Цяперашні праспект Незалежнасці, а тады — вуліца Савецкая — ляжаў у руінах, і архітэктарам прадставілася магчымасць эксперыментаваць, піша «Звязда».
У жніўні 1944-га, праз месяц пасля вызвалення, аднаўляць Мінск з Масквы прыехала цэлая каманда, у тым ліку і Аляксей Шчусеў — аўтар маўзалея і гасцініцы «Масква». Быў у гэтай групе і Іосіф Лангбард, які фарміраваў новае аблічча беларускай сталіцы ў 1930-я.
Па эскізе калектыва архітэктараў быў распрацаваны генеральны план горада. Але цэнтральнае ядро вакол будучай галоўнай плошчы горада доўга заставалася няўзгодненым. Нават арганізавалі конкурс з задачай вызначыць габарыты плошчы і архітэктурны ансамбль. Калі ў 1948 годзе поўным ходам ішла забудова першага адрэзка праспекта, быў праведзены другі конкурс, але ўжо ў вызначаных межах.
Свабода творчасці цяпер абмяжоўвалася ідэалагічным запытам на стварэнне ўзорнапаказальнага сацыялістычнага горада.
Вакол Цэнтральнай плошчы планавалася засяродзіць ключавыя ўрадавыя будынкі, дапоўніўшы ацалелы ў вайне Дом Чырвонай арміі (цяпер — Дом афіцэраў) і гмаха Цэнтральнага камітэта КП(б)Б (цяпер — Адміністрацыі прэзідэнта).
Таму рэальнасць аказалася іншай. З запланаваных архітэктарамі цэлага комплексу аб’ектаў нічога пабудавана не было. Затое ўвосень 1952 года тут не забыліся паставіць помнік Сталіну. Гэта адбылося незадоўга да яго смерці. Адпаведна, прастаяў ён адносна нядоўга, 9 гадоў, і быў знесены ў перыяд «адлігі» і развянчання культу асобы.
На пустым месцы неўзабаве разбілі мінімалістычныя газоны з кустамі. І ў 1950-я разбавілі пустку Палацам прафсаюзаў архітэктара Яршова, які галоўным фасадам звернуты да самай плошчы. Будынак пабудаваны ў духу антычных узораў па тыпе старажытнарымскага храма, што вылучае яго ў цэласным ансамблі праспекта Незалежнасці. Адной з унікальных асаблівасцей палаца з’яўляецца арыгінальная скульптурная кампазіцыя ў арачным праёме галоўнага ўваходу. Яна сімвалізуе адзінства працы, навукі і творчасці. Дарэчы, алегарычныя фігуры зроблены масцітымі аўтарамі, удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, народнымі мастакамі БССР Аляксеем Глебавым, Сяргеем Селіханавым, а таксама вядомым беларускім скульптарам Віктарам Паповым, якія працавалі ў галіне станковай і манументальнай скульптуры. Мала каму вядома, што ў персанажаў скульптурных вобразаў (дзяўчына са скрыпкай, хлопчык з глобусам, рабочы, сялянка, спартсменка і інтэлігент) існуюць сапраўдныя прататыпы. Лічыцца, што інтэлігент — гэта фігура самога Уладзіміра Яршова. Сярод іншых мадэляў — і прымадонна беларускай опернай сцэны Ларыса Александроўская.
У свой час Палац танцаваў Лі Харві Освальд. У лістападзе 1963 годзе 24-гадовы работнік склада школьных падручнікаў Лі Харві Освальд, паводле афіцыйнай версіі, учыніў забойства прэзідэнта Амерыкі Дж. Ф. Кэнэдзі ў горадзе Далас, штат Тэхас. Да гэтай падзеі Освальд 2,5 гады жыў у Мінску. Тут жа ён ажаніўся, і тут жа ў яго нарадзілася яго першае дзіця...
Але партыйныя ідэолагі не бачылі ў цэнтры горада месца для адпачынку. Тут павінна было панаваць іншае. Маштабная адкрытая прастора патрабавалася для пафасных савецкіх дэманстрацый. Для гэтага насупраць збудавалі ўрадавую трыбуну. А ўжо ў 70я гады ўзнікла ідэя будаўніцтва Палаца Рэспублікі — яна належала кіраўніку кампартыі БССР таго часу Пятру Машэраву. Праектаванне пачалося яшчэ 1976-м. А будаўніцтва стартавала ў 1985-м. Але было прыпынена ў дзевяностыя з-за недахопу фінансавання. Доўгія гады значны кавалак цэнтральнай часткі Мінска хаваўся за бетоннай агароджай ці, як яе называлі, «Сцяной Цоя». Тут любіла тусавацца моладзь, у асноўным прыхільнікі творчасці гэтага паэта і выканаўцы. Але пра Палац усё ж не забыліся, і даўгабуд афіцыйна завяршылі ў 1997-м, хаця аздабленчыя работы працягваліся яшчэ чатыры гады.
У 1998-м «цэнтральнасці» Кастрычніцкай дадала ўстаноўка знака «Нулявы кіламетр». Дарэчы, некалі ў гэтым месцы праводзіліся кірмашы і стаяла «нулявая вярста» Мінскай губерні. Нулявы кіламетр у Мінску — гэта культавы знак. Нулявы кіламетр часта называюць пачаткам дарог Беларусі, ці Грынвіцкі мерыдыян краіны. Устаноўлены ён пасля чарговай рэканструкцыі плошчы. Цікава тое, што раней Нулявы кіламетр рэспублікі адлічваўся ад Галоўпаштамта.
Вонкава Нулявы кіламетр у Мінску ўяўляе сабой невялікую піраміду, на кожным баку якой размешчаны медальёны. На медальёнах намалявана карта дарог Беларусі і размешчана лацінскае выслоўе Via est vita — «Дарога — гэта жыццё». Каля падставы піраміды размешчаны пліты з указаннем адлегласці да ўсіх буйных гарадоў Беларусі і сталіц краін блізкага замежжа. Дарэчы, у многіх гарадах свету ёсць падобныя знакі: у Парыжы — каля Нотр-Дам, у Маскве — на Краснай плошчы, у Мадрыдзе, Бруге і многіх іншых. Аўтары не проста так вырашылі выканаць памятны знак у форме піраміды. Бо здаўна піраміда сімвалізуе вечнасць і мудрасць. А ў многіх старажытных цывілізацыях піраміда — сімвал сувязі зямнога і нябеснага, а таксама канцэнтрацыі касмічнай энергіі.
Асаблівую атмасферу плошчы надае старажытны Аляксандраўскі сквер.
Сквер быў закладзены ў пачатку XIX стагоддзя з рукі гарадскога галавы Леапольда Дэльпаца. Названы ў гонар Аляксандра Неўскага. Да 1929 года ў скверы знаходзілася аднайменная царква. Уваход у сквер быў платным.
Кампазіцыйным цэнтрам Аляксандраўскага сквера з’яўляецца фантан «Хлопчык з лебедзем». Аўтарства фантана прыпісваюць нават італьянцу Джавані Берніні, што хутчэй за ўсё, з’яўляецца мясцовай выдумкай.
Побач размяшчаецца Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — найстарэйшы тэатр Беларусі. Заснаваны ў 1890 годзе як Мінскі гарадскі тэатр, у 1920 годзе на яго базе створаны Беларускі дзяржаўны тэатр. Пасля пажару 1887 года, які знішчыў былы гарадскі тэатр Мінска, мінскі губернатар Мікалай Мікалаевіч Трубяцкой выступіў на пасяджэнні гарадской думы з ініцыятывай аб праекце новага будынка тэатра. Будынак тэатра быў пабудаваны ў 1890 годзе па праекце архітэктараў Канстанціна Увядзенскага і Караля Казлоўскага.
У канцы XVIII ст., калі тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, Мінск стаў цэнтрам новай праваслаўнай епархіі. Для епархіяльнага ведамства быў выдзелены ўчастак на Захар’еўскай вуліцы. На працягу ХІХ ст. тут вырас цэлы комплекс будынкаў, якія атрымалі назву Архіерэйскі падворак. У яго ўваходзілі рэзідэнцыя епіскапа, духоўная кансісторыя, царква, будынак музея і флігелі.
У савецкія часы амаль усе гэтыя збудаванні былі разбураны, на месцы царквы ўзвялі Дом афіцэраў. Адзіны будынак, які захаваўся, — гэта Духоўная кансісторыя. Тут вырашаліся справы аб здачы царкоўных манастырскіх зямель у арэнду, аб надзяленні духавенства зямлёй, аб змене веравызнання, аб скасаванні шлюбаў, аб спрэчках паміж духавенствам і інш. Доўгі час у адрэстаўраваным будынку знаходзіўся Інстытут тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія.