Каляды і Новы год па традыцыі — сямейныя святы, якія хочацца правесці ва ўтульнай атмасферы побач з блізкімі. Сёння, калі беларусы раскіданыя па свеце, гэта не заўсёды магчыма. Ды і ў тых, хто застаецца ў Беларусі, часцяком зусім не святочны настрой. Budzma.org паразмаўляла з беларусамі ды беларускамі пра тое, як яны праводзяць гэтыя дні і як ствараюць святочную атмасферу, нягледзячы на абставіны.
Паліна Дабравольская
акторка, музыка, рэжысёрка
Раство мы звычайна святкуем па-сямейнаму. Таксама ў нас ёсць традыцыя рабіць Тайнага Санту. Мы пішам, якія кошты можам сабе дазволіць, і потым размяркоўваем, хто каму будзе дарыць падарункі. У гэтым годзе мы святкавалі Раство разам з маёй жонкай, мамай, сястрой, братам і сябрам сям’і.
Новы год мы будзем адзначаць дома. У мяне ёсць сабака, якога прывезлі ў Польшчу валанцёры з Украіны. Яго выратавалі з зоны баявых дзеянняў, і ён баіцца гучных гукаў, у тым ліку фейверкаў. Таму ў Навагоднюю ноч мы зачынаяем усе вокны, каб ён не хваляваўся.
У гэтым годзе да нас прыйдуць сябры. Будзе невялікая кампанія, усяго чатыры чалавекі. Гэты незвычайнае, напэўна, святкаванне, але мы будзем глядзець канцэрт K-pop гурта.
Вядома, мы паставілі жывую яліку. Я таксама фанат розных ліхтарыкаў, лямп, якія ствараюць святочны настрой.
Алесь Лапко
Кіраўнік Беларускага Моладзевага Хаба
У нас рознабаковая сям’я. Я праваслаўны, а мая жонка — каталічка. Звычайна мы святкавалі каталіцкае Раство разам з яе сям’ёй у Беларусі. На жаль, цяпер мы не можам прыехаць да іх.
24-га снежня мы традыцыйна ходзім з сям’ей ў касцёл. Надвор’е не вельмі зімовае, але мы стараемся сварыць святочны настрой. Вось, паставілі ялінку дома. Для мяне пах мандарынаў і хвоі — неад’емная частка Раства. Таксама мы ўсталявалі прыгожую елку каля Хаба.
А пакуль што, у гэты пераднавагодні перыяд, мы падводзім выніку года, будуем планы на наступны год. За апошнія некалькі дзён і я правеў дома ўсяго некалькі гадзін, бо ездзіў у працоўныя камандзіроўкі. Шмат з кім трэба было сустрэцца, абмеркаваць планы на наступны год.
Таксама у Хабе зараз праводзяць святочныя мерапрыемствы. Напрыклад — канцэрт і калядная ялінка для дзяцей са Святым Мікалаем.
Я вельмі ўсцешаны, бо ў гэтым годзе большасць мерапрыемстваў былі падтрыманы самімі беларусамі ды беларускамі. Ёсць такая опцыя, калі ты можаш 1,5 адсоткі ад падаткаў перавесці на любое НДА. Больш за 100 тысяч злотых мы атрымалі дзякуючы гэтай праграмы. Гэтыя грошы пайшлі ў тым ліку на арганізацыю святочных мерапрыемстваў.
І гэта вельмі натхняе, што не Еўропа, не Амерыка, а мы самі можам сябе падтрымаць. Сапраўдны падарунак ад беларусаў.
Юлія Аляксеева, журналістка
На Раство да мяне змагла прыехаць мама. Я прыбрала хату, накупіла ежы. Мы прыгатавалі Калядны стол, а пасля глядзелі «Вечары на хутары бліз Дзіканькі» і «Два арэшкі». На свята на мяне таксама завіталі сябры.
Замест елкі ў гэтым годзе я набыла невялікі кіпарыс і запаліла свечкі каля яго. Таксама ў мяне ёсць цацка-гном, якую пад гэты кіпарыс паставіла. Вось так я сабе стварыла святочны настрой.
Уладзь Пісараў Каардынатар Беларускага Моладзевага Хаба
Яшчэ перад Калядамі мы правялі наш святочны кірмаш у Моладзевым Хабе. Мы вырашылі аб’яднаць розныя забавы ў адзін вялікі івэнт. Арганізавалі міні-маркет, дзе можна было купіць падарункі. Таксама ў нас прайшлі майстар-класы. Першы называўся «Музычнае кола», дзе людзі стваралі калядныя мелодыі.
Калядны кірмаш у Беларускім моладзевым хабе
Пасля ў нас праходзіў таксама майстар-клас па пляценню калядных вянкоў. Вянкі атрымаліся шыкоўныя, хвойны пах стаяў на ўсе памяшканне. Таксама на мерапрыемстве можна было навучыцца, як прыгожа запакаваць падарункі.
Майстар-клас па пляценню вянкоў у Беларускім моладзевым хабе
Пасля кірмашу ў нас быў стэндап з Тоні Дзюбайла і вечарынка з Папам Бо.Гэта была аддушына для нас, арганізатараў, калі мы змаглі адключыцца ад мітусні і адпачыць нарэшце. Я даўно хацеў правесці вечарыну, а тут умовы ідэальна падыходзяць для гэтага — прыватны дом, мы не перашкаджалі суседзям. Я лічу, што ў нас атрымалася стварыць сапраўднае свята для ўсіх.
Ксенія Галубовіч
рэжысёрка, журналістка
Перад Калядамі я ездзіла да сяброў у Познань. У іх маленькая дзіця, і мы ўсе разам упрыгожвалі елку. Я нават знайшла ёлачную цацку, якую я ім падаравала яшчэ ў Беларусі. Гэты было прыемна. Таксама я набыла маленькую ялінку да сабе ў кватэру, упрыгожыла пакой ліхтарыкамі.
Традыцыйна ў Беларусі Раство я святкавала з бацькамі: мама гатавала звычайна калядны стол. Але цяпер я ў Варшаве, таму правяла свята з сяброўкай і яе маці.
На Новы год я яшчэ нічога не планавала. Увогуле пасля пераезда ў Варшаву Раство для мяне стала галоўным Святам.
Чытайце яшчэ: Паляк Альберт Ежы Вяжбіцкі: «Размаўляю па-беларуску, каб мова не загінула»