У тэнісіста Максіма Мірнага ноччу сэрца спыняецца на час да 3 секунд: магчыма, так арганізм пераходзіць у зберагальны рэжым. Пісьменнік Віктар Марціновіч у юнацтве быў нервовым іпахондрыкам і сачыў за паказаннямі танометра. А бізнесмен-праграміст Юрый Зісер у дзяцінстве займаўся ёгай па машынапісных тэкстах і вярнуўся да гэтай практыкі ў 56 гадоў, каб аднавіць зношаны арганізм. Гэтую ўнікальную інфармацыю можна прачытаць на сайце Cardio.today. Тут зоркі разважаюць пра здароўе і свой «матор» — сэрца, каб прыцягнуць увагу да праблемы інфаркту. Аўтар праекта Дзмітрый Болашэў сам нядаўна перажыў інфаркт. І гэта так яго напалохала, што ён вырашыў папярэдзіць іншых.
Насамрэч Дзмітрый намацаў сістэмную праблему: пры тым, што ў Беларусі смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту — на першым месцы і з інфарктам міякарда ў нашы бальніцы штогод трапляе каля 16 тысяч чалавек, сістэмнай і даступнай інфармацыі пра прафілактыку і рэабілітацыю, пра паўнавартаснае жыццё пасля захворвання няма.
— Калі я выпісваўся з бальніцы, мне выдалі адзіны аркуш, дзе было напісана, што можна есці і чаго нельга. І сказалі, што астатняе можна знайсці ў інтэрнэце, — распавядае Дзмітрый Болашэў. — Але я выявіў, што ў інтэрнэце інфармацыя па тэме альбо шарлатанская, альбо вузкапрафесійная. Сярэдзіны не знайшоў. Таму і вырашыў стварыць гэты праект — інфармацыйны сайт, дзе простай мовай будзе расказвацца пра праблему інфарктаў у розных аспектах: самакантроль, фізкультура, псіхалогія, сэкс, харчаванне.
Вось, напрыклад, у сеціве хапае рэцэптаў для інфарктнікаў накшталт: «Бяром свежыну з цяляціны або тушку фарэлі і запякаем яе на вуглях». Выдатна, але пакажыце мне чалавека, які мае магчымасць штодня есці фарэль ці цяляціну. А мы пішам, як проста прыгатаваць хека і іншыя даступныя прадукты. Я на сабе гэтыя простыя рэцэпты апрабаваў і магу прапанаваць іншым.
Медыцына ў прыгожай упакоўцы
Дзмітрый — прамысловы дызайнер. Многія ведаюць яго па тэлепраекце «Мой бізнес», дзе ён перамог з trend.by, прапанаваўшы зручныя чахлы для аўтамабільных колаў і іншыя карысныя рэчы. Таму і да медыцынскай праблемы ён падышоў з пазіцыі дызайну.
— Мы плануем выдаць шэраг адукацыйных брашур па прынцыпах самакантролю, харчавання, фізічнай культуры. Гэта будзе сціслая і візуальна даступная інфармацыя, так бы мовіць, медыцына ў «прыгожай упакоўцы». Калі я кажу медыкам, што ў брашуры будзе напісана, як правільна вымяраць пульс або ціск, яны вельмі здзіўляюцца: няўжо чалавек можа гэтага не ведаць? Так, гэта базавыя рэчы, без якіх немагчымы нармальны самакантроль, але мала хто імі цікавіцца, пакуль не здарыцца крызіс.
На дадзены момант ужо гатовы макет першай брашуры. Наклад — 5000 асобнікаў — аўтар праекта плануе распаўсюджваць у бальніцах і паліклініках. Гэта не так лёгка. Каб надрукаваць тыраж, неабходныя спонсары, а значыць, рэкламны ўкладыш, што патрабуе ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя. Але ўсе гэта працоўныя моманты. Значная праблема ў іншым: 80% гэтай працы можа апынуцца ў сметніцы.
— Кардыёлагі нас вельмі падтрымліваюць, але папярэджваюць, што прынцып Парэта — 20/80 — дзейнічае і ў медыцыне: толькі 20% людзей прымуць нашу інфармацыю, а астатнія не звернуць на яе ўвагі, — тлумачыць Дзмітрый Болашэў. — Па доказы далёка хадзіць не трэба: мой сусед па палаце пасля рэанімацыі, як толькі змог хадзіць, пайшоў курыць. Відаць, недастаткова моцна спалохаўся, у адрозненне ад мяне.
Выязны медпункт
Таму ў Дзмітрыя саспеў план Б — «Здароўе ў кубе». Гэта выязны «медпункт» з доктарам і медсястрой, якія будуць прыязджаць на прадпрыемствы, у кампаніі і праводзіць першасныя абследаванні супрацоўнікаў: вымяраць ціск, узровень халестэрыну, цукру ў крыві, супастаўляць вагу і рост, даваць рэкамендацыі. Першымі, на кім апрабуюць гэтую мадэль, будуць праграмісты.
— Айцішнікі — група рызыкі. Гэта маладыя людзі, якія ўвесь дзень праводзяць за камп’ютарам, няправільна харчуюцца, не асабліва сочаць за здароўем, па дактарах не ходзяць. Таму трэба ісці да іх. За адзін такі выезд можна ахапіць прыкладна 50 чалавек.
Дарэчы, грошы на развіццё «Здароўя ў кубе» Дзмітрый выйграў у фінале конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.
Унікальная каманда
Дзмітрыю Болашэву ўдалося сабраць класную каманду: прафесійнага рэдактара, дактароў, журналістаў. Сярод аўтараў праекта, напрыклад, кардыёлаг вышэйшай катэгорыі Ірына Луцік, заснавальнік першага ў Беларусі Цэнтра парушэнняў рытму сэрца і непрытомных станаў Сяргей Маісеенка, псіхатэрапеўт Аляксандра Каляда.
Сёння на сайце размешчана ўжо больш за 200 артыкулаў. Праект працуе пры падтрымцы РНПЦ «Кардыялогія».
Але пакуль cardio.today не настолькі «раскручаны», як таго заслугоўвае. У сацсетках — каля 400 падпісчыкаў, некалькі сотняў наведванняў сайта ў дзень. Прыток чытачоў павялічваецца, калі з’яўляецца чарговае інтэрв’ю з зоркай, але нязначна.
— Мы разумеем, што трэба займацца SEO, але пакуль на гэта няма сродкаў, — удакладняе Дзмітрый.
Няма пакуль у праекта і буйных рэкламадаўцаў. Таму ўсё рухаецца не так хутка, як хацелася б. Для ўстойлівай працы неабходна 4-5 тысяч рублёў на месяц. Тады можна было б пашырыць выезды на прадпрыемствы, выдаваць больш брашур, запісаць адукацыйныя відэаролікі.
Сёння каманда падала заяўку на грант прадстаўніцтва ААН у Беларусі і Міністэрства аховы здароўя. Калі выйграюць, то выйдуць за межы Мінска — паедуць са «Здароўем у кубе» па айцішных кампаніях Мінскай і Гродзенскай вобласці і змогуць ахапіць прафілактыкай каля 3000 чалавек.
Калі вы жадаеце дапамагчы праекту, падрабязнасці тут.
Ганна КРУЧКОВА
ДАРЭЧЫ
З інтэрв’ю cardio.today з зоркамі
Трэнер Мікалай Мірны:
— Што вы далі сыну, усе ведаюць. А што ў яго адабралі, акрамя дзяцінства?
— Здароўе, гэта дакладна. Я першы буду пра гэта шкадаваць. Як толькі Максім заняўся спортам, я прывучыў яго да цярпення. І ён навучыўся працаваць да знямогі. Пры такіх неймаверных нагрузках арганізм зношваецца. Тое, што атлет набывае, значна меншае за тое, што ён страчвае.
Пісьменнік Віктар Марціновіч:
— Вам нядаўна стукнула сорак. Ці не турбуе боль у грудзях? Ведаеце, які ціск нармальны?
— Ну, 120 на 80. У юнацтве я быў тыповым нервовым іпахондрыкам накшталт Радзівона Раскольнікава. Хваляваўся пра сваё здароўе значна мацней, чым цяпер. У мяне быў танометр. Праз гады пачаў ставіцца да гэтага больш спакойна. Мой прадзед памёр так. Ён ішоў з адной вёскі ў іншую і, як Язэп Драздовіч, вядомы беларускі мастак, проста ўпаў і не ўстаў. Мой дзед ішоў з пункта А ў пункт Б, атрымаўшы першую пенсію, і таксама паваліўся. Магчыма, перажываў, што яму не трэба больш хадзіць на працу. І, мне здаецца, гэта смерць для сапраўднага мужчыны.
Бізнесмен, праграміст Юрый Зісер:
— Ці прытрымліваліся здаровых звычак ў вашай сям’і?
— Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі ў 1960-я — 1970-я, калі пра здаровы лад жыцця ніхто не думаў. Людзі былі занятыя выжываннем і елі тое, што маглі сабе дазволіць. Мая мама ўпершыню ў жыцці пакаштавала белы хлеб у 22 гады, купіўшы з першай зарплаты, дагэтуль уся сям’я ела толькі чорны, таму што ён быў на некалькі капеек таннейшы за белы. Праўда, бацька ў дзяцінстве са мной гуляў кожны вечар. Яшчэ я, калі быў малы, вельмі хварэў і з 11 гадоў займаўся ёгай па машынапісным тэксце… З 45 гадоў прымаў лекі ад гіпертаніі, якая пачала прагрэсаваць па меры набору вагі. «Паханінай» па 16 гадзін у суткі я давёў сябе да мяжы. Калі пакінуў пасаду генеральнага дырэктара, дык, нагнуўшыся, мог дацягнуцца рукамі толькі да каленяў! Цяпер, у 56, дзякуючы заняткам ёгай, зноў дацягваюся да пальцаў ног…
Фота экспертаў — з сайта cardio.today