29 сакавіка ў Любані (Мінская вобл.) і 12 красавіка ў Жыткавічах (Гомельская вобл.) адбудуцца чарговыя семінары цыклу “Паспяховае старэнне”, які ладзіцца з мэсіджам “Культура паляпшае жыццё” ў партнёрстве з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” з лютага 2014 года.
Што мы ведаем пра старасць? Ці трэба яе баяцца? Ці можа старасць успрымацца і пражывацца пазітыўна? Якія перспектывы чакаюць нас пасля выхаду на пенсію? Якія перспектывы ствараем мы самі? Адказы на гэтыя пытанні мы паспрабуем адшукаць разам на семінарах “Паспяховае старэнне”.

Канцэпцыя “паспяховага старэння” мае на мэце паказаць, як культура і інтэлект могуць перахітрыць цела. У сталым узросце чалавек перажывае шмат стратаў: пагаршаюцца зрок, слых, кагнітыўныя здольнасці і інш. Таму вельмі важна з аднаго боку вучыцца майстэрству жыць з уласнымі межамі, якія ставіць нам біялагічны лёс, а з іншага — актыўна ўдзельнічаць у фармаванні новага ўспрымання грамадствам старасці.
Семінар складаецца з дзвюх частак: падчас лекцыі-дыскусіі мы гаворым пра праблемы, звязаныя з працэсам старэння, і абмяркоўваем стратэгіі іх рэгулявання (выхад на пенсію, пагаршэнне фізічнага здароўя, інтэлектуальная працаздольнасць, змяненне перспектывы часу, змяненне сацыяльнага асяродку). Падчас практычнай дзейнасці засвойваем практыкаванні для трэніроўкі кагнітыўных здольнасцяў (памяць, канцэнтрацыя і інш.).
Першы семінар прайшоў 15 лютага ў вёсцы з прыгожай назвай Плюсы на Браслаўшчыне. Арганізатары шчыра ўдзячныя дырэктару школы Францу Леанідавічу Валяўку за грунтоўную дапамогу, а таксама ўсім удзельнікам за прыемную і сяброўскую атмасферу і за тое, што падзяліліся сваімі гісторыямі і перажываннямі.
Запрашаем на нашыя наступныя сустрэчы (29 сакавіка — Любань, 12 красавіка — Жыткавічы) усіх цікаўных! Вітаюцца не толькі прафесіяналы, чыя дзейнасць звязаная з праблемамі людзей сталага ўзросту, але і ўсе, для каго тэма семінара актуальная.
Валянціна Ракецкая