Грамніцы, або Стрэчанне. Свята, якое мае дахрысціянскае паходжанне і хрысціянскае тлумачэнне, укарэненае ў народным побыце: грамнічныя свечкі, Стрэчаньскія Дзяды і шэраг народных прыкмет.
Мова Гомель паразмаўляла з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч пра тое, што гэта за свята Грамніцы або Стрэчанне, і пра тое, чаму ў гэты дзень на Гомельшчыне ялінку ўпрыгожвалі.
Абрад гукання вясны на Грамніцы ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна
— Грамніцы, што гэта за свята? Ці правільна так сказаць, што гэта адно з тых святаў, якое бярэ свой пачатак яшчэ ў язычніцкія часы, але прыжылося таксама і ў хрысціянстве?
— Я фалькларыст, этнограф, антраполаг. Ва ўсіх маіх спецыялізацыях, патэнцыйных і рэальных, прынята працаваць ад наяўнага стану рэчаў. Таму мы «капаем» ад таго, што ёсць цяпер і далей углыб, а не наадварот, як робяць гісторыкі. Я гляджу на цяперашні стан традыцыйнай культуры, на запісы канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, і ўжо з гэтага можна рабіць нейкую рэканструкцыю. У кананічным хрысціянстве Грамніцы, Стрэчанне, гэта свята, якое адзначаецца 2 лютага ў католікаў і 15 лютага ў праваслаўных, і абазначае ўнясенне Ісуса Хрыста ў храм праз сорак дзён пасля яго нараджэння. Бацькі Ісуса, Марыя і Іосіф, у храме сустрэлі праведніка Сімяона, ад гэтай сустрэчы і Стрэчанне. Назва ж Грамніцы паходзіць ад Маткі Боскай Грамнічнай. Тут робіцца акцэнт на тое, што гэта было не толькі ўнясенне Ісуса ў Іерусалімскі храм (яўрэі ў той час павінны былі прыносіць першынца ў храм і ахвяраваць на храм, таму што першынцы былі абяцаныя Богу), але і робіцца акцэнт на ачышчэнні Дзевы Марыі пасля родаў. Жанчына пасля родаў лічылася «не чыстай», і толькі праз сорак дзён адбывалася яе вяртанне, увядзенне ў храм. Каталіцкія краіны вядомыя большым культам Дзевы Марыі, чым праваслаўныя, таму робіцца такі акцэнт.
Рэверс манеты “Стрэчанне” з рэльефнай выявай птушкі, якая ляціць над заснежанымі палямі, што сімвалізуе сустрэчу зімы і лета.
Ёсць яшчэ і народная этымалогія назвы свята і яго паходжання. Грамніцы ад грому. Існавала павер’е, што ад гэтага свята паварочваецца год на вясну і ўжо можна пачуць грымоты, могуць ісці дажджы з громам. І ёсць яшчэ версія дахрысціянскага паходжання свята ад імя бога Грымотніка, Перуна, што ў гэты дзень ён пачынаў ездзіць па небе і грымець. Калі ж казаць пра народную этымалогію слова
Стрэчанне, то ў народзе лічыцца, што «зіма з летам стрэчаецца». Ёсць і шэраг адпаведных песень:
Зіма з летам стракалася,
Пра здароўе пыталася:
— Здароў, зімачка з кастылькамі!
— Добрае здароўе, лецечка з кіенкамі.
Пайшла зімачка з кастылькамі,
Прышло лецечка з кіенкамі
(в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р.).
А ў нас сёння стрэчанне, стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася,
Лета зіму піхнула, піхнула
І ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы
(в. Замосце Талачынскага р.).
Або, напрыклад, такі сюжэт, калі Зіма пытаецца, чаму яе ніхто не любіць:
Зіма з летам сустратаецца,
Пра здаровейка пытаецца:
— Ой, чалом, чалом, да цёплае лецечка!
— Ой, здарова була, да халодная зімачка!
— Што цябе, лецейка, узвелічаюць,
Мяне, зімачку, праклінаюць?
— Бо ты, зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла,
Ой, я, лецечка, да вясёлае,
Лугі, горы ізмачыла,
Лугі, горы ўзвесяліла;
Ой, там хлопчыкі збіраюцца
Да на мёд, віно складаюцца;
Ой ты, Іваначка, кладзі больш за ўсіх,
Твая Ганначка лучш за ўсіх.
(в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р.).
То бок у карціне свету селяніна ў ранейшыя часы было фактычна два сезоны — лета і зіма, а мяжа паміж імі прыпадала акурат на Стрэчанне. Але ёсць і прымаўкі, што «Грамніцы — зіміцы палавіцы». Ці сканчаецца ўжо зіма, ці гэта яшчэ яе сярэдзіна, тут ужо як хто лічыць.
Грамнічная свечка як атрыбут на розныя выпадкі жыцця
— Калі казаць пра Грамніцы, то я помню нават з дзяцінства, што з гэтым святам вельмі моцна звязаныя свечкі, якія так і называюць грамнічнымі. Вядома, што свечкі маюць значэнне пры кожным хрысціянскім свяце, але падчас Стрэчання ім надаецца большая ўвага. Чаму так?
— Так, свечкі да гэтага свята асвячаюць. Грамнічныя свечкі звычайна даўжэйшыя і таўсцейшыя за звычайныя. Даследчыкі звязваюць гэта з культам агню, з тым жа богам Грымотнікам, Перуном, з нябесным агнём. Грамнічная свечка — гэта ўвасабленне жывога агню, яна выкарыстоўвалася ў розных абрадах і ў розных крытычных сітуацыях.
Грамнічная свечка
Калі, напрыклад, была навальніца, а людзі баяліся грымотаў, адчувалі сябе неабароненымі перад гэтай стыхіяй, то запальвалі грамнічную свечку і верылі, што гэты абярог адвядзе той жа ўдар маланкі ад хаты. Калі паміраў чалавек, то яму ў рукі ўкладалі грамнічную свечку, або калі ў жанчыны былі цяжкія роды, то таксама яе запальвалі. То бок ва ўсіх «памежных» сітуацыях, у абрадах пераходу, грамнічная свечка так ці іначай выкарыстоўвалася. Калі казаць пра вяселлі, гэта ўжо асаблівасць Гомельшчыны, то на вяселлі таксама маглі выкарыстоўваць грамнічныя свечкі. Бралі гэтую свечку і на першае ворыва, на зажынкі, на першы выпас жывёлы.
Гэта быў такі прыдатны ў гаспадарцы магічны атрыбут.
І што важна: грамнічную свечку нельга было пазычаць. Ёсць яшчэ такія звесткі, што калі свечка не спалілася за год, то яе спальвалі на Каляды, або наадварот захоўвалі, і даследчыкі падчас экспедыцый бачылі ў хатах цэлыя калекцыі такіх грамнічных свечак. Па-рознаму гэта магло быць.
Навошта на стрэчанне на гомельшчыне ялінку ўпрыгожвалі
— Са Стрэчаннем звязаны абрад, які быў пашыраны найбольш у Лельчыцкім раёне. Раскажыце, калі ласка, пра гэты абрад.
— Так, гэта гуканне вясны з упрыгожанай ялінкай, якая завецца «ёлкай», і гэта асаблівасць Гомельшчыны. Фактычна гэтае гуканне вясны магло прыпадаць на розныя святы, але ў некаторых вёсках пераважна Лельчыцкага раёна, а таксама ў Галубіцы Петрыкаўскага раёна і ў Баршчоўцы Добрушскага раёна (з таго, што ў мяне атрымалася знайсці), гуканне вясны з ёлкай адбывалася акурат на Грамніцы. Выглядала гэта так:
Абрад гукання вясны на Грамніцы ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна
Упрыгожаную ялінку бралі ў карагод, або залазілі з ёй на нейкае больш высокае месца, на страху нейкага гаспадарчага будынка, ці на стог з сенам, і там спявалі-гукалі вясну. Таксама маглі гэтую ўпрыгожаную ёлку ўтыркнуць у каравай, і тут мы бачым спалучэнне сусветнага дрэва, гэтай ялінкі, і дабрабыту, які сімвалізуе каравай.
У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна гэты абрад я назірала на ўласныя вочы, і там ён больш разгорнуты: збіраецца гурт, ёлку трымае звычайна маленькая дзяўчынка, якую хлопцы на санках вязуць да прыдарожнага крыжа. Па звестках старажылаў магла гэта быць і маладая жанчына, якая нядаўна выйшла замуж, або дзяўчына «на выданні». І ў пачатку абраду водзяць карагоды, і каля крыжа водзяць карагоды, а ёлку вешаюць на крыж, дзе яна цэлы год і вісіць, старую ёлку пры гэтым спальваюць. Што цікава, у Новым Палессі, дзе я гэта назірала ў 2018 годзе, акрамя арганізаванага гурта «Палескія напевы», стылю выканання якога нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, ёсць і супольнасць старэйшых жанчын, якія таксама ўпрыгожваюць сваю ёлку і вешаюць яе на крыж з самай раніцы або нават і з вечара, яшчэ перад «Палескімі напевамі». Праўда, у 2018 годзе яны акурат не змаглі сабрацца ў гэты час, і таму іх старая ёлка так і засталася вісець на крыжы, ніхто яе не зняў.
Абрад гукання вясны на Грамніцы ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна
Дарэчы, у Новым Палессі ёлку ўпрыгожвалі таксама на вяселле, у іншых вёсках Лельчыцкага раёна ўпрыгожаная ёлка фігуравала і на Масленіцу, а ў іншых раёнах нават на Юр’я. Можна сказаць, што гэты абрад гукання вясны маглі ў розных мясцінах выконваць на розныя каляндарныя святы.
— Таксама сустракаецца яшчэ і такая назва як Стрэчаньскія дзяды. Гэта таксама да гэтага свята Стрэчання адносіцца?
— Так. Насамрэч, Дзядоў на працягу года было шмат і ў розных лакальных традыцыях у розны час. Звычайна, калі глянуць на традыцыю асобна ўзятай вёскі, то ёсць нейкае восеньскае памінанне Дзядоў і гэта не абавязкова Дмітраўскія Дзяды, якія цяпер у нас лічацца агульнапрынятымі, проста нейкая восеньская дата — Пакроўскія, Міхайлаўскія Дзяды ці іншыя. І ёсць нейкая дата веснавога памінання Дзядоў, і зноў жа гэта не абавязкова агульнапрынятая сёння Радаўніца, бо дзесьці маглі хадзіць на могілкі на Вялікдзень, дзесьці у чацвер па Вялікадні, дзесьці ў нядзелю па Вялікадні. Паміж восеньскім і веснавым памінаннем Дзядоў існуюць яшчэ і даты, істотныя ў лакальных традыцыях, якія могуць выпадаць перад Стрэчаннем, напрыклад, Бабы ў пятніцу і Дзяды ў суботу, або перад Масленіцай, або перад Тройцай, і ўлетку могуць быць таксама Дзяды.
«Як на грамніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга»
З Грамніцамі, Стрэчаннем, звязана шмат народных прыкмет, таму абавязкова трэба прыглядацца да надвор’я.
— Да Грамніц не скідай рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы.
— Калі на Стрэчанне рана з’явіцца сонца, то будзе ранні лён.
— На Стрэчанне зіма на мароз ідзе, а сонца на лета.
— На Стрэчанні сняжок, вясной дожджык.
— Калі вецер на Грамніцы дзьме, дык з дрэваў нячысцікаў здымае, летам ураджай садавіны багаты будзе.
— Кармі на Стрэчанне курэй аўсом, вясной будзеш з яйцом.
— Грамніцы — палавіна зіміцы, маразоў палавіцы.
— На Грамніцы мяцеліца, вясна будзе позняй.
Дарэчы пра Стрэчанне ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна ў 2004 годзе знялі невялікі дакументальны фільм «Грамніцы на Палессі»: