Ці шмат гадзін на дзень вы траціце на гаджэты? Ці часта вы чуеце збоку блізкіх: «Зноўку ў сваім смартфоне / планшэце заліп (-ла)!»? Калі адказы на абодва пытанні станоўчыя, варта задумацца: а ці не напаткала вас страшная «гаджэтазалежнасць»?
Жарты жартамі, але ж наша жыццё губляе вельмі шмат, калі мы з кожным днём усё больш і больш «заліпаем» у смартфонах, планшэтах і г. д. Мы губляем не толькі пачуццё рэальнасці і смак самога жыцця. Псуюцца стасункі з блізкімі, часта пагаршаецца здароўе (як фізічнае, так і псіхічнае), увесь вялікі навакольны свет звужаецца да памераў экрана тэлефона.
Калі вы пачынаеце адчуваць штосьці такое, самы час паклапаціцца пра сябе і пачаць будаваць бяспечныя стасункі са сваімі электроннымі памагатымі. У дадзеным артыкуле прыведзена 5 крокаў, як гэта зрабіць найбольш хутка і эфектыўна.
Крок 1
Перш-наперш трэба ўсвядоміць, што вашы стасункі з гаджэтамі не зусім (альбо зусім не) адэкватныя. Проста выдыхніце, спыніцеся на хвілінку і самі сабе шчыра прызнайцеся, што вы станеце залежнымі.
Прааналізуйце свой дзень — колькі часу ў вас сыходзіць на «камунікацыі» са смартфонам. Колькі з гэтага часу вы траціце на патрэбныя рэчы: камунікацыі з роднымі, працу, адукацыю, удасканаленне сваіх навыкаў ці пашырэнне кругагляду.
Таксама можна задаць сабе наступныя пытанні (і сабе адказваць можна толькі шчыра):
• Ці можаце вы пакінуць свой улюблёны смартфон на гадзіну? Дзве? Паўдні? Дзень? Прычым пакінуць не таму, што адрубіўся інтэрнэт ці забыліся ўзяць з сабой падзараднае. А проста — адкласці і не чапаць.
• Ці нервуецеся вы, калі не бачыце свой тэлефон/планшэт? Калі ён знаходзіцца ў іншым пакоі?
• Ці кажуць вам людзі навокал, што вы занадта многа часу праводзіце з гаджэтамі?
Такі міні-тэст дапаможа вам усвядоміць: ці варта ўжо крычаць «алярм!», ці ўсё ў вас у парадку.
Крок 2
Наступны крок — сфармуляваць свой асабісты матыў. Навошта менавіта вам мяняць свае паводзіны ў дачыненні да смартфона, пазбаўляцца ад залежнасці.
Тут можа быць усё, што заўгодна. Можа, вы хочаце больш часу бавіць з блізкімі людзьмі? Альбо заняцца самаадукацыяй? Ці нарэшце пачаць шлях да сваёй мары? Альбо проста не хочаце быць залежным ад чагосьці.
Любыя змены ў жыцці пачынаюцца з матыву. Калі ў вас унутры ёсць яснае бачанне «для чаго», то і рэсурсы знойдуцца. Да таго ж, матыў робіць шлях да мэты значна карацейшым і лягчэйшым.
Калі ўсвядомілі і разабраліся з матывамі, можна пайсці двума шляхамі. Першы — вельмі кароткі. Але патрабуе вялікіх намаганняў і сілы волі. Заключаецца ён у тым, што вы сабе кажаце: «Усё! Ад сёння я карыстаюся гаджэтамі толькі па патрэбе і не заліпаю ў іх!».
Ёсць асобы, якія вось так, прамовіўшы сабе нейкі намер, ужо не збочаць. Калі вы з іх ліку — віншуем. Усвядомілі, знайшлі матыў, змянілі свае паводзіны. Усё вельмі проста.
Калі ж у вас так «не працуе», прапануем зрабіць яшчэ 3 крокі да вызвалення ад гаджэтазалежнасці.
Крок 3
Варта заняцца аналізам. Патрацьце дзень на саманазіранне. Выпішыце на аркуш усё, чым вы карыстаецеся ў сваім смартфоне ці планшэце. Усе дадаткі, сайты, сеткі і г. д. І прастаўце прыкладны час, які вы траціце, насупраць кожнага.
Згрупіруйце ўвесь свой спіс па сферах: неабходнае (напрыклад, мэсэнджар для камунікацыі з роднымі, працоўныя чаты, адмысловыя дадаткі, прафесійныя сайты і г. д.); забаўкі (анлайн-бібліятэкі, цікавыя відэа ці падкасты, гульні і т. п.); «невядома што» (сюды выпісвайце ўсё, што не зможаце ніяк прыкласці да сябе: спрэчкі ў каментарах, бессэнсоўны прагляд цік-току ці гартанне інстаграм-старонак невядомых вам людзей).
Зноў прастаўце час каля кожнай групы. А таксама ступень карысці ад гэтай групы асабіста для вас па шкале ад −5 да +5. І ўважліва паглядзіце на тое, што атрымалася. Ці гатовыя вы выдаткоўваць свае рэсурсы (грашовыя, часавыя, псіхаэмацыйныя і г. д.) на ўсе гэтыя групы? І якая вам ад гэтага карысць?
Такім чынам, вы ўжо намеціце спіс дадаткаў, сайтаў, праграм, чатаў і г. д., якія можна будзе смела выдаліць са свайго жыцця.
Да таго ж, звярніце ўвагу — на што вы больш «заліпаеце», чаго вам не хапае ў рэальным жыцці. Напрыклад, калі ў вас схільнасць «завісаць» у мэсэнджарах, каментарыях, бессэнсоўных спрэчках, то, можа, вам проста бракуе жывых камунікацый? Альбо вы пастаянна праглядаеце разнастайныя майстар-класы, відэа з «бытавымі лайфхакамі», захоўваеце рэцэпты ці схемы вязання? Вам проста не хапае прасторы для ўласнай творчасці!
Знаходзьце гэта ў сваім жыцці і замяняйце прагляды, назіранні за кімсьці на рэальныя дзеянні. Замест бясконцых ліставанняў у мэсэнджарах завядзіце традыцыю раз на месяц ладзіць сяброўскія сустрэчы ці сямейныя вячоркі.
Замест прагляду майстар-класаў і лайфхакаў пачніце нешта ствараць самі. Замест прагляду смешных карцінак з коцікамі і сабачкамі завядзіце хатняга гадаванца.
Крок 4
Калі ж у вашым спісе пасля такой «чысткі» і пераходу ў «рэальнасць» усё ж засталіся рэчы, якія і карысці асаблівай не нясуць, але і развітацца з імі вы не можаце, гвалціць сябе не трэба. Проста выдаткуйце на гэта пэўны час і месца. Напрыклад, 15 хвілін у метро па дарозе на працу. Альбо — гадзіну зранку ў нядзелю.
Так, даўшы сабе «афіцыйны дазвол» на нейкія некарысныя рэчы, вы зменшыце псіхічнае напружанне, а магчыма, і прыцягальнасць гэтых дзеянняў для сябе. Бо забароненае заўжды «смачнейшае» за дазволенае.
Крок 5
Дэтокс. Як б вы ні былі прывязаныя да свайго электроннага памагатага, давайце сабе час на адпачынак ад яго. Гэта можа быць штодзённая прагулка з сям’ёй ці гадаванцамі без тэлефона. Калі вам патрэбна сачыць за часам, вазьміце звычайны гадзіннік, а тэлефон пакіньце дома. Можаце нават выпісаць (а лепш, канечне, трымаць у памяці) самыя неабходныя для вас нумары, калі хвалюецеся, што здарыцца нешта непрадказальнае, і вам спатрэбіцца тэрмінова з кімсьці звязацца. Гэта дапаможа супакоіцца, асабліва на першы час, калі выхад з дому без тэлефона вам падаецца проста немагчымым.
Альбо можна завесці традыцыю пакідаць тэлефоны ў зачыненай скрыні хаця б на паўдні ў выходныя. Таксама вельмі эфектыўная практыка — дамовіцца з усёй сям’ёй аб тым, што ночыць вашыя гаджэты будуць асобна ад вас. Напрыклад, можна іх ставіць на падзарадку на ноч на кухні ці ў вітальні.
Вікторыя Лебедзева, budzma.org