Праваслаўныя вернікі ўжо ў чацвер пачынаюць фарбаваць яйкі да Вялікадня. З гэтай нагоды budzma.org распавядае, як можна экалагічна ў хатніх умовах пафарбаваць яйкі.
Фарбаванне яек лупінамі цыбулі — адзін з самых старых спосабаў. Але ён і дагэтуль застаецца самым любімым у тых, хто аддае перавагу абыходзіцца без хіміі. Менавіта лушпіны даюць самы яркі і прыгожы колер. Але каб дасягнуць такога выніку, трэба мець шмат лушпінаў. Даўней іх пачыналі збіраць у час гатавання ежы за пару месяцаў да свята. Многія і сёння так робяць.
Як правільна зрабіць адвар з лушпінаў?
Поўны рондаль лушпінаў заліваем халоднай вадой, даводзім да кіпення і варым 35–40 хвілін. Адвар мусіць быць цёмны, насычаны. Затым яго варта працадзіць праз сіта. У гарачы адвар апускаем ўжо звараныя яйкі. Пакідаем іх там на некалькі гадзін. Чым даўжэй яйкі ляжаць у адвары, тым насычаней колер. Лепш за ўсё пакінуць іх там на ноч. Колер атрымаецца чырвона-карычневы, вельмі прыгожы. Затым яйкі трэба дастаць і выцерці рушніком. Каб яйкі набылі бляск — іх можна крыху змазаць алеем.
Другі стары спосаб — выкарыстоўваць буракі для афарбоўкі яек. Трэба дробна пацерці бурак, сок адціснуць, дадаць у яго трохі воцату з разліку 1 сталовая лыжка на літр соку і давесці да кіпення. Пакласці ў гарачы бурачны сок загадзя звараныя яйкі так, каб яны былі цалкам пагружаныя ў адвар, і пакінуць іх ляжаць так гадзін на пяць, а лепш на ноч. Яйкі атрымаюцца ружовага колеру.
Блакітны колер можна атрымаць пры дапамозе адвару чырвонай капусты. Каб падрыхтаваць адвар для фарбавання, капусту трэба дробна пасячы, заліць вадой, дадаць воцат і варыць 30 хвілін. На палову сярэдняй капусты спатрэбіцца 1 літр вады і чвэрць шклянкі воцату. Адвар зліць у асобны посуд, пакласці ў гарачую вадкасць яйкі і пакінуць іх для афарбоўвання на гадзіну ці даўжэй.
Для таго, каб у вас атрымаўся прыгожы жоўты колер шкарлупіны, спатрэбяцца шклянка кіпеню, куркума, соль і воцат. Заліць 2 сталовыя лыжкі молатай куркумы шклянкай кіпеню. Дадаць 1 сталовую лыжку воцату і палову чайнай лыжкі солі. Вараныя яйкі змясціць ў атрыманую вадкасць і пакінуць на ноч у холадзе.
Каркадэ дастаткова проста заварыць і патрымаць у насычанай заварцы яйкі. Спярша яны стануць далікатна-блакітнымі, потым крыху яскравейшымі, але неўзабаве колер стане губляць сваю яснасць і набудзе шэраватае адценне, так што галоўнае — злавіць патрэбны момант і дастаць яйкі своечасова. Сачыце за гэтым уважліва.
Каб атрымаць яйкі далікатнага фісташкавага колеру, вам спатрэбіцца свежы або замарожаны шпінат. У рондаль з кіпячай вадой усыпце здробненае лісце шпінату, праварыце яго 4–5 хвілін. Затым выключыце пліту, у зялёную ваду пакладзіце вараныя яйкі і пакіньце іх там мінімум на 6 гадзін. Па сканчэнні гэтага часу шкарлупіна стане ідэальнага светла-зялёнага адцення.
Пафарбаваць яйкі можна таксама з дапамогай натуральнай кавы і спецый, яйкі набываюць бежавае адценне. Кавы трэба не менш за 3 сталовыя лыжкі на шклянку вады. Змяшайце каву з чвэрцю шклянкі воцату, заліце, дайце пастаяць 10 хвілін і апусціце у сумесь вараныя яйкі. Трымайце яйкі ў кававай фарбе некалькі гадзін.
Чытайце яшчэ:
Гатуем разам з Budzma здобных «жаўрукоў» на велікодны стол
АМ, budzma.org
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц