Доўгі час расійскія «гісторыкі» пераконвалі беларусаў у тым, што наш галоўны горад быў забітым і правінцыйным — аднапавярховы, брудны, драўляны Мінск, акультураны прыходам Расіі з яе «цыбульнымі» храмамі і губернскай забудовай. Як можна здагадацца, усё было не так. «СНплюс» працягвае аповед пра страчаны Мінск і кнігу Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (лаўрэат Прэміі Гедройця 2022 года).
Поўная жэсць, або Памылкі рэстаўратараў
У 1853 годзе шматлікія апісанні Мінска пакінуў Павел Шпілеўскі, легендарны беларускі этнограф:
«Минск принадлежит к числу больших и красивых городов Западной России и при настоящем своем благоустройстве и обновленном виде, после пожара в 1835 году, может быть назван столицей Белоруссии; он обширнее и щеголеватее Могилева и Витебска. За исключением Троицкого предместья, Татарского конца и глухих переулков по окраинам города, в Минске все дома каменныеи большей частью очень большие, а улицы довольно гладко вымощены камнем и содержатся очень опрятно. Раскинутый на горах и крутизнах Минск почти со всех трактов или въездов представляет прекрасный вид... По горам, по пригоркам красуются здания то высокие и широкие, то узкие и продолговатые, с черепичными крышами во вкусе средних веков...».
«Правінцыйны выгляд» Мінск атрымаў толькі на пачатку 20 стагоддзя і акурат не без спрыяння расійскіх архітэктараў. У 1881 годзе горад ахапіў пажар, падчас якога ад Нямігі да вакзала, калі казаць пра сучасную геаграфію горада, згарэлі каля 1000 дамоў. Горад актыўна адбудоўвалі: у цэнтры — каменем, па ўскраінах — дрэвам. Тады Мінск і «набыў выгляд правінцыйнага расійскага горада з эклектычнымі будынкамі чырвонай цэглы ў цэнтры» — іх можна ўбачыць у любым райцэнтры Беларусі.
Яшчэ адно сведчанне пакінуў расійскі эканаміст Андрэй Субоцін. У 1887 годзе ён робіць запіс: «Улицы города довольно чисты; все они вымощены, хотя и нешироки, с удобными тротуарами из поперечных дощечек; видно, что за исправностью этой статьи благоустройства здесь строго наблюдают. Мало того, в городе устроен водопровод, т.е. есть то, чего давно добиваются более богатые города внутренней России. Дома в городе небольшие, но каменных довольно много. Главные улицы, особенно Губернаторская и прилегающие к ней, почти сплошь состоят их каменных, больше двух этажных домов и лучшие здания — кроме гостиницы Сутина — старые католические, а также здание клуба с венецианскими окнами... Живут здесь довольно просторно, хотя дворы и небольшие»..
«Апісаны менскі пэйзаж не стасуецца зь дзеяньнямі сёньняшніх гора-рэстаўратараў, якія аднаўляюць у Менску дамы ў расейскім губэрнскім стылі і накрываюць іх зялёнай бляхай. Праблема палягае ў ідэалягічным выбары: што аднаўляць — расейскія або дарасейскія ўзоры? Вобразна кажучы, пытаньне стаіць так: бляха або чарапіца? Пакуль перамагае бляха і правінцыйны клясыцызм», падсумоўвае Сяргей Абламейка.
Улады розныя, праблемы — аднолькавыя
У лютым 1918 гады ў Менск дайшлі немцы. Карэспандэнт «Berliner Tagesblatt» Гофман уразіўся чысцінёй горада (вытокі стэрэатыпу...) і ўказаў на сумнеўных асоб у калявайсковых строях:
«Вось доўгачаканы Менск — конка, дрожкі ў вялікай колькасьці, прыгожы чыгуначны вакзал, але ж гэта яшчэ прадмесьце. Высокія званіцы цэркваў ды іншыя камяніцы абяцаюць большае. Ходнікі цэмэнтаваныя, радзей драўляныя, вялікія крамы й прадстаўнічыя будынкі. Словам — вялікі горад. Нават прыбіральшчыкі вуліцаў за працай, і яны зьявіліся паводле загаду нямецкіх уладаў? Не — яны даўно знаходзяцца на службе ў тутэйшых гаспадароў, таксама як і вазакі, што звозяць сколаты лёд. Вуліцы чысьцюткія, і насельніцтва сустрэла нас ветліва. Жыхары добра апранутыя... Паміж прыстойнай публікі шмат галаварэзаў, што туляюцца па горадзе ў паўвайсковай вопратцы: кіргізы, татары, расейцы — людзі, якім няма чаго губляць».
Пачатак ХХ стагоддзя быў складаным: амаль кожны год змяняліся «гаспадары» горада (што адлюстравана ў п’есе Янкі Купалы «Тутэйшыя»). Пасля немцаў у Мінску размясціліся рускія: у першай палове 1919 года горадам кіравалі бальшавіцкія камісары Літоўска-Беларускай ССР.
Ужо ў жніўні прыйшлі палякі на чале з генералам Станіславам Шаптыцкім. Бальшавікі збеглі ў Смаленск, прыхапіўшы як закладнікаў групу дзеячаў беларускай культуры, прамысловае абсталяванне, станкі з майстэрняў і друкарняў, мэблю з гарадскіх адміністрацыяў і не пасаромеліся абрабаваць прыватныя кватэры.
У газеце «Звон» пісалі: «...Бальшавікі аграбілі горад дашчэнту; былі вывезены ня толькі розныя машыны, але нават хатнія прылады — крэслы, ложкі, міскі...».. Тады ж з горда вывезлі велізарную колькасць кніг: «Апошнім часам яна (беларуская кнігарня) месьцілася на Захараўскай вуліцы № 18... Яе вывезьлі бальшавікі на Маскоўшчыну. ...Усяго было забрана беларускіх кніг па старой даваеннай цане на 50.000 рублёў, што па цяперашнім цэнам будзе каля 500.000. Так была аграблена ў нашага народу яго духоўная справа»..
За месяц да адступлення бальшавікі паспелі змяніць назвы мінскіх вуліц: Губернатарская стала вуліцай Маркса, Захараўская — Савецкай, Праабражэнская — Інтэрнацыянальнай, Траецка-Базарная плошча набыла імя Парыжскай Камуны, Петрапаўлаўская стала Валадарскага, прыплялі і Талстога з Дастаеўскім. Палякі вярнулі мінчанам старыя назвы вуліц, прычым сапраўды старыя, першапачатковыя, да царскай Расіі: Валадарскага стала не Петрапаўлаўскай, а Дамініканскай вуліцай, Маркса — не Губернатарскай, але Францысканскай, Інтэрнацыянальная — не Праабражэнскай, а Збаровай. Тады ж прыгадалі Зыбіцкую.
Акрамя таго, «пры паляках» у Мінску сталі папулярныя лекцыі па гісторыі горада і экскурсіі. Зоркай таго часу быў Тодар Корзун з лекцыяй «Стары Менск». Пра яе пісалі ў газеце «Беларусь»: «Сярод старадаўных гмахаў Менску першае месца займаюць касьцёлы, якіх тут некалісь было васямнаццаць. Найстарэйшым зь іх была г. зв. Вітаўтава фара, якой толькі астаткі можна яшчэ было бачыць над Сьвіслаччу год трыццаць таму назад. Шмат з гэтых касьцёлаў у цяперашнім часе ўжо не існуе».
Аднак такая лаяльнасць таксама не перашкодзіла палякам нас абрабаваць: адыходзячы ў ліпені 1920 года, яны вывезлі 500 скрынь з карцінамі, старажытнай зброяй і іншымі творамі мастацтва Беларусі.
Як ратавалі стары Мінск..
У бальшавікоў былі грандыёзныя планы на перакройванне Мінска. Старую забудову — шчыльную, буржуазную, ідэалагічна небяспечную — планавалі знішчыць, заклаўшы на яе месцы аўтамагістраль (цяпер — праспект Пераможцаў) і паркавую зону.
Энтузіясты і прабеларускія навукоўцы спрабавалі выратаваць Стары горад. І спачатку надзея была. У 1925 годзе прайшоў афіцыйны, зацверджаны ўладамі «агляд» замкавай гары. У пратаколе агляду пазначана: «Ад старога менскага замку засталася толькі насыпная гара, вельмі зруйнаваная і заваленая розным мусарам. На самай гарэ стаяць каменныя і драўляныя руіны будынкаў... Уся мясцовасьць Замчышча знаходзіцца ў самым антысанітарным становішчы. Ад старых замкавых будынкаў захаваўся толькі Дом гродзкага суда, ніз каменны, а верх драўляны, вельмі цікавай архітэктуры. На другім паверсе жывуць кватаранты, а ў ніжнім зьмяшчаецца кузьня. Будынку пагражае з аднаго боку руйнаваньне, а з другога — пажар ад кузьні».
У 1926 годзе Замчышча ўнеслі ў спіс найважнейшых гістарычных помнікаў Беларусі. І ў той жа год запланавалі яго знос.
Навукоўцы спрабавалі стварыць музей Старога Горада, але ўдалося толькі выбіць месца ў Беларускім дзяржаўным музеі: адкрылі «куток Старога Мінска». У «кутку» выставілі граматы на пергаменце 1593 і 1613 гг., булаву кіраўніка мінскіх рамеснікаў, цэхавыя харугвы, знаходкі з Нямігі — прадметы побыту... У 1929 годзе яму прыйшоў канец — пачалася барацьба з «нацдэмамі». Было сказана, што ў музеі «ідэалізавана прадстаўляліся фэўдальная і буржуазная мінуўшчына Беларусі, фэтышызаваліся нацыянальныя матывы, адсутнічалі моманты эксплёатацыі і клясавай барацьбы, падмяняючыся буржуазным нацыяналізмам».
Дзеячы Інбелкульта ў спробах выратаваць Стары горад стварылі план рэстаўрацыі — па ўсіх правілах, з зацверджанай каштарысам і г.д. Але грошай не далі. Навукоўцы не здаліся і пайшлі на хітрык: падгаварылі ўладальніка дома № 8 па Стара-Мясніцкай вуліцы — а гэта быў Гродскі суд, ён жа Трыбунал ВКЛ — напісаць у Інбелкульт з просьбай выдзеліць сродкі на «рамонт флігеля». Не можам выратаваць усё — пойдзем у абыход. Не даюць грошай нам — паспрабуем праз гараджан. Але і так, мяркуючы па ўсім, нічога не выйшла.
Маляўнічая дэталь: з 1917 па 1930 год аддзяленні ЖКГ курыраваў НКУС. Традыцыя з часоў царскай Расіі, дзе малодшым паліцэйскім чынам быў дворнік. «Так што высокі вусаты дзядзька ў ботах, які ў 20-х гадах з раніцы да вечара хадзіў па вуліцы Замкавай і яе ваколіцах, зазіраў у кожны двор і размаўляў з жыхарамі на ўсе магчымыя тэмы, быў ня проста старшынём менскага ЖАКТу № 5 Лушчыкам, у тэрыторыю якога ўваходзіла Замкавая гара і ўвесь Стары горад. Ён быў штатным супрацоўнікам НКВД БССР і займаўся ня толькі рамонтам дамоў, але і кантролем за настроямі насельніцтва», піша Сяргей Абламейка.
...і як яго забівалі
У 1933 годзе бальшавікі вырашылі, што Менск не адпавядае ганароваму чыну сталіцы БССР. Вырашылі падвышацьгорад. Да старых дамоў прыбудоўвалі як мінімум адзін паверх, што сталася трагедыяй у 1941 годзе: у пажарах першых дзён вайны тое, што не згарэла, абвалілася, не вытрымаўшы вагі.
План сацыялістычнай рэканструкцыі Мінска, згодна з якім самую старую частку горада выраклі на знішчэнне, даручылі маскоўскаму прафесару архітэктуры Уладзіміру Сямёнаву (1874–1960). Улюбёнец уладаў, ён стаў галоўным архітэктарам Масквы, «стварыў зацьверджаны Крамлём яе генэральны плян, разбурыў гістарычны цэнтар паводле інструкцыяў Сталіна і пражыў доўгае і шчасьлівае жыцьцё».
Гісторык, мастацтвазнаўца і культуролаг Мікалай Шчакаціхін, які бараніў Стары горад у прэсе, быў арыштаваны і высланы на пяць гадоў у Башкірыю, потым жыў у выгнанні, і перад кожным камуністычным святам яго арыштоўваў НКУС. У адной з турмаў Мікалай падхапіў сухоты. У 43 гады ён памёр у башкірскім горадзе Белебей.
...Бальшавікі распрацавалі 4 праекты, і «усе яны прадугледжвалі поўнае зьнішчэньне Старога гораду, татальны знос гістарычнай забудовы Замчышча, навакольных вуліц і рынкаў, разбурэньне гістарычнай пляніроўкі старога цэнтру, скопваньне Замкавай гары і стварэньне ня яе месцы зялёнай паркавай зоны. ...У 1946-м Стары горад канчаткова зьнесьлі і заклалі на яго месцы парк, праз 35 гадоў зьнесьлі апошнюю частку Нямігі, праз 55 гадоў зьнесьлі купецкія камяніцы XVIII стагодзьдзя на Пляцы Волі».
Да 2022 года са знакавых пабудоў Старога горада засталася толькі адна — Петрапаўлаўскамя царква на Нямізе.
Матэрыял напісаны паводле кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення». Спампаваць кнігу ў фармаце epub можна тут. Другая частка па спасылцы.