Як судзілі Святлану Алексіевіч за кнігу «Цынкавыя хлопчыкі»

30 гадоў таму над пісьменніцай Святланай Алексіевіч адбыўся суд за кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», дзе будучая нобелеўская лаўрэатка апублікавала споведзі хлопцаў, што прайшлі Афганістан, а таксама іх маці, жонак, дзяўчат. А за год да гэтага спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч паставіў Купалаўскі тэатр, піша kamunikat.org.


Sviatlana Alieksijevič Святлана Алексіевіч. Фота: Global Look Press

«Нядаўна група мацярок воінаў-інтэрнацыяналістаў, што загінулі ў Афганістане, падала ў суд на пісьменніцу Святлану Алексіевіч, аўтарку кнігі «Цынкавыя хлопчыкі». Іх пазоўная заява будзе разглядацца ў народным судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Нагодай для звароту ў суд сталі спектакль «Цынкавыя хлопчыкі», пастаўлены на сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, і публікацыя ўрыўкаў з кнігі ў газеце «Комсомольская правда». Спектакль быў запісаны Рэспубліканскім тэлебачаннем і прадэманстраваны жыхарам Беларусі. Мацярок, што нясуць у сабе ўсе гэтыя гады сваё непазбыўнае гора, абразіла, што іх хлопчыкі паказаны выключна як бяздушныя робаты-забойцы, марадзёры, наркаманы і гвалтаўнікі...»

Л. Грыгор’еў, «Вечерний Минск», 12 чэрвеня 1992 г.

Гэтым урыўкам пачынаецца апошняя частка кнігі Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», прысвечаная акурат гісторыі судовых паседжанняў, расказанай з дапамогай дакументаў.

Як зазначае Леанід Свірыдаў у газеце «Собеседник», матэрыялы для друку пра тое, што суд ідзе, былі падрыхтаваныя яшчэ да таго, як сама суддзя завяла справу.

У народны суд паступілі дзве пазоўныя заявы. Першая — ад былога «афганца» Алега Ляшэнкі, які сцвярджаў, што «Святлана Алексіевіч напісала пра тую вайну і пра яго асабіста няпраўду, ачарніла яго. Таму павінна публічна выбачыцца, а знявагу салдацкага гонару кампенсаваць сумай 50 тысяч рублёў». Другая заява — ад маці загінулага старшага лейтэнанта Ю. Галаўнёва Іны Галаўнёвай, якая заявіла, што яна «разышлася з пісьменніцай у ацэнках савецкага патрыятызму і яго ролі ў выхаванні маладога пакалення».

Пазней да судовай справы далучылі трэцюю позву ад яшчэ аднаго героя кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» Тараса Кецмура — «без подпісу і, зразумела, без распачатай з гэтай прычыны справы».

Пытанняў да ходу судовага працэсу безліч. Вялікая колькасць парушэнняў, замена суддзі, абразы ў бок Святланы Алексіевіч і нават пагрозы забіць — «абяцаюць парэзаць на кавалачкі...». Суд заявіў, што нічога такога не чуў.

Паводле рашэння суда, позва была задаволеная часткова. Суд пастанавіў:

«Абавязаць рэдакцыю газеты «Комсомольская правда» ў двухмесяцавы тэрмін апублікаваць абвяржэнне згаданых звестак. Галаўнёвай Іне Сяргееўне ў позве пра гонар і годнасць да Алексіевіч Святланы Аляксандраўны і рэдакцыі газеты «Комсомольская правда» адмовіць.

Спагнаць з Алексіевіч Святланы Аляксандраўны на карысць Кецмура Тараса Міхайлавіча выдаткі на дзяржмыта ў памеры 1320 руб. і дзяржмыта на карысць дзяржавы ў памеры 2680 руб. Спагнаць з Галаўнёвай Іны Сяргееўны на карысць дзяржавы 3100 рублёў».

Каманда праекта зацікавілася фактам пастаноўкі ў Тэатры імя Янкі Купалы спектакля «Цынкавыя хлопчыкі». Нам з цяжкасцю ўдалося адшукаць сведкаў падзеі, а таксама некалькі фотаздымкаў. Адкрыццём было і тое, што спектакль, па сутнасці, стаў адной з прычын для пачатку суда.

«З гісторыі быў сцёрты не толькі сам спектакль, але і факт ягонага існавання. Прыкладна такім жа чынам маглі выдаліць з памяці і звальненне амаль усёй трупы Купалаўскага тэатра ў 2020-м годзе, калі б гэта не адбывалася ў эпоху інтэрнэту. Таму для мяне было надзвычай важна аднавіць гэты прабел», — кажа былая акторка Купалаўскага Крысціна Дробыш, якая і правяла ўласнае расследаванне.

Чытайце яшчэ: «Цынкавых хлопчыкаў» Алексіевіч цяпер можна паслухаць па-беларуску

Нам удалося ўзнавіць некаторыя дэталі тэатральнай пастаноўкі.

Як адбываўся працэс рэпетыцый, складана сказаць, бо прайшло больш за 30 гадоў. Прэм’ера адбылася 27 лютага 1991 года. Інфармацыя пра суд з’явілася ў чэрвені 1992-га. То бок спектакль праіснаваў у рэпертуары не болей за адзін сезон.

Рэжысёрам пастаноўкі быў Валерый Раеўскі, які стаў і суаўтарам інсцэніроўкі разам з аўтаркай кнігі. На рэпетыцыях прысутнічала і сама Святлана Алексіевіч, якая ўносіла свае карэктывы і праўкі.

Занятая ў спектаклі была вялікая частка трупы тэатра імя Янкі Купалы — амаль уся трупа, зазначаюць крыніцы. Нават студэнты: маладыя дзяўчаты, якія гралі нявестаў, і маладыя хлопцы ў ролі дэсантнікаў. Акторкі, больш старэйшыя, гралі маці, усе ў чорным. Яны чыталі лісты загінулых сыноў.

Сярод выканаўцаў — легенды беларускай сцэны: Валянцін Белахвосцік, Аляксандр Лабуш, Уладзімір Кін-Камінскі, Уладзімір Уладамірскі, Мікалай Кірычэнка, Галіна Бальчэўская і іншыя.

Задзейнічаны ў спектаклі быў і Генадзь Давыдзька, які на той час быў акторам тэатра Янкі Купалы. Цяпер ён — адзін з вядучых прапагандыстаў канцэпцыі «русского мира» ў Беларусі.

Мастаком быў Барыс Герлаван, кампазітарам — знакаміты арганіст Алег Янчанка.

Паводле ўспамінаў, спектакль быў вельмі цяжкі эмацыйна. На авансцэне знаходзіўся галоўны герой — звар’яцелы салдат (паводле іншай версіі, «далакоп» — капальнік магіл), які цягам усяго спектакля капаў магілу. Апрануты ў дэсантную цяльняшку, ён цягам усяго спектакля знаходзіўся ў гэтай яме. Для кожнага спектакля ў тэатр прывозілі самазвал зямлі. І з нейкай невядомай нашым суразмоўцам прычыны напрыканцы спектакля гледачы кідалі наўпрост у гэтую магілу кветкі і цукеркі.

Гледачы ахвотна хадзілі на спектакль. Вядома, што глядзелі спектакль і самі «афганцы». Пасля прагляду некаторыя з іх зазначалі, што «у прынцыпе пададзена даступна, аднак там (рэд. — на вайне) мы наглядзеліся такіх жахаў, пра якія нельга расказваць».

Narodny artyst Bielarusi Viktar Manajeŭ u spiektakli «Cynkavyja chlopčyki» Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Narodny artyst Bielarusi Viktar Manajeŭ u spiektakli «Cynkavyja chlopčyki»
Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

 Aktor Viačaslaŭ Paŭliuć i Zaslužananaja artystka Bielarusi Natallia Kačatkova ŭ spiektakli «Cynkavyja chlopčyki»
 Актор Вячаслаў Паўлюць і Заслужананая артыстка Беларусі Наталля Качаткова ў спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Narodnaja artystka BSSR, laŭreatka Dziaržaŭnaj premii BSSR Maryja Zacharevič i aktor Aliaksandr Labuš u spiektakli «Cynkavyja chlopčyki»Народная артыстка БССР, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі БССР Марыя Захарэвіч і актор Аляксандр Лабуш у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Scena sa spiektaklia «Cynkavyja chlopčyki». Režysior Valieryj Rajeŭski. Teatr imia Janki Kupaly (1991-1992 hh).
Сцэна са спектакля «Цынкавыя хлопчыкі». Рэжысёр Валерый Раеўскі. Тэатр імя Янкі Купалы (1991-1992 гг).

Prahramka spiektaklia «Cynkavyja chlopčyki» (1991 hod)Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Prahramka spiektaklia «Cynkavyja chlopčyki» (1991 hod)
 Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Фота з уласнага архіва, уладальнік якога пажадаў застацца невядомым.