«Трэба прасоўваць моладзь у беларускую палітыку»: як у Познані дзейнічае беларуская студэнцкая арганізацыя «Ліхтар»

Той, хто лічыць, што беларускі студэнцкі рух, які калісьці моцна паўплываў на лёс краіны і свету, назаўжды пахаваны ў гісторыі часоў Віленскага ўніверсітэта, моцна памыляецца. Год таму беларускія студэнты факультэта палітычных навук і журналістыкі ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані стварылі арганізацыю, якая пачала актыўна займацца грамадска-палітычнымі і культурнымі пытаннямі, а таксама адвакатурай беларускага студэнцтва. Назва мае пэўны сімвалізм: «Ліхтар» — гэта тое, што асвятляе шлях.

Удзельнікі, а іх каля сарака чалавек, паспелі арганізаваць для беларусаў сустрэчы з вядомымі палітыкамі, звярнуцца ў Сенат Польшчы для вырашэння набалелых праблем беларускай моладзі, правесці два Фестывалі беларускай культуры. Гэтым дзейнасць «Ліхтара» не абмяжоўваецца — пра дасягненні, амбіцыі, планы і мэты беларускай студэнцкай арганізацыі ў Польшчы нам расказаў яе кіраўнік, студэнт другога курса Аляксей.


Выстава пра гісторыю беларускіх сімвалаў ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані
Выстава пра гісторыю беларускіх сімвалаў ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані

«Ліхтар» з’явіўся дзякуючы спектаклю Купалаўцаў «Дзяды»

Аляксей распавядае:

«Напрыканцы 2022 года я ўбачыў запіс спектакля Купалаўцаў «Дзяды» і натхніўся жаданнем проста паказаць яго ў Познані. Апроч іншага, у спектакля вельмі добрыя польскія субтытры. «Дзяды» — гэта ж твор Адама Міцкевіча, а ён аб’ядноўвае беларусаў і палякаў. У выніку я прыйшоў з гэтай прапановай да аддзелу прамоцыі і рэкламы факультэта. Там мне параілі сабраць канферэнцыю або фестываль. У гэтым аддзеле працаваў мой добры сябар. Разам з ім мы пачалі думаць, як гэта ўвогуле можна зрабіць, і прыйшлі да высновы, што лепей спачатку стварыць структуру, з дапамогай якой можна будзе арганізаваць канферэнцыю. Дагэтуль у аддзеле ўжо абмяркоўвалі важнасць і магчымасць стварэння такой арганізацыі, рэалізаваць атрымалася ўжо са мной. Мы сабраліся невялічкім гуртом, прыдумалі назву, высветлілі, чым хочам займацца, і абвясцілі набор чальцоў». 

Далучыцца да арганізацыі мог любы студэнт — паколькі яна стварылася ў межах факультэта, зацікаўленых беларушчынай спачатку шукалі там. Зрабілі прэзентацыю ідэй, гледачам спадабалася — так з’явіўся «Ліхтар». Спачатку прыйшлі 20 чалавек, цяпер чальцоў арганізацыі — каля 40. Зараз «Ліхтар» не праводзіць акцый узбуйнення, спрабуе набіраць людзей па асабістых знаёмствах. 

Старажытная беларуская літаратура на выставе ў межах Фестывалю беларускай культуры
Старажытная беларуская літаратура на выставе ў межах Фестывалю беларускай культуры

«Пытанне асіміляцыі ў Польшчы даволі цяжкае, балючае для Беларусі. Тое, што маладыя розумы, якія атрымліваюць цудоўную адукацыю, не плануюць вяртацца, цалкам зразумела, бо людзі ўжо прыехалі сюды, адаптаваліся, яны не хочуць праходзіць зноў гэты шлях. Але мы лічым, што веды, якія мы атрымліваем тут, трэба выкарыстоўваць у нас, бо палітолагаў, журналістаў, спецыялістаў па міжнародных зносінах і дыпламатыі ў Польшчы вельмі шмат.

Мы, беларусы, можам рэалізаваць свой патэнцыял на радзіме. І таму «Ліхтар» спрабуе зацікавіць маладых людзей беларускай справай, каб яны ўспрымалі яе як частку сябе і сваёй будучыні. Калі гэтага не рабіць, не звяртаць увагу на моладзь, то будучыні ў Беларусі не будзе», — тлумачыць Аляксей.

«Ліхтар» мае пэўную структуру — ёсць людзі, адказныя за асобныя сектары: кантакты з іншымі ініцыятывамі, міжнароднымі партнёрамі. Ёсць чалавек, які займаецца каардынацыяй медыя арганізацыі, фінансавымі пытаннямі.

«Я з’яўляюся кіраўніком арганізацыі, але гэта не значыць, што мой голас — галоўны, і супраць мяне ніхто не можа ісці. Мы заўсёды прымаем рашэнні калегіяльна, тут сапраўды працуе гарызантальная сістэма», — заўважае Аляксей.

Арганізацыя пераважна існуе за кошт чальцоў. Месяц таму «Ліхтар» падаўся на першы грант — вынікі мусяць быць у пачатку ліпеня. Перад мерапрыемствамі арганізатары заўсёды падаюць запыт на фінансаванне ва ўніверсітэце — для Фестывалю беларускай культуры атрымалі станоўчае рашэнне. 

«Наша мэта — асвятляць шлях да свядомасці»

«Ліхтар» павышае свядомасць беларусаў і прывівае любоў да Бацькаўшчыны з дапамогай розных сродкаў. Фестываль беларускай культуры, які прайшоў 13-15 чэрвеня — адзін з самых яскравых прыкладаў. У галоўным холе ўніверсітэта праходзілі дзве выставы: адна — рэпрадукцый карцін беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай, другая — беларускіх кніг з бібліятэкі факультэта і гістарычных артэфактаў, звязаных з Беларуссю (грошай, старажытнай літаратуры, мапаў, гравюраў).

Выстава Вольгі Якубоўскай ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані
Выстава Вольгі Якубоўскай ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані

Ідэя Фестывалю беларускай культуры з’явілася ў самым пачатку існавання «Ліхтара». Летась ён быў галоўнай мэтай, і арганізатары яго зладзілі — на галоўным уваходзе ў факультэт можна пабачыць фотаздымкі колішняй імпрэзы. Зрабілі стэнд пра Беларусь, квіз з беларускімі слодычамі і падарункамі, выставу пра гісторыю нацыянальных сімвалаў.

Беларускія прысмакі і сувеніры на Фестывалі беларускай культуры
Беларускія прысмакі і сувеніры на Фестывалі беларускай культуры

Адбыўся канцэрт, на якім выступалі беларускія студэнткі, Познаньскі спеўны сход, рэпер Mandzik. На трэці дзень фестывалю ў галоўным холе танчылі «Лявоніху» — далучыліся і ўкраінцы, і палякі, гэта выглядала як сапраўднае свята. І напрыканцы атрымалася зрабіць тое, пра што Аляксей марыў ад самага пачатку — паказ запісу спектакля Купалаўцаў «Дзяды».

Сёлета апроч дзвюх выстаў у рамках фестывалю праходзіць канцэрт, мэта якога — прадставіць публіцы маладых беларускіх выканаўцаў.

 Кнігі з беларускай палічкі на Фестывалі беларускай культуры, чэрвень 2024 г.
 Кнігі з беларускай палічкі на Фестывалі беларускай культуры, чэрвень 2024 г.

«Беларуская палічка» ў бібліятэцы факультэта — таксама наша ініцыятыва, — тлумачыць Аляксей. — Мы праводзім лекцыі. З апошняга — лекцыя на Дзень палітзняволеных, пра сітуацыю палітычных зняволеных у Беларусі. У дзень прыезду Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Аліны Коўшык мы праводзілі лекцыю на тэму міжнароднай адказнасці Лукашэнкі за свае злачынствы. Вядзем разнастайныя рубрыкі ў сацсетках «Ліхтара»: «Слоўнічак», дзе мы распавядаем пра беларускія словы, «Эканамічную хвілінку», у якой тлумачым эканамічную тэорыю простымі словамі, «Беларускі спорт». Расказваем пра нашы традыцыі, напрыклад, пра малавядомыя танцы, або традыцыі, якіх ужо ніхто не прытрымліваецца, але якія калісьці існавалі«.

 «Ліхтар» у сацсетках
 «Ліхтар» у сацсетках

Што тычыцца грамадска-палітычнага сектара — тут студэнты робяць допісы ў калабарацыі з іншымі ініцыятывамі. Так, 8 траўня выйшаў тэкст разам з «Маладой грамадой» пра гістарычную памяць, пра тое, як савецкая і сучасная прапаганда мяняе факты, уплываючы на беларусаў.

Цяпер універсітэт залічвае практыку ў беларускіх структурах. Дзякуючы «Ліхтару»

Нядаўна студэнтам удалася запрасіць ў познаньскі ўніверсітэт Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку. Аляксей расказвае:

«Летась я паехаў у Гданьск на свой Дзень народзінаў. Праходзячы па галоўнай плошчы, убачыў дарадцу Офіса Святланы Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзьку. Я пазнаёміўся з ім і запрасіў да нас — на той момант «Ліхтар» ужо актыўна дзейнічаў: мы правялі сустрэчу з палітычным аналітыкам і экс-дыпламатам Міністэрства замежных спраў Паўлам Слюнькіным, на якую прыйшло шмат украінцаў і беларусаў. Анатоль Лябедзька запрасіў мяне на сустрэчу з беларусамі Гданьска і пагадзіўся да нас прыехаць увосень разам з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета Юрасём Губарэвічам. У Познані яны прадставілі прэзентацыю ініцыятывы кадравага рэзерву. Наш кантакт з ім на гэтым не скончыўся: ён запрашаў нас на канферэнцыі, семінары як прадстаўнікоў студэнцтва. Адной з такіх сустрэч была сустрэча са Святланай Ціханоўскай — там нам атрымалася яе асабіста запрасіць у Познань. Высветлілася, што тут адбывалася міжнародная канферэнцыя Impact, на якой яна мусіла выступаць як спікер. І яна вырашыла адначасова прыехаць да студэнтаў — гэта быў першы візіт дэмакратычнай лідаркі Беларусі ў Познань».

Кіраўнік «Ліхтара» згадвае неверагоднасць моманту. Усё праходзіла ў галоўнай залі факультэта. Перад сустрэчай было шмат перастановак, стваралася ўражанне, што людзі ўвогуле не прыйдуць. Але калі пачалася сустрэча, заля была забітая, не было месца, дзе сесці — на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай прыйшлі больш за 300 чалавек.

 Візіт Святланы Ціханоўскай ва Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані
 Візіт Святланы Ціханоўскай ва Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані

Падчас візіту ў Познань беларуская дэмакратычная лідарка сустрэлася з кіраўніцтвам Універсітэта Адама Міцкевіча. Прышлі да таго, што ўніверсітэт зацікаўлены ў падтрымцы беларускіх студэнтаў і ініцыятыў. Галоўнае — ён будзе прымаць пасведчанні аб практыках у беларускіх структурах — то-бок студэнты цяпер могуць праходзіць практыкі ў НАУ, Кабінеце, Офісе, беларускіх медыя. Дагэтуль практыку можна было прайсці толькі ў польскіх установах.

«Я яшчэ не вырашыў, дзе буду праходзіць практыку, але, магчыма, ёю стане сам «Ліхтар»», — кажа Аляксей.

 Сустрэча Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Універсітэта Адама Міцкевіча
 Сустрэча Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Універсітэта Адама Міцкевіча

«Мы будзем казаць пра праблемы беларускіх студэнтаў, каб нашай моладзі стала лягчэй»

«Ліхтар» супрацоўнічае з беларускімі і польскімі палітыкамі, кантактуе з моладзевымі крыламі беларускіх палітычных партый, спрабуючы разам з імі будаваць адну палітычную павестку — пра дапамогу нашым студэнтам. Вынікам сумеснай працы стала сустрэча ў Сенаце Польшчы.

«Ліхтар» разам з прадстаўнікамі моладзевай часткі палітычных партый перадалі адкрытыя лісты, дзе прапісалі дакладныя праблемы і прапановы паслам і сенатарам у Сейме і Сенаце Польшчы, асабіста віцэ-маршалку Сената Польшчы Міхалу Каміньскаму, маршалку Малгажаце Кідава-Блонскай.

Адно з пытанняў, якое ўзнялі студэнты — вызваленне ад аплаты за вучобу ў польскіх універсітэтах на падставе праграмы Кастуся Каліноўскага.

«Нягледзячы на тое, што тут добра вучыцца, універсітэт можа прапанаваць толькі зніжку 25% для стыпендыста праграмы, або ўвогуле ніяк не зменшыць аплату за вучобу. Мы прапанавалі, каб да раздзелу Устава адукацыі, дзе апісана вызваленне ад аплат, дадалі стыпендыстаў Каліноўскага. У рэгламенце Праграмы напісана, што ў яе набіраюць людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі. Студэнты не могуць атрымліваць дапамогу ад бацькоў, нармальна працаваць праз расклад заняткаў. І калі трэба плаціць за жыллё, харчаванне і яшчэ за ўніверсітэт — гэта проста немагчыма вывезці. Людзі перастаюць вучыцца, ідуць працаваць», — тлумачыць Аляксей.

Яшчэ адна праблема — візавыя запрашэнні. Шмат беларускіх студэнтаў, якія прыехалі сюды пасля масавых рэпрэсій, адарваныя ад сем’яў — бацькі не маюць магчымасці наведаць сваіх дзяцей за мяжой. Зараз запрашэнні можна рабіць, толькі калі ёсць польскае грамадзянства або сталы від на жыхарства ў Польшчы. Прадстаўнікі моладзі прапанавалі наступнае — магчымасць рабіць запрашэнні іншаземцам, у якіх ёсць часовы від на жыхарства і актуальны статус студэнта ў польскім дзяржаўным універсітэце.

Апошні запыт тычыўся дакументаў і апастыляў. Польскія дзяржаўныя ўніверсітэты пры паступленні патрабуюць пацверджанне дакументаў праз апастыль — зараз у Беларусі іх не выдаюць увогуле або ставяць на аловак чалавека, які яго папрасіў. Гэта небяспечна для маладых людзей, якія хочуць вучыцца ў Польшчы праз пераслед з боку рэжыму. Польскім заканадаўцам прапанавалі пазбавіць беларускіх студэнтаў неабходнасці рабіць апастыль.

«Нам сказалі, што гэтыя пытанні пусцяць на абмеркаванне, але мы не будзем спыняцца, на кожнай сустрэчы з польскімі афіцыйнымі прадстаўнікамі будзем пра гэта казаць, казаць пра іншыя праблемы беларускіх студэнтаў і рабіць усё, каб змены сапраўды насталі, каб моладзі стала лягчэй», — запэўнівае Аляксей.

«Студэнцкія рухі — гэта тое, што проста пераварочвала гісторыю»

У «Ліхтара» вялікія планы. Арганізатары збіраюцца праводзіць шмат выстаў і іншых культурных мерапрыемстваў, каб беларусы ядналіся.

Аляксей кажа: «Важна, каб пра нас ведалі ўкраінцы і палякі — для іх Беларусь загучала толькі ў 2020 годзе, а зараз у варунках вайны ў суседняй дзяржаве адышла на другі план. Мы хочам пра яе нагадаць, бо цяжка сказаць, ці ёсць увогуле больш блізкая за беларускую да Польшчы культура». 

«Ліхтар» збіраецца пашырацца — ёсць зацікаўленасць з боку студэнтаў Кракава, каб цесна супрацоўнічаць, або нават стварыць філіял арганізацыі. Ёсць зацікаўленыя студэнты ў Вроцлаве, Шчэціне.

«Варта звяртаць увагу на моладзевые ініцыятывы. Вельмі балюча бачыць, калі на канферэнцыях панелі па моладзі знаходзяцца апошнімі. Але студэнцтва — гэта вялікі патэнцыял, вялікая сіла. Калі мы паглядзім на гісторыю, убачым, што студэнцкія рухі — тое, што яе змяняла, проста пераварочвала! Я б хацеў параіць беларускім палітыкам больш увагі звяртаць на маладыя галасы, прасоўваць студэнтаў у палітыку», — заўважае Аляксей.

«Lichtar» на канферэнцыі, прысвечанай беларускаму пытанню ў Стакгольме
«Lichtar» на канферэнцыі, прысвечанай беларускаму пытанню ў Стакгольме

Ці будзе пры гэтым замінаць адсутнасць жыццёвага досведу? Кіраўнік «Ліхтара» тут катэгарычны — не.

«Калі хтосьці з маладых людзей прыходзіць у якую-небудзь ініцыятыву і прапануе сваю дапамогу, заўсёды з’яўляецца пытанне досведу. Але дзе малады чалавек яго возьме, калі яму не даюць магчымасць далучыцца? Ніхто не просіць адразу ставіць студэнтаў на пасады старшынь ініцыятыў, але трэба ангажаваць іх у сапраўды важную працу. Тады маладыя людзі атрымаюць неабходны досвед і патрэбныя веды, каб стаць сапраўднымі спецыялістамі для будучыні Беларусі».

Адказ на пытанне пра планы на будучыню Аляксей заканчвае проста:

«Не спыняцца. Гэта вельмі важная, слушная праца. Цяжкая. Але хто гэтым будзе займацца, апроч нас?».

Таццяна Краўчанка, Budzma.org
Фота з архіва арганізацыі «Ліхтар»