Пасля шматгадовага капітальнага рамонту быў урачыста адкрыты Дом № 1, першы корпус, у якім калісьці пачаў працу наваствораны БДУ. Многія сляды гісторыі старанна выскраблі. «Наша Ніва» распытала спецыялістаў, чаму так адбылося.
Гістарычны факультэт БДу задумвалі ператварыць у музей. Фота: Звязда
Працы па рэканструкцыі гістарычнага будынка ўніверсітэта па вуліцы Чырвонаармейская, 6 пачаліся яшчэ ў 2020 годзе. У пачатку лістапада наступнага года, калі дайшло да будаўнічых работ, гісторыкаў перавялі ў аддалены корпус на вуліцы Мендзялеева.
Першапачаткова была ідэя ператварыць корпус у своеасаблівы музей з вялікай экспазіцыйнай залай, нумізматычным кабінетам, копіямі антычных статуй у калідорах і стэндамі па гісторыі краіны. Архітэктары паказвалі рэндары з пампезнымі інтэр’ерамі, з якіх ужо было зразумела, што нічога старога, гістарычнага на гістарычным факультэце не застанецца. Атрымалася, як цяпер бачна, яшчэ горш.
Пампезныя інтэр’еры, якія паказвалі на рэндарах, так рэалізаваць і не ўдалося. Фота: Мінск-Навіны
Будынак гістфака ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік рэспубліканскага значэння адразу з дзвюма даціроўкамі — 1863–1867 і 1953–1957 гг. Сёння будынак выглядае як шараговы помнік савецкай неакласікі, але яго гісторыя больш складаная.
Першыя будынкі на гэтым месцы сапраўды былі пабудаваны ў 1860-я гг. купцом Сакерам. У адным з іх у пачатку XX стагоддзя размясцілася прыватная гімназія Фальковіча, выгляд якой захавалі паштоўкі таго часу. Пасля рэвалюцыі будынак быў нацыяналізаваны ў 1921 годзе тут размясціўся толькі што створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Будынак былой гімназіі стаў называцца «Домам № 1».
Будынак былой гімназіі Фальковіча быў разбураны ў час вайны. Большая яго частка была знесена, але актавая зала гістфака дагэтуль размяшчаецца ў захаваным дарэвалюцыйным крыле. Фота: Wikimedia Commons
У час Другой сусветнай вайны будынак быў разбураны. Яго не сталі аднаўляць, а пабудавалі на гэтым месцы ў 1950-я гады цяперашні чатырохпавярховы будынак. Але даціроўка ў Дзяржспісе не памылковая, была захаваная і ўмацаваная дваровая частка старога будынка, большую частку якой сёння займае актавая зала факультэта. Адрозніць старую частку ад новай можна па магутных, у два разы таўсцейшых сценах.
Дом № 1 БДУ ў час рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons
Да нядаўняй рэканструкцыі будынак гістфака захоўваў гэты савецкі флёр: калоны на фасадзе і ў фае, мазаічныя і паркетныя падлогі, ляпныя парталы, карнізы і разеткі, старыя дзверы і вітражы.
Усё гэта лічылася неад’емнай часткай помніка архітэктуры і было афіцыйна ўзята пад ахову. Але ў абноўленым будынку амаль нічога з гэтага не засталося. На падлогах з’явіўся чорна-белы керамаграніт, а ўсю ляпніну паглынулі падвесныя столі.
«Наша Ніва» папрасіла спецыялістаў у рэстаўрацыі пракаментаваць тое, што адбылося з помнікам архітэктуры.
Інтэр’еры гістфака БДУ да рэканструкцыі. Мазаічныя падлогі чаргаваліся з паркетам, сцены распісаныя пад мармур, столі ўпрыгожвалі ляпныя карнізы і разеткі. Фота: фэйсбук-суполка БДУ
Як сведчыць выяўленая дакументацыя, праект рэканструкцыі з элементамі рэстаўрацыі быў распрацаваны сталічнай фірмай «ІнжСпецБудПраект», а адказваць за захаванне ўсяго каштоўнага мусіла навуковая кіраўніца Алена Байнак.
Але да сваёй працы адказныя асобы, выглядае, паставіліся абыякава. Словы рэктара Андрэя Караля, што «антураж першага дома БДУ поўнасцю захаваны са спалучэннем сучасных элементаў», цалкам разыходзяцца з рэчаіснасцю. Грошы выдзяляліся на рэстаўрацыю, але рэстаўрацыі не атрымалася.
Ад старых інтэр’ераў засталася толькі парадная лесвіца. Фота да рэканструкцыі. Фота: фэйсбук-суполка БДУ
З задумак дызайн-праекта рэалізавалі толькі паўсюдны чорна-белы керамаграніт. Фота: Мінск-Навіны
Спецыялісты называюць праведзеныя работы здзекам з рэстаўрацыі, шкоднай і няўмелай халтурай. Будынак гістфака належыць нават не да шараговай гістарычнай забудовы — ён каштоўнасць 2-й катэгорыі, помнік рэспубліканскага значэння. Як адзначаюць спецыялісты, навуковыя кіраўнікі на такіх аб’ектах мусяць прымушаць праекціроўшчыкаў і заказчыкаў да таго, каб максімальна зберагчы тое, што захавалася, і па магчымасці аднавіць тое, што было страчана. Але на Чырвонаармейскай, 6 нічога гэтага няма. Наадварот, помнік архітэктуры выскраблены знутры падчыстую.
Усе інтэр’еры корпуса закатаныя ў аднастайны чорна-белы керамаграніт, які не мае нічога агульнага з гістарычным выглядам помніка. Фота: сацсеткі БДУ
Паводле меркавання рэстаўратараў, калі паркетныя і мазаічныя падлогі прызнаныя часткай помніка, то аднаўляцца пры рамонце мусяць менавіта яны. Яны лічаць, што тое, што было зроблена на гістфаку, рабілася ў абыход закону. Калі яшчэ з паркетнай дошкай чыноўнікаў маглі пераканаць гаспадарчыя і эксплуатацыйныя довады (дорага і зношваецца хутчэй за керамаграніт), то мазаічны бетон амаль вечны матэрыял. Яго замена на чорна-белы керамаграніт гэта спроба дагадзіць чыімсьці густам на шкоду помніку.
Кожны сантыметр столі быў зашыты падвеснымі канструкцыямі з дарагімі свяцільнямі пад даўніну, якія закрылі ляпныя карнізы і разеткі, якімі быў упрыгожаны будынак у 1950-я гг.
Ляпныя карнізы і разетка на столі ў фае гістфака БДУ, як і ўвесь іншы дэкор у помніку архітэктуры, быў зашыты за падвеснымі столямі і не паўтораны. Фота: Wikimedia Commons
«Гэта паўсюдная бяда: сумежныя спецыялісты пракладаюць усе свае камунікацыі гэтак жа, як у якім-небудзь офісным будынку, але на помніках такі падыход недапушчальны. У гістарычных будынках усе камунікацыі ішлі ў сценах, а столі былі ўпрыгожаны дэкорам.
Бачна, што гістфак не быў разлічаны пад такое: у калідорах падвесныя столі напаўзаюць на вокны, а ў актавай зале нават на скульптурны партал сцэны!» — заўважае адзін са спецыялістаў, да якога мы звярнуліся.
Часам праз гістарычны помнік неабходна пусціць вентыляцыйную трубу, каб падтрымліваць пэўны мікраклімат, напрыклад, у музеі. Але ў навучальным корпусе, дзе паветра ў прасторных аўдыторыях абнаўляецца на кожным перапынку, а таксама можна проста адчыніць акно, яна непатрэбная.
Падвесная столя ў актавай зале апушчана так нізка, што залезла на ляпны партал сцэны. Але гэта адзінае месца, дзе паўтарылі дэкаратыўныя разеткі на столі. Фота: сацсеткі БДУ
Кодэкс аб культуры дае найвышэйшы прыярытэт ахове спадчыны — на помніку архітэктуры можна адступіць ад патрабаванняў любых будаўнічых нормаў, калі ўзнікаюць супярэчнасці з захаваннем яго адметнасцей.
На гэта спакойна глядзяць і ў Міністэрстве архітэктуры, і ў экспертызы, нават непахісныя звычайна пажарнікі адступаюць перад гэтым законам.
«Адна з галоўных задач навуковага кіраўніка даводзіць гэта да праекціроўшчыкаў, абараняць помнік перад патрабаваннямі экспертызы і пажаданнямі заказчыка.
Сёння ж часта можна бачыць адваротную сітуацыю: так званы навуковы кіраўнік дапамагае абгрунтоўваць знішчэнне гісторыі, каб дагадзіць заказчыку і выканаць патрабаванні нормаў, якія змяняюцца штогод», — тлумачыць рэстаўратар.
Узноўлены працоўны кабінет першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. Фота: сацсеткі БДУ
Аўдыторыя імя Пічэты. Апушчаныя на вокны падвесныя столі, бутафорскі дэкор на сценах, хаатычна раскіданыя датчыкі, разеткі і кандыцыянеры — прыкметы любога беларускага «еўрарамонту» ў гістарычных будынках. Фота: сацсеткі БДУ
Ляпніну маглі імітаваць і на новай столі, гэтаму нічога не замінала, але замест яе або молдынгі з крамы, або зусім нічога. Толькі ў актавай зале паўтарылі вялікую разетку. Яшчэ трохі бутафорскага дэкору, якога ніколі не існавала, дадалі ў аўдыторыю № 208, прысвечаную першаму рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту. Тут жа за шкляной перагародкай узноўлены працоўны кабінет навукоўца са старасвецкім сталом, кнігамі і яго асабістымі рэчамі.
Цёмныя стэнды з гістарычнай інфармацыяй дрэнна ўпісваюцца ў амаль беласнежныя інтэр’еры калідораў. Фота: сацсеткі БДУ
Гэта напэўна самая яркая частка будынка. Нягледзячы на насычаныя колерам рэндары, у рэальнасці ж будынак унутры аказаўся бела-шэрым. На 2-м і 3-м паверхах факультэта размясцілася больш за 80 стэндаў і экспазіцый. Цёмныя, амаль чорныя стэнды з гістарычнай інфармацыяй выглядаюць прынесенымі сюды з нейкіх зусім іншых інтэр’ераў.
Інтэр’еры помніка архітэктуры пасля рамонту амаль цалкам пазбаўлены колеру. Фота: сацсеткі БДУ
«Правільна падабраныя колеры якраз у першую чаргу перадаюць „гістарычнасць“ інтэр’ераў. Белыя столі, лепка, калоны, балюстрада — непісьменны сучасны стэрыятып», — адзначае другі спецыяліст.
Рэшткі дэкаратыўнага пано з Кастусём Каліноўскім, знішчанага ў час «рэстаўрацыі» корпуса.
Тыя дэкаратыўна-манументальныя творы, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры раней, як пано з Кастусём Каліноўскім і сюжэтам з твораў Янкі Купалы, былі проста разламаныя і знішчаныя. Гэта вядома па тых кадрах, якія паступалі з будынка ў час будаўніцтва. Невядома, што стала з вітражамі, якія ўпрыгожвалі вокны адной з аўдыторый.
Аранжавыя жалюзі ў буфеце як сімвал безгустоўшчыны. Фота: сацсеткі БДУ
«Мы бачылі толькі частку будынка пасля рэканструкцыі, невядома што стала са спартовай залай, дзе хацелі зрабіць музей. Але тое што бачылі, пакідае сумнае ўражанне. Паўсюль кідаюцца ў вочы непрадуманасць: дзверы зроблены як бы па прыкладзе старых, але фігурныя ручкі сучасныя, магазінныя, фрамугі, якія мусяць быць зашклёнымі, чамусьці цалкам глухія. У буфеце мы бачым нечаканую яркую пляму — аранжавыя жалюзі ў найгоршых традыцыях 2000-х гадоў. Навошта распрацоўвалі цэлы дызайн-праект, калі атрымалася правінцыйная забягалаўка?»
На столях зроблены простыя кесоны, а замест гістарычнай ляпніны карыстаны молдынгі з будаўнічай крамы. Невядома па якой прычыне фрамугі дзвярэй выкананы без шкла. Фота: сацсеткі БДУ
Адзінае, што засталося гістарычнае ў інтэр’еры — дзве калоны ў фае, і парадная лесвіца з бетоннымі прыступкамі ды фігурнымі балясамі. На фоне бляску керамаграніту, у які закаталі ўвесь корпус, савецкі бетон выглядае вельмі дзіўна, нават архаічна.
На думку рэстаўратараў, многія насельнікі корпуса могуць пагадзіцца з тым, што там нічога каштоўнага не было, але гэта не так. Архітэктура дэградуе з часам, вельмі дрэнна глядзяцца ўжо нават будынкі 1980-х гадоў, не кажучы пра пасляваенныя ці дарэвалюцыйныя. З кожным паднаўленнем страчваюцца ці скажаюцца нейкія элементы: калісьці прывабны будынак ператвараецца ў проста скрыню.
«У гэтым палягае розніца паміж абывацелем і спецыялістам у рэстаўрацыі. Апошні мусіць бачыць тое, чаго іншыя не заўважаюць, і выяўляць гэтыя рэчы так, каб яны былі бачныя іншым», — адзначае рэстаўратар.
Нават паўтарыць паўкруглыя аркі ў будаўнікоў не атрымалася. Фота: сацсеткі БДУ
Нават калі не браць ва ўвагу гістарычнасць і навуковую абгрунтаванасць інтэр’ераў, то многія месцы падаюцца непрадуманымі, а выкананне работ неахайным. Так, напрыклад, будаўнікі не змаглі паўтарыць з гіпсакардону паўкруглыя аркі ў калідорах, яны атрымаліся крывымі.
«Такое трэба прымушаць пераробліваць пакуль не будзе як мае быць. Ніхто гэтага не зрабіў. Цяпер у арак лёгкая спічастасць — ці то „намёк“ на готыку, ці то на „арабскую ноч“ з Аладзіна», — іранізуюць спецыялісты.
Праблему бачаць у агульная дэградацыя будаўніцтва ў Беларусі. Сёння адшукаць людзей, якія сапраўды нешта могуць рабіць рукамі больш складанае за рамонт у кватэры, вельмі складана.
Ніякага ліцэнзавання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях не існуе — брыгада, якая да гэтага рабіла толькі кароўнікі, заўтра можа працаваць у помніку архітэктуры.
Групавое фота чыноўнікаў і студэнтаў у фае гістфака БДУ. У самым парадным месцы бачныя правады, датчыкі і лічыльнікі — пра візуальную чысціню ніхто не падумаў. Фота: сацсеткі БДУ
Але ўскладаць адказнасць толькі на будаўнікоў таксама не варта, у абноўленым корпусе шмат і візуальнага смецця, за якім не даглядзелі архітэктары.
«Больш як чатыры гады людзі займаліся аб’ектам. А па выніку па ўсіх сценах цягнуцца „соплі“, як мы называем правады, на самых бачных месцах вісяць нейкія датчыкі, карабы, паказальнікі выхаду, то тут, то там вылазяць кандыцыянеры. Вы ж робіце капітальны рамонт, кожны провад можна было заштрабіць у сцяну, кожны непатрэбны элемент, гэтую візуальную мішуру — прыхаваць, замаскіраваць. Часу было больш чым дастаткова», — расчаравана заўважае адзін з суразмоўцаў.
На фоне той трагедыі, якая адбылася з інтэр’ерамі, фасады глядзяцца быццам і няблага: захаваны эфект чаргавання рознай фактуры рустоўкі, архітэктурныя дэталі падноўлены і вылучаны іншым колерам, як і было ў 1950-я гг., вокны новыя, але вельмі падобныя да гістарычных, а замест пластыкавых дзвярэй на ўваходзе пастаўлены прыгожыя драўляныя дзверы з латуннымі ручкамі, відаць, адноўленыя па архіўных чарцяжах.
Як адзначаюць спецыялісты, бачна, што фасадам надавалася больш увагі, бо на іх глядзяць усе, у тым ліку высокія чыноўнікі, якія працуюць у гэтым урадавым квартале. Але і тут не абышлося без прыкрай халтуры: калі аднаўлялі ніжнюю частку партала, якая доўгі час была памаляваная проста шэрай фарбай, то не змаглі падабраць адпаведны тон і нават паўтарыць руст (шво), як у верхняй частцы партала.
Галоўны ўваход да рэканструкцыі будынка. Замест пластыкавых дзвярэй паставілі драўляныя, але цалкам збілі пашкоджаныя базы паўкалон. Фота: Wikimedia Commons
«Паўкалоны паабсыпаліся ў ніжняй частцы, іх 70 гадоў як умелі рамантавалі. Іхнія падножжы, так званыя базы, страцілі сваю форму, але да рамонту яшчэ пазнаваліся.
Немагчыма было нават уявіць, што ў час „рэстаўрацыі“ іх проста саб’юць і роўненька затынкуюць тое месца! Вядома, так будаўнікам прасцей, але куды глядзелі праекціроўшчыкі, навуковы кіраўнік, кантралюючыя органы?» — абураецца іншы суразмоўца.
Базы паўкалон порціка ў час «рэстаўрацыі» былі проста збітыя і затынкаваныя, як быццам іх ніколі і не было. Фота: БелТА
Іранічна, што адна з пяці спецыяльнасцей на гістарычным факультэце называецца «музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Студэнтаў будуць вучыць зберагаць гісторыка-культурныя каштоўнасці ў знішчаных гістарычных інтэр’ерах помніка архітэктуры.
Спецыялісты абнадзейваюць, што гістарычны выгляд помніка, на шчасце, быў зафіксаваны да знішчэння, а значыць у будучыні будзе магчымасць ачысціць гістфак ад вынікаў «еўрарамонту», аднавіўшы страчанае. Праўда, можа мінуць не адно дзесяцігоддзе.