Як выглядалі амаль стагоддзе таму папулярныя сёння турыстычныя аб’екты і ўнікальныя помнікі архітэктуры, што не захаваліся да нашых дзён? Шанц убачыць іх даюць старыя фотаздымкі. Прапануем выправіцца ў працяг незвычайнага падарожжа ў часе і прасторы разам са славутым фотамайстрам Янам Булгакам, чые фотаздымкі мы «ажывілі» і расфарбавалі пры дапамозе нейрасетак. А пачнем мы з роднай для Булгака Навагрудчыны...
Першую частку фотападарожжа глядзіце тут: Незабыўная вандроўка са славутым фотамайстрам
Гэтак званы «Дом ваяводы» на навагрудскай вуліцы Ваяводскай (фота паміж 1930 і 1939 гг.). Даволі рэдкі выпадак, калі здымак зроблены ў нетыповы для фотасесіі час — узімку, а аб’екту пашанцавала захавацца да нашага часу
Сёння ў «Доме ваяводы» размешчаны аддзел адукацыі Навагрудскага райвыканкама
А гэты сядзібны будынак застаўся неідэнтыфікаваным — пад фотакарткай лаканічны подпіс «Сядзіба ў Навагрудку». Магчыма, атаесамленнем і выяўленнем лёсу гэтага будынка будзе цікава заняцца краязнаўцам?
Прыгожая ўязная алея і сядзібны дом у Начы, што ў сучасным Ляхавіцкім раёне, зафіксаваныя на здымках паміж 1925–1930 гг.
Гістарычна называлася Нача Брындзоўская — ад імя ўладальніка Аляксандра Брындзы, войскага навагрудскага за часам Жыгімонта Аўгуста (а з 1798 г., калі была секулірызавана ў езуітаў, стала вядомай і як Нача Чарноцкіх), у адрозненне ад суседняй Начы Свянціцкіх. Яе перадапошні ўладальнік, Напалеон Казіміравіч Чарноцкі (1866–1937), выхаваны ў дэмакратычнай атмасферы, прымаў удзел у рэвалюцыйных гуртках і быў у свой час вядомым перакладчыкам і публіцыстам. Публікаваўся ў выданнях «Минский курьер», «Głos» (Варшава), «Źródła mocy» (Вільня)
Сядзібнаму дому Чарноцкіх таксама пашанцавала — ён захаваўся да нашых дзён. У нашыя дні апошнім уладальнікам сядзібнага дома было прадпрыемства па вырабе воцату.
На здымку выгляд ад Каложскай царквы на гарадзенскія замкі
Мінулы раз мы таксама звярталі ўвагу на здольнасць фатографа перадаваць фактуру праз чорна-белы здымак. Расфарбоўка фота Крэўскага замка, здаецца, толькі падкрэсліла велічнасць і старадаўнасць ягоных муроў
Муры Крэўскага замка. Здымак 1930-х гг.
Фотамайстра застаецца верным сабе і свайму таленту ў перадачы непаўторнага хараства прыроды, шчырага погляду на «люд тутэйшы», ягоны побыт і жыццё.
На здымку — дарога ў ваколіцах Парахонска на Піншчыне падчас пад’ёму вады
Драматычны лёс напаткаў Беразвечча (сёння — паўночна-ўсходняя частка г. Глыбокае) і ягоны велічны комплекс базыльянаў
Пасля скасавання Ордэну маёмасць адышла да Рускай праваслаўнай царквы. У міжваенны перыяд у самім кляштары месціўся польскі гарнізон аховы памежжа. З «вызваленнем» Заходняй Беларусі ў гэтых будынках размясцілі следчую турму НКУС. Пасля ўварвання войскаў Трэцяга рэйху НКУС ліквідаваў турму і яе вязняў — па розных ацэнках, было забіта ад некалькі сотняў у мурах кляштара да некалькіх тысячаў падчас перагону вязняў. Падчас нацысцкай акупацыі тут дзейнічаў лагер смерці, дзе загінула каля 27 тысяч ваеннапалонных. А пасля вайны, у 1970 г., быў разбураны касцёл базыльян, а будынак кляштара і далей выкарыстоўваўся як турма.
Рынкавая плошча і Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве на здымку 1926 г.
Мястэчка Здзецел (менавіта так, да русіфікацыі сваёй назвы ў 1866 г., называўся горад Дзятлава) — адзін з добрых прыкладаў, як магла б развівацца літвінская цывілізацыя, якім шляхам ішла урбанізацыя беларускіх мястэчак, пакуль гэты працэс не спыніла расійская акупацыя. Так, на канец ХІХ ст. мястэчка налічвала крыху болей за 3 тысячы чалавек, але пры гэтым да пачатку Першай сусветнай вайны тут працавалі ватная фабрыка, пяць мёдаварняў, лесапільня, цагельня і два гарбарныя заводы. У мястэчку дзейнічалі мураваны касцёл (узведзены ў 1624–1646 гг., перабудаваны ў стылі віленскага барока ў XVIII ст.), драўляная царква і дзве сінагогі; працавалі народнае вучылішча, паштовая станцыя, валасная ўправа, крамы, заезныя двары і корчмы. За савецкім часам статус мястэчка панізілі да «пасёлка гарадскога тыпу» і толькі ў 1990 г. вярнулі яму статус горада (але русіфікаваная назва так і засталася).
Сядзібна-паркавы ансамбль Ваўчацкіх у Гародзьках на Валожыншчыне. Здымак зроблены каля 1934 г. з пад’язнога боку і з’яўляецца ўнікальнай выяўленчай крыніцай — і сядзіба, і комплекс не захаваліся.
У даведніках і краязнаўчай традыцыі ансамбль у Гародзьках атрымаў не зусім карэктную назву — комплекс быў закладзены яшчэ ў канцы XVIII ст. Прушынскімі і потым некалькі разоў мяняў гаспадароў. Апошняй уладальніцай была Марыя-Карнэлія Ваўчацкая (памерла ў 1942 г. у Табольску), дачка Мікалая Фельдмана, удзельніка паўстання 1863 г., які быў сасланы ў расійскі Арэнбург на 20 гадоў, — па Ваўчацкай комплекс і атрымаў назву.
Сядзіба Незабытоўскіх у Алешавічах на Гарадзеншчыне (суч. Мастоўскі раён), здымак паміж 1919 і 1939 гг.
Гісторыя маёнтка — яшчэ адна сумная старонка «захаванасці» нашай спадчыны... Напрыканцы XVIII ст. Ян Незабытоўскі купіў маёнтак у сям’і Барановічаў. Сядзібны дом у тым выглядзе, як ён патрапіў на фота, адбудаваны ў XIX ст. У 1941 г. савецкія вайсковыя часткі пра адступленні ўзарвалі размешчаны тут склад (у будынку лямуса) са снарадамі. Узняўся такі моцны пажар, што не толькі спаліў маёнтак, але і ўсю вёску ператварыў на папялішча...
Па здымках, зробленых Янам Булгакам зблізу, цяжка ацаніць маштабнасць архітэктурнага комплекса, аднак уявіць сабе, як выглядала сядзіба цалкам, можна па акварэлях Напалеона Орды (1840-я гг.)
Выгляд вёскі Багданава на Ашмяншчыне, здымак 1919–1929 гг.
Немагчыма ўявіць сабе фотаталент Яна Булгака, не ўбачыўшы ягоныя здымкі вёскі Багданава — радзімы і месца пахавання славутага мастака Фердынанда Рушчыца, наноў адкрытага ў сябе на радзіме (яшчэ адносна нядаўна ў музеях краіны захоўвалася ўсяго адна праца мастака!). Краявіды бясконца натхнялі Рушчыца — колькасць палотнаў, малюнкаў, скетчаў, зробленых у самім Багданаве, ва ўласнай сядзібе і ў наваколлі проста немагчыма пералічыць!
Сядзібны комплекс Рушчыцаў у Багданаве складаўся з двух сядзібных будынкаў і гаспадарчых пабудоў. На здымку Яна Булгака — стары аднапавярховы дом з лістоўніцы ў традыцыйным стылі беларускай архітэктуры
Драўляная сядзіба («цёплы дом»), якой аддавала перавагу падчас пражывання ў Багданаве сям’я Рушчыцаў, нязменна патрапляла на палотны мастака. Гэта праца зроблена каля 1902 г. і зараз знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Чыкага (ЗША)
Мураваны двухпавярховы палац з портыкам (меў назвы «мур», «скарбец»), зафіксаваны на здымку Яна Булгака, быў пабудаваны ў стылі класіцызм. Дом лічылі «халодным», таму тут у асноўным размяшчалася бібліятэка, майстэрня, мастацкія зборы. Часта будынак ператвараўся ў гасцявы домік
Фердынанд Рушчыц. «Старое гняздо», 1898. Мураваная сядзіба таксама часта рабілася цэнтральнай тэмай палотнаў мастака.
Сядзіба Вендарфаў у вёсцы Галынка (суч. Клецкі раён). Здымак каля 1937 г.
Сядзібны аднапавярховы дом у Галынцы — яшчэ адзін прыклад традыцыйнай драўлянай архітэктуры. Ад комплекса, акрамя капліцы ў памяць аднавяскоўцаў, што не вярнуліся з чужой, руска-японскай вайны, і рэштак гаспадарчага будынка нічога не захавалася...
Лявонпаль (цяпер у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці). Здымак 1930-х гг.
Лявонпаль — гэта адно з «месцаў сілы» і прыклад пакручастага лёсу нашай спадчыны. Тут у 1750 г. па замове берасцейскага ваяводы Мікалая Тадэвуша Лапацінскага пачалі ўзводзіць невялікую сядзібу. Менавіта адсюль паходзіць адна з нешматлікіх ацалелых калон у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая — адной з першых у свеце канстытуцый, што мела шмат перадавых ідэй у сацыяльна-палітычнай арганізацыі дзяржавы і грамадства. У ХІХ ст. да сядзібнага комплекса дадалі прыгожую ўязную браму, якая да нашых дзён не захавалася. Сядзібны комплекс акружаў парк, разбіты на французскі манер. За ўдзел уладальнікаў у паўстанні 1831 г. сядзібу разрабавалі расійскія казакі, а за пратэсты супраць скасавання уніі (як саміх Лапацінскіх, так і мясцовых сялян), сядзібу ўвогуле секвестравалі. У 1919 г. будынак адрамантавалі і прыстасавалі пад касцёл. У савецкі час статус мястэчка панізілі да вёскі, а ў сядзібным будынку працяглы час месціўся прафілакторый. Толькі ў 1990-я гг. пабудова вярнулася вернікам, што і захавала яе ад далейшага разбурэння...
Сядзібная алея ў Анопалі, фота паміж 1901 і 1917 гг.
Старажытная вёска Кропіцы (у 33 км ад Мінска) доўгі час належала Халецкім, пакуль Ганна (Анна)-Кунігунда Халецкая не стала жонкай Альбрэхта Радзівіла (маршалак Галоўнага трыбуналу ВКЛ, удзельнік антырасейскай Барскай канфедэрацыі). Згодна з модай XVIII—ХІХ стст. на перайменаванні ў гонар шлюбу ці нараджэння спадкаемцы, сядзіба атрымала новую назву — Анопаль (Аннапаль), па жонцы Радзівіла, а за суседняй вёскай, сучасным цэнтрам сельсавету, засталася старая назва — Крупіца. Не захаваліся ні сядзібна-паркавы комплекс Радзівілаў, ні Касцёл Святой Ганны (XVIII ст.).
Адзінае сведчанне, як выглядала сядзіба і касцёл у Анопалі ў 1840-х гг., нам пакінуў Напалеон Орда
Сярод здымкаў з Міншчыны немагчыма абысці і зафіксаваныя краявіды ў ваколіцах Мінска. Што праўда, Булгак засяроджваў сваю ўвагу менавіта на аддаленых у той час ад горада лакацыях — напрыклад, гістарычная Лошыца ў міжваенны перыяд у асноўным заставалася па-за горадам, нават пасля пашырэння гарадской мяжы.
Пад гэтай фотакарткай з альбома «Літва» сціпла пазначана — «Лошыца, вёска пад Мінскам», так што нават і не зразумела, якая з дзвюх Лошыц маецца на ўвазе — Лошыца Немаршанская ці Лошыца Прушынскіх-Любанскіх
Спадзяемся, нашыя віртуальныя вандроўкі вам спадабаліся. Здымкі, якія не ўвайшлі ў артыкул, можна ўбачыць у нашым Інстаграме. Сачыце за публікацыямі «Будзьма!» у сацыяльных сетках.
Усе фота ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц, лічбавая апрацоўка праведзена пры дапамозе даступных анлайн-сэрвісаў, у тым ліку рэсурсу myheritage.com.
Змітро Пілецкі, budzma.org