Ян Маўзер: “МАМА” — гэта натуральная музыка

17.04.2014 Музыка

Экс-лідар гурта Mauzer прадстаўляе свой новы праект “МАМА”.

Янкі Маўзера не было на даляглядзе чатыры гады. У 2010 годзе перад самай прэзентацыяй новага альбома «Porna» гурт Mauzer фактычна распаўся. Два ўдзельнікі каманды з’ехалі працаваць у Санкт-Пецярбург разам з гуртом IOWA. Янка з гітарыстам Колхзам вымушаныя былі на мінскай прэм’еры «Porna» ў “Рэактары”, на якую разышліся практычна ўсе квіткі, залагоджваць публіку акустыкай. Ян абяцаў вярнуцца ды зайграць песні ў арыгінале, але ўсё складалася не на яго карысць. У выніку ён нават з Колхзам разышоўся і намагаўся набраць абсалютна новы склад. Па працы Маўзер пераехаў у Кіеў, але ўсё адно не кідаў ідэі аднавіць гурт і наязджаў у Мінск на рэпетыцыі. Але кінуў і гэта — сказаў, што ў новых музыкаў яўны “нестаяк” да яго музыкі, ды канчаткова прыкрыў гурт, які ўжо стаў брэндам на беларускай сцэне.

Вярнуўся Ян ужо з гуртом з новай назвай, абсалютна іншымі ўдзельнікамі ды адрознай музычнай канцэпцыяй. Назва яго каманды — “МАМА”.

Як успрымаць тваё з’яўленне? Вяртанне, напамін пра сябе, перазагрузка?

— Ведаеш, я ніколі не пераставаў пісаць і спяваць. Калі не стала MAUZER, пачаў часцей пісаць песні цалкам, а не толькі тэксты. І мне спадабалася. Гэта арганічна — я чую музыку, якая ёсць у словах. Я жыву ў Кіеве, пяю сябрам-украінцам свае беларускія песні, ім падабаецца.

—  З “Маўзерам” скончана зусім?

— Так. Мы ў выдатных стасунках, але ў кожнага свая музыка.

— Чым адрозны праект “МАМА” ад таго, што ты рабіў раней?

—  “МАМА” — гэта натуральная музыка. Так сталася, што ўсе мае тэксты выдатна аранжуюцца менавіта ў класічны рок. Мы выбралі самы шырокаэмацыйны фармат. Бо метал, як ні круці, — усё ж вузкаэмацыйная музыка. Гэта добра, калі трэба пракрычаць, але зусім не падыходзіць, калі трэба проста пасумаваць ці застацца разгубленым — залішняя тэатральнасць. Не прэтэндую на ісціну, толькі ўласнае адчуванне.

— Ведаю, што сярод імаверных назваў новага гурта фігуравалі яшчэ “Нуар” і “Амерыка”. Чаму ўрэшце спыніліся на гэтай?

— Я бачыў інтэрв’ю ўлюбёнага Цоя, які тлумачыў назву «Кіно» так: часта сустракаецца слова, вакол піяр (смяецца). Мы падумалі, што “мама” сустракаецца яшчэ часцей, і, напэўна, гэта самае міжнароднае слова. Таксама была версія: тата ў Беларусі ўжо ёсць, не хапае “МАМЫ” (смяецца).

— Прадставіш тых, з кім граеш цяпер?

— Гэта рабіць з некаторых прычынаў рана. Але ўсе беларусы, усе людзі вядомыя. Магу сказаць толькі, што музыку да нашага сінгла напісаў Сяргей Нікалайчанка, высокакласны гітарыст, вядомы з праекта “Віртуальныя тэхналогіі”. А звядзенне і майстраванне рабіў Уладзімер “Колхз” Селядцоў — колішні гітарыст і аўтар песень гурта Mauzer.

— Калі і дзе вас можна пабачыць і чаго яшчэ ў найбліжэйшай будучыні чакаць ад гурта?

— Найбліжэйшым часам мы выступаць не плануем. Цяпер вядзецца праца над кліпам на “Вам!”, здымалі ў Кіеве, калі толькі пачаліся першыя пратэсты на Майдане. Гэтага няма на карцінцы, але ёсць адзін выпадковы ледзь заўважны момант — для самага пільнага гледача. Ён асабіста мне грэе душу. Плануем выпусціць праз некаторы час, калі наш сябар Жэня Бык зробіць яшчэ здымкі ў Піцеры.  Таксама запісаныя вакальныя партыі яшчэ дзвюх песень, пішуцца інструменты і будзем аддаваць “супэрКолхзу” на звядзенне й майстар. Шукаем чалавека, які зробіць сайт. Канцэрты будуць пазней.

ПРЭМ’ЕРА СІНГЛА “ВАМ!” ГУРТУ “МАМА” — НА TUZIN.FM

Ян Маўзер — спявак, рок-паэт з Магілёва. Экс-франтмэн гурта MAUZER — аднаго з лідараў беларускай рок-музыкі новага пакалення. Разам з гуртом перамог на фестывалі “Басовішча” ў 2005 годзе, лаўрэат фэста “Рок-Кола-2005”, уладальнік “Рок-Кароны” за “Дэбют года” на цырымоніі “Рок-Каранацыя-2005”, на “Рок-Каранацыі-2006” Ян Маўзер прызнаны “Выканаўцам года”. Гурт выступаў на буйных фестывалях “Воздух-2007” у Расіі і Be2gether-2008 у Літве. Іх апошні альбом “Pornа” ўвайшоў у тройку найлепшых дыскаў першага паўгоддзя 2010 паводле версіі сайта Experty.by.

Размаўляў Сяргей Будкін