У дзень народзінаў вядомага беларускага пісьменніка Алеся Якімовіча, які не толькі сам стаў класікам, але дапамог узабрацца на літаратурны Алімп і іншым аўтарам, расказваем пра пакручасты і захапляльны жыццёвы шлях аднаго са стваральнікаў беларускай дзіцячай прозы.
Алесь Якімовіч
Родам з «літаратурнага гняздовішча»
Алесь Якімовіч нарадзіўся ў вёсцы Чурылава, што ва Уздзенскім раёне на Міншчыне. Гэты невялічкі рэгіён быў 100 гадоў таму самым сапраўдным «літаратурным гняздовішчам», як называў яго эмігранцкі літаратурны крытык Антон Адамовіч. І складаў канкурэнцыю Віленшчыне, адкуль традыцыйна паходзілі многія культурніцкія ды палітычныя беларускія дзеячы пачатку ХХ стагоддзя.
З Уздзеншчыны акрамя ўласна Якімовіча паходзіць шмат беларускіх паэтаў і празаікаў. Найбольш вядомыя з іх — гэта Кандрат Крапіва, Лідзія Арабей, Сымон Баранавых, Антон Бялевіч, Пятро Глебка, Ілля Гурскі, Алесь Махнач, Алесь Пальчэўскі, Паўлюк Трус.
З’явіўся на свет Алесь Якімовіч у самай звычайнай шматдзетнай і небагатай сялянскай сям’і — тыповая для таго часу біяграфія пісьменніка. Прыгожым пісьменствам захапіўся яшчэ ў маладыя гады. А калі вучыўся ва Уздзенскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, дык пасябраваў з Паўлюком Трусам і Пятром Глебкам, якія пазней стануць таксама яшчэ і ягонымі паплечнікамі па «Маладняку».
Уплыў Якуба Коласа
Алесь Якімовіч атрымаў вельмі добрую адукацыю нават па мерках ранняй БССР. Акрамя ўздзенскай вучэльні і двухмесячных настаўніцкіх курсаў, вучыўся будучы пісьменнік таксама ў 1921–1926 гадах і ў знакамітым Беларускім педагагічным тэхнікуме, адкуль выйшлі многія літаратары міжваеннага часу.
Відавочна, што гісторыя гэтай навучальнай установы яшчэ чакае свайго ўдумлівага даследавання і асэнсавання, бо нават са сціплых згадак пра яе робіцца зразумела, што гэта быў болей чым проста тэхнікум, што рыхтаваў педагогаў. Так, Франц Гінтаўт, згадваючы свайго сябра, таксама беларускага празаіка Лукаша Калюгу, пісаў:
«Белпедтэхнікум у 20-я гады рыхтаваў настаўнікаў, але адначасова быў і сапраўднай літаратурна-мастацкай школай. Былыя навучэнцы мелі падставу, калі ва ўспамінах пісалі, што ён нагадваў ліцэй часоў Пушкіна. Мабыць, не было ў той час іншай установы, якая б выпеставала такую колькасць таленавітых беларускіх пісьменнікаў, — іх выйшла адтуль больш за дваццаць.
Так здарылася, што ў сталічным педтэхнікуме на пачатку яго станаўлення падабралася плеяда таленавітых пісьменнікаў-пачаткоўцаў, яны і заклалі там фундамент літаратурнай школы. Гэтаму шмат пасадзейнічаў і Якуб Колас, які тады працаваў у тэхнікуме выкладчыкам, імя яго было прыцягальным для літаратурнай моладзі.
Фотаздымак Якуба Коласа з лістападаўскага нумара часопіса «Беларускі піонэр» за 1926 год.
У духоўным развіцці немалую ролю адыграла багатая бібліятэка, літаратурныя вечары і дыскусіі. На ўвесь горад славіўся тэхнікумаўскі хор пад кіраўніцтвам вядомага хормайстра У. Тэраўскага. Шмат чаго рабілася для таго, каб мы былі ідэйна і маральна загартаванымі настаўнікамі, маглі несці святло ідэй савецкай улады ў народныя масы».
Алесь Якімовіч акурат і быў з шэрагу тых, каго натхняў і заахвочваў класік да літаратурнай працы. Малады паэт, а пачынаў ён акурат з верашаў, не стаяў ля вытокаў «Маладняка» — яго не было на гістарычным паседжанні ў лістападзе 1923 года, калі было заснаванае гэтае знакамітае літаратурнае аб’яднанне.
«Маладняк» узору 1924–1925 гадоў. 1-шы шэраг: Я. Падабед, А. Якімовіч, М. Чарот, А. Дудар, Я. Пушча; 2-гі шэраг: А. Бабарэка, Н. Чарнушэвіч, П. Трус, А. Вольны, А. Александровіч, К. Чорны (1925). Крыніца ілюстрацыі: Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва : камплект рэпрадукцый / Установа «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва»
Аднак у вельмі хуткім часе разам з памянёнымі вышэй сябрамі па вучылішчы ва Уздзе Паўлюком Трусам і Пятром Глебкам Алесь Якімовіч далучыўся да дзейнасці арганізацыі. Неўзабаве ягоная паэзія з’явілася і на старонках «Маладняка», а ў 1925 годзе выйшла кніга пад сціплай назвай «Вершы» накладам у 1500 асобнікаў.
Вокладка кнігі паэзіі Алеся Якімовіча «Вершы», 1925 год
Але сапраўдную вядомасць Якімовічу прынесла не паэзія, але проза. Прычым проза дзіцячая, якую, праз вялікую патрабавальнасць малога чытача, насамрэч вельмі цяжка рабіць. Гэта дарослыя лёгка «купляюцца» на напісанае, бо часцяком хочуць адпачыць за кнігай ад задушлівай рэальнасці. Малыя ж не даюць веры таму, што напісана нелагічна, няшчыра, або папросту зроблена «на каленцы».
Знаёмства з Янкам Маўрам
З першых гадоў творчай дзейнасці Алесь Якімовіч паказаў сябе добрым дзіцячым пісьменнікам, што можна зразумець, пагартаўшы яго дэбютную кнігу прозы пад назвай «Гул бубна», якая пабачыла свет у 1926 годзе.
Вокладка зборніка апавяданняў Алеся Якімовіча «Гул бубна», 1926 год
Магчыма, менавіта таму яго і прызначылі ў канцы 1924 года адказным сакратаром рэдакцыi новага часопiса для школьнiкаў «Беларускi пiонэр», дзе ён зрэалізаваўся не толькі як таленавіты літаратар, але і выдатны арганізатар. Сам пісьменнік пра той час узгадваў такім чынам:
«У канцы 1924 года ЦК камсамола прызначыў мяне як маладнякоўца-камсамольца сакратаром першага нашага піянерскага часопіса «Беларускі піянер». Рэдактарам часопіса быў Уладзімір Дубоўка, якога выклікалі для гэтай работы з Масквы. На жаль, пасля выхаду першых нумароў ён зноў вярнуўся ў Маскву... Ніхто, між іншым, і не падумаў, што я яшчэ вучуся і ніякай рэдактарскай падрыхтоўкі і практыкі не маю. Нялёгка было мне. Помню, прыслаў вучань кароценькае апавяданне «Пятачок». Добрае апавяданне, толькі з граматычнымі памылкамі. Памылкі я выправіў і апавяданне надрукаваў за подпісам вучня. Потым выявілася, што гэта вядомае хрэстаматыйнае апавяданне Л. Талстога «Пятачок згубіў...». Давялося мне засесці за падручнікі, перачытаць хрэстаматыі Л. Талстога, сачыць за піянерскім друкам, каб другі раз не трапіць у няёмкае становішча».
Вокладка першага нумару часопіса «Беларускі піонэр», 1924 год
Паставіўшы перад сабой амбітную мэту, Якімовіч пачаў заахвочваць пісаць і публікавацца ў часопісе і юных чытачоў выдання, што было наватарскім крокам для таго часу. Выходзіла, што падлеткі былі не проста пасіўнымі статыстамі, то-бок адно чытачамі, але і саўдзельнікамі літаратурнага працэсу.
На старонках «Беларускага піонэра» друкаваліся класікі, што пісалі для дзяцей яшчэ з «нашаніўскай» пары — Якуб Колас і Змітрок Бядуля. Публікаваў Якімовіч і сваіх паплечнікаў па «маладнякоўскім» руху — найперш Паўлюка Труса, Андрэя Александровіча і Кузьму Чорнага. Аднак гэтага было замала, таму малады рэдактар вырашыў пашукаць новых, яшчэ невядомых, альбо малавядомых аўтараў.
Акурат дзякуючы ягоным дбанням мы і ведаем цяпер Янку Маўра — яго аповесць «Чалавек ідзе» з’явілася на старонках «Беларускага піонэра» ў лістападзе 1926 года і адразу займела шалёную папулярнасць у маленькіх чытачоў. За даволі хуткі час Іван Фёдараў стаў напраўду культавым аўтарам, а ў 1930 годзе нават пакінуў настаўніцкую дзейнасць, каб цалкам прысвяціць сябе творчасці. Тагачасныя варункі дазвалялі гэта зрабіць — наклады яго кніжак былі вялікімі, як і ганарары за іх.
Вокладка нумару «Беларускага піонэра», у якім дэбютаваў Янка Маўр, 1926 год
Тая самая дэбютная публікацыя аповесці Янкі Маўра на старонках выдання, 1926 год
Адзін з ацалелых
Не адставаў ад Маўра і Алесь Якімовіч, які ў даволі хуткі час зрабіўcя топавым беларускім аўтарам, што паспяхова сцвердзіўся на ніве дзіцячай літаратуры. Калі паглядзець наклады кніжак, то большыя ў БССР былі хіба што ў Маўра з Коласам.
Магчыма гэта, а можа проста зануранасць у дзіцячую літаратуру, дазволі яму перажыць страшныя годы сталіншчыны. Пісьменнік не зведаў рэпрэсій, як ягоныя сябры па «Маладняку» — ён быў адным з нямногіх, хто ўнікнуў арыштаў і катаванняў у 30-я гады. Тады такіх былі адзінкі — Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва...
Акрамя напісання казак, пісьменнік шчыльна займаўся таксама распрацоўкай вучэбнай літаратуры — усемагчымых чытанак і падручнікаў. Прыклаў Алесь Якімовіч таксама руку і да стварэння культу Кастуся Каліноўскага — сёння, калі згадваюць кіраўніка паўстання 1863 года на Літве і ў Беларусі, то гавораць найперш аб знакамітым рамане Караткевіча.
Але ў бібліяграфіі нашага героя таксама ёсць твор, які быў прысвечаны яму. Гаворка, вядома, пра аповесць, якая так і называецца — «Кастусь Каліноўскі». За яе, а таксама за іншыя аповесці на гістарычную тэматыку пісьменнік атрымаў нават у 1974 годзе дзяржаўную прэмію, што проста немагчыма ўявіць у наш час.
Пайшоў з жыцця Алесь Якімовіч у студзені 1979 года. Сёння гэта ўжо падзабыты класік другога плану, які застаецца ў ценю сваіх больш паспяховых калег, найперш Янкі Маўра. Але ж варта памятаць, што сам пісьменнік неаднаразова прызнаваўся: «Каб не Алесь Якімовіч, я, напэўна, застаўся б проста Іванам Фёдаравым».
Л. Г., budzma.org
Чытайце яшчэ: Што цікавага «хаваецца» на старонках дзённікавых запісаў Максіма Лужаніна