Ужо адкрытая перадзамова на кнігу польскага мастака, пісьменніка і філосафа ў перакладзе Алены Пятровіч. Абмежаваная прапанова дзейнічае да 14 снежня.
Замовіць кнігу ў цвёрдай вокладцы, на шведскай паперы Lux Cream і аб’ёмам 548 старонак пакуль можна за 34,90 злотых.
«Ненасытнасць» Станіслава Ігнацы Віткевіча лічыцца найлепшым раманам аўтара. Антыўтапічная фантазія, створаная ў 20-я гады XX стагоддзя (раман «Ненасытнасць» пабачыў свет у 1930 годзе ў Варшаве), апісвае працэс сталення галоўнага героя на фоне рэвалюцыйнага кітайскага ўварвання ў Еўропу і распаўсюджання новай веры. Сімвалам гэтай веры з’яўляецца таблетка, прыняцце якой дазваляе змяніць светапогляд, а таксама падавіць індывідуальнасць і знішчыць асобу як такую. Кніга насычана эротыкай, філасофіяй, палітыкай і мастацтвам — праз пагружэнне ў іх персанажы імкнуцца спатоліць сваю прагу жыцця і заглушыць метафізічны жах
існавання.
Станіслаў Ігнацы Віткевіч (Віткацы, Witkacy) — польскі мастак, фатограф, драматург, празаік, эсэіст, філосаф, тэарэтык мастацтва.
Нарадзіўся ў 1885 годзе ў Варшаве ў сям’і пісьменніка і мастака Станіслава Віткевіча і настаўніцы музыкі Марыі Пятшкевіч.
Атрымаў хатнюю адукацыю ў бацькоўскім маёнтку ў Закапанах, рос у асяродку артыстаў, мастакоў, пісьменнікаў. Патрапіў на Першую сусветную як падданы Расейскай імперыі. Быў у Пецярбургу падчас Кастрычніцкага перавароту. Гэтыя падзеі моцна паўплывалі на ягоную творчасць.
У 1925-м абраў псеўданім Witkacy і перагледзеў зробленае ім дагэтуль. З 1928 году эксперыментуе з пеётлем, мескалінам, какаінам. У міжваеннай Польшчы — разам з Брунам Шульцам і Вітольдам Гамбровічам — Віткацы аказваецца ў авангардзе мастацка-літаратурных пошукаў.
У 1934 годзе піша сваю самую вядомую п’есу «Шаўцы», філасофскія работы «Пра паняцце прадмету» і «Манадалогія». У 1935-м атрымлівае за літаратурныя дасягненні прэмію «Залаты Лаўр» Польскай акадэміі літаратуры.
Віткацы ў вобразе Напалеона, 1938
Пасля пачатку Другой сусветнай, 5 верасня выязджае на ўсход. У вёсцы Вялікія Язёры (тады Пінскі павет, зараз Роўненская вобласць Украіны) па радыё чуе пра ўварванне савецкіх войскаў у Польшчу. 17 верасня 1939 году заканчвае жыццё самагубствам.
1985 год ЮНЭСКА абвесціла годам Віткевіча.
budzma.org