Наста Дашкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук напісала пра апошнія навіны пра зняволенага мужа Змітра Дашкевіча і падзялілася ягоным вершам.
«Гэты верш напісаны паводле псальмаў 18, 14, 5, 127. Ва ўсёй гэтай любові — увесь Зміцер. І мне так балюча ад таго, што гэта любоў не дастаецца цяпер ягоным дзецям», — напісала Наста Дашкевіч.
Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго
Яны схапілі мяне
Ў дзень няшчасьця майго,
Калі ірваўся к табе
Я з палону свайго.
Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай.
І на вольную вывеў
Мяне Ён прастору.
Шчыт збаўленьня мне даў,
Умацаваў ува сьне.
І ласкавасьць Яго
Памнажала мяне.
І хоць топчуць мяне,
Вораг у душу плюе,
На змаганьне Хрыстос
За мяне паўстае.
Усё магу ў Хрысьце,
Я ў Збаўцы маім,
Я прайду ўвесь шлях
Разам з Богам Сьвятым.
Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой.
І тады на муры
Узыйду я з Табой.
Толькі жоначку Ты,
Дух Сьвяты, асьвяці,
Каб любоўю яна
Усё здалела ў жыцьці.
Толькі дзетак маіх
Тата мой, абдыймі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.
Узьвесялімся тады
У тваім ратаваньні,
Калі вернеш ты наш
Палон на світаньні.
І на досьвітку буду
Выглядаць Цябе я,
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.