«Гітара Мулявіна» зноў выходзіць у свет, каб распавесці вам пра рэлізы беларускіх музыкаў, якія вы выпадкова маглі згубіць у віры падзей ці забыцца на іх у маркотных буднях. Сёння будзем шукаць сэнс і закохвацца ў зялёныя вочы, слухаць якасны індзі-поп на манеру Білі Айліш, і канечне, знойдзем, пад які рок-трэк пасумаваць. Песні-жальбы — гэта ж так па-беларуску... ці не? Хадзем высвятляць!
Беларускі поп-рэп новай хвалі
Прызнайцеся, зачапіла? Караценькі сніпет на трэк «Зялёныя вочы» выканаўцы пад нікнэймам Souqween узварушыў беларускамоўны сегмент тыктоку напрыканцы ліпеня. Відэа набрала больш за 65 тысяч праглядаў і сотні каментароў з агульным пасылам «выпускай!». Наступныя відэа з прычэпістым прыпевам будучай песні таксама сабралі пазітыўную рэакцыю. І ўжо цяпер мы можам насалоджвацца цёплым і меланхалічным трэкам паступова згасаючага лета. Нягледзячы на немудрагелісты тэкст, кампазіцыя ўсё роўна выклікае безліч прыемных эмоцый і адгукаецца пяшчотна сканструяваным інструменталам, дзе на дзіва ёсць месца нават для моднага і энергічнага джэрсі-клаб кавалка.
Праглядаючы статыстыку па музычных пляцоўках, можна прагназаваць, што па колькасці праслухоўванняў новая песня мае ўсе шанцы апярэдзіць па лічбах папярэднія кампазіцыі артыста, якія выпускаліся па-расійску, тым самым даўшы кірунак яшчэ аднаму музыканту ў бок творчасці на роднай мове.
Яшчэ адзін поп-рэліз
Гурт з паэтычнай назвай NOCHY прэзентаваў свой трэк «Месяц», які, пры наяўнасці ў Беларусі сапраўднай музычнай індустрыі і чартаў, мог бы без пытанняў прэтэндаваць на месца ў топ-5 індзі-поп рэлізаў.
Мяккі вакал салісткі праекта Юлі надае кампазіцыі асаблівую інтымнасць і кранальнасць. Канкрэтна для мяне трэк асацыюецца з ранняй творчасцю Білі Айліш, і прыпеў з’яўляецца квінтэсэнцыяй гэтай асацыяцыі. Апрацоўка самога вакалу таксама на высокім узроўні, бо ён абсалютна не перагружаны непатрэбнымі эфектамі і эдлібамі. Зроблена мінімалістычна і якасна — усё як мае быць. Пры праслухоўванні кампазіцыі прыходзіць адчуванне палёту ў космас і сапраўднай левітацыі, але нас пакрысе апускае на грэшную зямлю, калі песня дасягае свайго лагічнага канца. Ставім на рэпіт яшчэ пару разоў і затым ідзем даганяцца рокам!
Сур’ёзныя людзі спяваюць сур’ёзныя песні
Гэта я пра гурт «Маці Ветру», які нядаўна прадставіў слухачам сінгл «Патрэбны». Моцны ўступ, зроблены з кавалка дыялогу герояў старога фільма, адразу ўключае нас у будучы эмацыйны стан песні і нібыта кажа, што «зараз будзе дэпрэсів муд».
Увесь запіс наўмысна зроблены даволі «брудна», як і задумвалася для згушчэння і без таго шэрых фарбаў. Бліжэй да сярэдзіны кампазіцыі ўступаюць класічныя рок-гітары, але доўжыцца гэта не шмат (насамрэч яны яшчэ вернуцца). Уся песня граецца на своеасаблівым кантрасце мелодый і то падвышэнні, то паніжэнні голасу самога вакаліста. Тэкст, зразумела, пра каханне і боль.
З пункту гледжання інструментала слухаецца здавальняюча, але з-за тэксту і пасылу другі раз уключаць трэк я не рызыкнуў. Хочаце дабіць сябе сумным вечарам — дабіце, калі прысутнічае радасны настрой і вы ў гуморы — не ўключайце. Мая вам шчырая парада.
Хатні Томпсан, budzma.org