Югася Каляда: “Чаму мае раманы не цягнуцца даўжэй за месяц”

Узлётная паласа першых спатканняў павінная вывесці вас на бясхмарны курс да шчаслівай сям’і, але вы штораз аказваецеся на запасным аэрадроме, дзе застаецца толькі разважаць на самоце: а дзе ж вы памыліліся? Магчыма, вы проста занадта спяшаліся.

Першы этап стасункаў умоўна называецца “кветкава-цукеркавым”, і правесці гэты этап трэба правільна. Мужчыны значна даўжэй прывыкаюць да стасункаў у параўнанні з жанчынамі і патрабуюць больш часу, каб звыкнуцца з патрэбай пусціць жанчыну ў сваё жыццё. (Я маю на ўвазе, што вашаму мужчыну больш за сямнаццаць гадоў, і якое-ніякое сваё жыццё ён ужо мае.) Хлопчыкі наогул развіваюцца пазней за дзяўчынак, і ў разумовым плане таксама. Згадайце школу: у чатырнаццаць гадоў дзяўчынкі ўжо абмяркоўваюць глабальныя пытанні будучай кар’еры – астрафізіка ці хатняй гаспадыні, – а хлопчыкі азартна гуляюць у гандбол мокрай анучай. (Большасць з іх ніколі не пасталее, рыхтуйцеся.)

Так і ў стасунках: дзяўчынкі часта бягуць наперадзе хлопчыкаў. Яна ўжо радуецца, што займела бойфрэнда, – а ён яшчэ не канчаткова вырашыў з ёй сустракацца; ён ледзьве прызвычаіўся больш-менш рэгулярна ёй званіць – а яна ўжо пачынае прызнавацца ў каханні; ён першы раз застаўся начаваць – а яна ўжо прапануе жыць разам; ён толькі пачаў казаць пра яе сябрам “мая дзяўчына” – а яна ўжо кажа маме “мой жаніх”.

Галоўная памылка пачатку стасункаў – занадта рана, занадта хутка, занадта паспешліва. Не прыспешвайце натуральную хаду падзеяў; не скарачайце паскорана эмацыйную дыстанцыю. Няхай мужчына вас упарта, паступова, крок за крокам заваёўвае. Мужчыны любяць недаступных жанчынаў – я не стамлюся гэта паўтараць нават пад пагрозай абвінавачання ў злоўжыванні плеаназмамі (гэта не наркатычнае рэчыва).

Але што рабіць, калі вы ўжо трымціце ад любові, вар’яцееце ад пяшчоты і марыце толькі, як бы зліцца ў танцы жарсці з гэтым тормазам, які не разумее, што вы створаныя адно для аднаго? Нам дапаможа акторскае майстэрства. Ненадоўга – прынамсі на час непрацяглага і непаўторнага “кветкава-цукеркавага перыяду” – стрымайце праявы свайго незямнога кахання і ўдайце, што вы ў стасунках зацікаўленыя кры-ы-ышачку меней, чым ён.

Лёгка сказаць, але складана зрабіць? Вось мануал.

1. Не прызначайце спатканняў самі. На спатканні вас запрашае мужчына. Счакайце, у хуткім часе спатканні ператворацца ў проста сустрэчы, а далей вы і самі не заўважыце, як патэлефануеце яму і папросіце купіць па дарозе з працы хлеба, малака і чаго-небудзь да гарбаты (бульбу, памперсы, пральны парашок і ежу для коціка). А пакуль няхай трывае рамантыка.

2. І крый божа вам запытацца: “А калі мы сустрэнемся наступным разам?”

3. Не пачынайце яго даставаць званкамі, смскамі і лістамі. Мужчыны наогул не схільныя – за рэдкімі выключэннямі, якія датычаць падлеткаў і паталагічных псіхапатаў – шматслоўна выказваць свае пачуцці. Пагатоў ягоныя пачуцці яшчэ не паспелі як след замацавацца.

Яшчэ раз дазволю сабе працытаваць жахлівую гісторыю, расказаную мне маім сябрам пра тую невінаватую дзяўчыну: “Яна вырашыла, што мы сустракаемся, і ПАЧАЛА ТЭЛЕФАНАВАЦЬ МНЕ ШТОВЕЧАР!” Бачыць бог, я й не ведала, што званкі – такое страшнае злачынства!

Калі дзень блізіцца да заканчэння, а каханы так ні разу не пазваніў, не спяшайцеся ладзіць істэрыку. Дакладней, істэрыкі ніхто не забараняе – проста пазваніце сяброўцы і шчыруйце напоўніцу. А калі гэты нягоднік, кат, хлус і здраднік нарэшце аб’явіцца, не спяшайцеся здымаць слухаўку. Дзевачкі, гэта вельмі подла але вельмі дзейсна. Затое вы пачуеце: “Ну дзе ж ты ходзіш? Я табе званю-званю!” І мужчыну зусім не абавязкова ведаць, што ходзіце вы вакол тэлефона і нават паспелі схуднець, бо наматалі пару дзясяткаў кіламетраў.

4. Не прызнавайцеся ў каханні першай і не выцягвайце з яго “тры галоўныя словы”. Прызнанне ў каханні – для мужчыны цяжкі ўчынак, у параўнанні з якім узыходжанне на Эверэст – забаўляльная прагулка. Магчыма, вы яшчэ не хутка гэта пачуеце, але не спяшайцеся. Найлепшыя мары абавязкова здзейсняцца.

5. Як быць з кавай?

Прымайце кветкі і цукеркі, хадзіце ў кіно і гуляйце за ручку – рамантыка гэтага часу ніколі не паўторыцца, дык няхай яна пратрывае даўжэй. А што да запрашэнняў на каву, то кава – гэта напой, а не эўфемізм. Частуйце яго і выстаўляйце за дзверы. Праверана: часцей за ўсё мужчыны разумеюць, што яны закаханыя ў вас па самыя вушы, менавіта ў час самотных начных вяртанняў у халасцяцкія кватэры.

А калі ён фарсіруе стасункі, супраціўляйцеся. Божа, каго я спрабую ўвесці ў зман. Любая дзяўчынка ведае, што “фарсіраваць стасункі” гэта азначае “зацягваць у ложак”. Дык што ж цяпер, зусім не? Паспрабуйце да наступнага тыдня прыбраць дзяцей ад манітораў, і мы абмяркуем.

А за кветкамі і цукеркамі незаўважна праміне цэлы месяц – той самы складаны месяц, у які ў некаторых дзяўчат укладаецца ўвесь раман, з першым спатканнем, першым прызнаннем, першай кавай, істэрыкай, сваркай і незразумелым, абсурдным, крыўдным заканчэннем. Не трэба спяшацца.

Югася Каляда