Я ела сьнег, непрытомная, ў сне;
ён раставаў ува мне:
добра пасолены вуліцаў снег,
пыльны снег на акне;
снег мандарынавы з-пад ліхтара;
неруш абапал шашы;
снег, што пратэктарамі ўзараў
рух каламутны машын;
снег, што крывавяць пажар, салют,
нованароджаны дзень;
снег, як неба адказ, на зямлю
са спазненнем ідзе.
Талы, з пяском, з недапалкамі, снег
Кіеўскім спускам сцякаў
і па прыступках бег да мяне.
Я ела снег; я рака.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Югася Каляда нарадзілася 10 лютага 1981, Гомель. Вучылася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэтв (Менск), юрыдычным факультэце Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва (Мінск). Друкавалася ў газетах «Наша ніва», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», калектыўным зборніку «Формула кахання». Аўтарка кнігі прозы «Галоўная памылка Афанасія» (2005). У 2007 кніга «Галоўная памылка Афанасія» выйшла ў польскім перакладзе пад назвай «Traktor».