Супольны культурніцкі праект “Цытуй сваё!” заклікае беларусаў згадаць найлепшае з беларускай думкі. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе ахвочыя. Штотыдзень мы будзем запрашаць выбітных беларусаў пракаментаваць ужо дасланыя цытаты. Сёння вашай увазе выбар культуролага, прафесаркі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юліі Чарняўскай.
«Ёсць розныя спосабы адчуваць пачуцці — да чалавека, да слова, да зямлі. Ёсць людзі, для якіх «нацыянальнае пачуццё» — гэта гонар. Ім неабходна ведаць, што іх краіна вялікая — тэрытарыяльна або гістарычна, што на гэтай зямлі разгортваліся падзеі сусветнай важнасці, што менавіта тут нарадзіліся значныя палітычныя персоны і геніяльныя мастакі. Гэта цалкам зразумела.
Ёсць іншая форма «нацыянальнага пачуцця» — ламентацыя (стогны). Яна ўласцівая посткаланіяльным краінам, і гэта этап вызвалення — калі толькі не зацягваецца на гады і гады і тады ператвараецца ў апраўданне ўласнай ляноты.
Ёсць і іншыя формы «нацыянальнага пачуцця»: агрэсія, якую хтосьці прымае за актыўную жыццёвую пазіцыю; ксенафобія, якую любяць называць «патрыятызмам»; страх зменаў, які прынята лічыць «традыцыяй»…
Формаў любові да радзімы шмат: ёсць і карыкатурныя, і прыгожыя, ёсць сур’ёзныя, а ёсць гульнявыя. Маё «нацыянальнае пачуццё» — пяшчота. Мне важна хадзіць па маім горадзе і радавацца таму, што Цэнтральная кнігарня стаіць там, дзе і стаяла; што ў Свіслачы па-ранейшаму плаваюць качкі, якіх трэба карміць батонам; што каля майго дома квітнее яблыня, а каля ўніверсітэта — каштаны. Я люблю жаўцізну рапсавых палёў — і ружаватыя ствалы соснаў; ціхую празрыстасць Браслаўскіх азёр і адважных вавёрак у гомельскім парку; Фарны касцёл і полацкую Сафію. Я шкадую сінеязыкіх зуброў і гарадскіх катоў.
Я люблю дзеканне і цеканне. Трасянку. Мне падабаюцца вясёлыя веласіпедысты і сельскія бабулькі з вачыма такімі блакітнымі, якіх я не бачыла больш нідзе. Я люблю фестываль вулічных тэатраў і квашаную капусту з Камароўкі. Мне падабаецца, калі ў пераходах метро граюць Баха або Цоя. Васількі. Бэз. Ландышы. Буслоў у гнёздах з шын. Жалуды. Дранікі. Пафарбаваныя ў сіні шагалаўскі колер платы.Гэты свет — мая вялікая радня. І таму я галасую за цытату з Ігара Бабкова».
Аргкамітэт: