Юры Несцярэнка: “Беларускі блюз – частка сусветнай культуры”

21.09.2009 Музыка

sdc11117

Мяккія гітары. Некалькі пар у танцы, рознакаляровае святло. Блюз – музыка, якая павінная кранаць кожнага, прымушаць міжволі адстукваць рытм… Гурту “White Night Blues” ужо дзесяць гадоў. Апошні выступ Юрыя і яго гурта адбыўся у мінскім клубе “Таймс” увечары 18 верасня 2009 году. Яшчэ гэтым летам беларускія блюзмэны ўдзельнічалі ў канцэрце ў польскім горадзе Бяла Падляска. Юры Несцярэнка са сваім гуртом быў там у якасці хэдлайнера і выступаў на адной сцэне з зоркамі сусветнай блюзавай сцэны. Сам Юры займаецца музыкай колькі памятае сябе, яшчэ з малодшых класаў школы.

sdc11110

– Хто Вас прывёў да музыкі?

Мой стрыечны брат, старэйшы на дзесяць гадоў, займаўся музыкай. Штосьці прыйшло ад яго. Напрыклад, ад яго я пачуў упершыню пра “The Beatles”. Калі я вучыўся ў школе, працавала так званая “жалезная заслона”, і атрымліваць інфармацыю пра замежжа было цяжка. Але людзі заслону абыходзілі. Фарцоўшчыкі прадавалі з рук часопісы, прывезеныя з-за мяжы, у якіх расказвалася пра заходнюю культуру, у тым ліку і пра музыку.

– Ці маеце Вы музычную адукацыю?

Адзін клас звычайнай музычнай школы. Усё астатняе вывучаў сам. Я скончыў Інстытут культуры, атрымаў дыплом з пазнакай, што магу працаваць у школе. Я мог арганізоўваць гурткі, займацца з дзецьмі…. Вось праца ў музычнай школе і стала штуршком, каб удасканальваць сваё валоданне гітарай, якую я пачаў асвойваць яшчэ раней. Калі справа пачатая, то ёсць стымул развівацца, працягваць яе далей.

– На якіх інструментах Вы граеце?

На гітары, клавішах, бас-гітары. Яшчэ на ўдарных, але на самым мінімальным узроўні.

– Чым для Вас ёсць музыка?

Для мяне гэта форма самавыказвання. Я пераслухаў шмат музыкі, пасля выкарыстаў гэты досвед ва ўласнай творчасці: натуральна, калі чалавек назапашвае колькасць інфармацыі, а потым ужывае яе, каб апавесці пра ўласны светапогляд, мысленне.

– Лічыцца, што сапраўдны блюз можна спяваць толькі па-ангельску, Вы спяваеце беларускай мовай.

sdc11116

Блюз – музыка больш-меньш статычная, якая захоўвае свае традыцыі. Ёсць такія, хто спявае толькі па-ангельску, на роднай мове блюзу, і лічыць, што менавіта гэта правільна. Але я жыву ў Беларусі, і я беларускі музыка. А мне вельмі падабаецца блюз на роднай мове краіны. Напрыклад, на польскай, чэшскай. Тое, што я пачаў рабіць беларускамоўны блюз, – гэта беларускі працяг нацыянальнага блюзу. Блюзавая культура, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, склалася ў частку сусветнай культуры. І я лічу, што не адрываюся ад гэтай культуры.

Фота аўтара.

Тэгі: