Юры Стыльскі: «Мне сніцца, што я дома, і страх накрывае ад таго, што не ведаю, як зараз выбрацца адтуль»

Лідэр гурта «Дай Дарогу!» Юры Стыльскі распавёў DW пра салідарнасць беларусаў на эміграцыі і снах пра дом. Тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць», пераклад budzma.org.


Jury Styĺski
Юры Стыльскі

— Гэтая салідарнасць беларусаў ва ўсіх краінах — для мяне нешта новае, я ніколі не з’язджаў за тысячы кіламетраў ад роднага Брэста і ніколі не думаў, што так можа быць, — прызнаўся Юры Стыльскі. — Думаю, што, хутчэй за ўсё, так было заўсёды, проста не было гэтага моманту, не дзякуючы якому, а насуперак стала магчымым усё гэта адчуць.

Так склаліся абставіны, што зараз надышоў час праявіцца гэтай салідарнасці, гэтай любові, гэтай шчырасці. Яшчэ і ў свеце такая сітуацыя, калі хочацца падставіць плячо іншаму.

Музыка з гумарам кажа пра плюсы сваёй эміграцыі, але прызнаецца, што сумуе па хаце.

— Мне кажуць: «Юра, ты павінен падзякаваць Лукашэнку за тое, што знаходзішся ў выгнанні, ты хоць свет пабачыш». Ёсць, вядома, у гэтым плюсы. У мяне рэальна такіх вандровак ніколі не было.

Гэтая эміграцыя менавіта на мяне ўплывае плённа. Гэта нейкі бальзам, тое, што я выязджаю і маю зносіны з людзьмі, і сілкуюся гэтай энергіяй.

Многія гавораць, што лепш тут адпісацца ад усіх навін і забыць ужо парадак 2020 года. Але я так не лічу. Я павінен перадаваць гэты нерв, усе перажыванні народа.

Я, наадварот, не адпісваюся ад навінавых каналаў, каб сачыць за навінамі, каб не сыходзіць з гэтай позвы. Для мяне гэта важна, у мяне і песні пра ўсё гэтае.

Былі моманты, мяне так замыкала, калі здавалася, я павінен паехаць дадому, мне пофіг. Магчыма, мяне неяк пранясе, магчыма, усё не так крытычна.

Не я адзін так думаю, вось зараз вярнуся дадому, праеду мяжу, абдымуся там з мамай, а потым пагляджу па сітуацыі, можа, і застануся.

І такія парывы здараюцца са мной да гэтага часу. Мне хочацца прыехаць дадому, паглядзець, як справы, абняць маму — і назад.

Але ты разумееш, што гэта вельмі рызыкоўна і адразу спрабуеш адкідаць усе гэтыя думкі.

Аднак яны наведваюць, не без гэтага. Мне і сны сняцца, што я дома, што прыехаў, аказаўся там, і страх накрывае ад таго, што не ведаю, як цяпер выбрацца адтуль. Мне такое сніцца раз на тыдзень, — кажа Стыльскі.

Вярнуцца ў родны горад музыка мае намер пры першай магчымасці.

— У мяне ёсць багаж за спіной, да чаго я ішоў, чаго хацеў, я ўсяго дамогся.

Але гэта ўсё абнулілася тут, як і ў многіх беларусаў. Таму мне, вядома, было б больш камфортна ў Беларусі.

Хочацца там нечаму новаму вучыць людзей, бо я яшчэ і выкладчык. У Варшаве я цэлы год выкладаў гітару.

Я з задавальненнем займаўся б гэтым і ў Беларусі. Я ведаю, што людзям трэба, ведаю, да чаго яны цягнуцца, у мяне свая методыка. І было б класна, каб я вярнуўся і прыносіў людзям карысць, натхняў іх.

Думаю, шанцы ў мяне ёсць. Прама зараз яны невялікія, вядома. Цяпер цяжка пра гэта думаць. Але ў светлую будучыню я веру, — сказаў артыст.

Чытайце яшчэ: Юрый Стыльскі: «Што рабіць людзям, калі кіраўнік звар’яцеў?»