У сеціве зьявіўся сайт «Карона Вітаўта». Гэта онлайн-часопіс па гісторыі Беларусі, на якім штотыдзень будуць зьяўляюцца новыя публікацыі. «Радыё Свабода» ведае заснавальнікаў і аўтараў выданьня, але ў сувязі з сытуацыяй у краіне іх імёны не разгалошваюцца публічна.
Скрын старонкі «Карона Вітаўта»
Сайт «Карона Вітаўта» — даступны на дзьвюх мовах: беарускай расейскай. На дадзены момант на сайце каля 20 артыкулаў. Яны ахопліваюць эпохі ад Вялікага Княства Літоўскага да XX стагодзьдзя.
Напрыклад, «Цень Вітаўта. Гэта яна «падчышчала» за вялікім князем», прысьвечаны дыпляматцы, візіянэрцы, харызматычнай асобе — Ганьне Кейстутовіч, жонцы князя Вітаўта. Сучасьнікі Ганны сьцьвярджалі, што яна была адной з найпрыгажэйшых жанчын ва Усходняй Эўропе. Любіла раскошу — насіла ўборы з вельмі дарагіх тканінаў, аздобленых каштоўнымі камянямі. Але разам з тым, менавіта Ганна ўмацоўвала кантакты з Ордэнам. І магістры крыжакоў, у сваю чаргу, не раз прасілі яе бараніць перад Вітаўтам справы Ордэна.
Артыкул «Ільвіная доля. Звярыныя забавы беларускіх уладароў», як кажа сама назва, расказвае пра тое экзатычнае баўленьне часу вялікіх князёў. Традыцыя гадаваць ільвы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай пратрывала стагодзьдзі. Вядома, што ільвоў трымалі Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст. У Вільні Жыгімонт ІІ Аўгуст заснаваў зьвярынец, дзе гадаваліся ільвы, мядзьведзі, вярблюды, папугаі ды розныя іншыя экзатычныя птушкі.
Ці шмат хто ведае, пра тое, што ў Лёндане срэбраным мэдалём была ўзнагароджана аўсянка, якая выраблялася ў Ляўках Горацкага павета? З публікацыі «Чым беларусы здзіўлялі сьвет у ХІХ-ым стагодзьдзі» чытач даведаецца пра гісторыю ўдзелу беларусаў у сусьветных выставачных форумах. Беларускую тытунёвую прадукцыю, напрыклад, адзначылі срэбраным мэдалём на міжнародных выставах у Амстэрдаме (1883 год), Новым Арлеане (1885 год), сусьветнай выставе 1889 года ў Парыжы і залатым мэдалём на міжнароднай выставе ў італійскім Турыне 1911 года.
З артыкулу «Касьцюшка аддаў усе грошы на вызваленьне рабоў у ЗША» чытач даведаецца як сваякі зь Беларусі былі супраць апошняй волі Касьцюшкі і забралі ўсё да апошняга цэнта, яшчэ і працэнты. У справе была задзейнічана нават Расейская амбасада ў Вашынгтоне.
Асобны разьдзел прысьвечаны гістарычным асобам. На дадзены момант там расказваецца пра князя Міндоўга, першага газэтчыка ВКЛ Францішка Папроцкага, кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага, беларускага генэрала Алега Васількоўскага і іншых.
«Мы вітаем любы распаўсюд ведаў пра неверагодную гісторыю найлепшай краіны ў сьвеце!» — так зьвяртаецца да чытачоў рэдакцыя «Кароны Вітаўта».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.