Зала падтрымала тых, хто адстойваў неабходнасць беларускай мовы, піша «Наша Ніва».
Ток-шоу пра беларускую мову. Скрыншот відэа СТБ
«Беларуская мова: ці патрэбная яна тым, хто размаўляе па-руску» — пад такой назвай выйшла ток-шоу на СТБ «Да!Но...» Вядучым выпуску быў прапагандыст Рыгор Азаронак.
У ток-шоу спрачаліся дзве каманды. Адна даводзіла, што беларуская мова — гэта сімвал нацыі, і трэба спрыяць, каб яе было болей. Другая не выступала супраць беларускай мовы, але не разумела, якая з гэтага практычная карысць, і адстойвала, што беларуская мова не павінна быць паўсюль абавязковай ці ўводзіцца прымусам.
Адвакат Руслан Пятрочанка, выпускнік Акадэміі МУС (ён быў у другой камандзе), выказаў такую прапанову:
«Я лічу, што беларускую мову трэба падтрымліваць, не ставячы нейкія гадзіны на вучобе ў школе ці ўніверсітэтах, а, магчыма, факультатывамі, без адзнак, іншымі сродкамі».
Руслан Пятрочанка. Скрыншот відэа СТБ
Сам Руслан вучыўся ў беларускамоўнай школе.
«Я паступіў у акадэмію пасля школы — гэта быў кашмар, таму што тэрміны ў фізіцы, матэматыцы я ведаў на беларускай мове. Там прыйшлося ўсё перавучваць, гэта было складана».
З залы падчас перадачы прагучала пытанне: чаму выкладчыкі беларускай мовы за межамі адукацыйнага працэсу найчасцей размаўляюць па-руску.
«У нас у школе настаўнікі беларускай мовы размаўляюць на беларускай мове на ўроках і паміж сабой, таму што астатнія дрэнна валодаюць беларускай мовай — настаўнікі фізікі, матэматыкі. І мы як дзяржаўныя асобы падпарадкоўваемся такому правілу, што калі з намі размаўляюць на рускай мове, то і мы пераходзім на рускую мову»,
— адказала настаўніца беларускай мовы і дырэктарка школы № 157 Мінска Святлана Скроцкая (яна была ў камандзе «за»).
Святлана Скроцкая. Скрыншот відэа СТБ
Сярод гледачоў у зале быў Станіслаў Бажычка, намеснік начальніка вузла па ідэалагічнай рабоце 62‑га цэнтральнага вузла сувязі Міністэрства абароны. Ён адзначыў, што
шмат людзей выказваюць жаданне прымаць прысягу на беларускай мове — ад 30 да 50%.

Станіслаў Бажычка. Скрыншот відэа СТБ
У канцы ток-шоу прысутным прапанавалі прагаласаваць, з аргументацыяй якой каманды яны згодныя. 69% падтрымалі каманду, якая адстойвала неабходнасць беларускай мовы.
Азаронак у заключным слове сказаў:
«Самае галоўнае, каб наша моладзь, нашы дзеці ведалі родную беларускую мову і родную рускую мову».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.