Аўтарка, якая спецыялізуецца на вулічных акцыях ды інтэрв’ю з сепаратыстамі, расказвае аб прафесіі, страху і планах на жыццё.
Фактычна, ніводная вулічная пратэстная акцыя ў Мінску цяпер не абыходзіцца без бялявай маладой журналісткі з мікрафонам, якая лезе ў самыя гарачыя месцы: размаўляе з пратэстоўцамі, міліцыянтамі, спрачаецца з тэлевядоўцам Салаўёвым. З-пад яе ж рукі выходзяць інтэрв’ю з беларусамі, якія ваявалі ва Украіне на баку сепаратыстаў, – праца, на якую не адважваюцца масцітыя журналісты старэйшага пакалення.
Што рухае гэтай дзяўчынай і дае сілы працаваць, шукаць, не баяцца і трымаць сябе ў руках у экстрэмальных сітуацыях? Сваімі думкамі Кацярына Андрэева дзеліцца з чытачамі budzma.by ў праекце Ёсць Маладосць!
“Калі дзядуля хацеў падрэдагаваць мае артыкулы, я казала: “Не!”
– Чаму менавіта журналістыка?
– Я вырасла ў журналісцкай сям’і. Мой дзядуля – Сяргей Ваганаў –доўгі час працаваў уласным карэспандэнтам расійскай газеты “Труд” у Мінску. Таму я ўвесь час у хаце чула: “Дом друку”, “здаць нумар”, “першая паласа”… Гэта былі мае рэаліі ад самага дзяцінства. Пасля я з’ехала ў Іспанію, дзе працавала выкладчыкам тры гады. Там я прыйшла да высновы, што хачу стаць журналістам: гэта адзінае, што мяне захапляе, бо мне заўжды былі цікавыя людзі.
– Дзе вы працавалі як журналіст?
– Калі я вярталася з Іспаніі, я напісала свой першы артыкул. Ён быў пра стаўленне да мігрантаў з Беларусі ў Заходняй Еўропе. Жывучы там, я зведала цалкам, што значыць быць беларусам у тых мясцінах: гэта адчуванне сябе чалавекам другога гатунку. Супрацоўнічала з шэрагам незалежных СМІ. На “РС” спачатку быў відэа-аддзел: навіны, анлайны і г.д., а пазней ужо пачала пісаць і цяпер лічу сябе журналістам, які піша.
– Паходжанне з журналісцкай сям’і і статуснасць дзядулі ў свеце журналістыкі сталі падтрымкай альбо, наадварот, высокай планкай, якую трэба было трымаць што ёсць моцы?
– Узровень і планку я стаўлю сабе сама. Адзіная роля дзядулі – гэта тое, што я бачыла і чула ў дзяцінстве. Ужо пазней, калі дзядуля прасіў нешта паглядзець ці падрэдагаваць, калі я здавала матэрыял у друк, то чуў з майго боку: “Не!”. Гэта табу, абсалютная забарона. Я не хацела дапускаць яго ў сваю журналісцкую кар’еру, бо імкнулася, каб нас успрымалі як двух цалкам розных журналістаў з розных плыняў, школаў і пакаленняў.
“Калі пішу на “мужчынскія” тэмы, то адчуваю ўнутраную моц”
– Пра што вы цяпер пішаце?
– Я працую ў аддзеле аператыўных навінаў, таму займаюся ўсімі вострымі палітычнымі пытаннямі. То бок калі адбываецца вулічная акцыя, пікет, мітынг, мая задача – пайсці і трапіць у самую гушчу падзеяў. Гэта тое, што мне падабаецца.
Калі казаць пра доўгатэрміновыя праекты, то мы з калегам збіраем гісторыі беларусаў, якія паехалі ваяваць ва Украіну на баку сепаратыстаў. Гэта беспрэцэдэнтны праект, бо мы заўжды можам чытаць інтэрв’ю з валанцёрамі або байцамі, якія знаходзяцца па ўкраінскім баку. У Беларусі няма людзей, якія б даследавалі лёсы ўдзельнікаў канфлікту з боку ЛНР-ДНР, а іх значна больш. Цяпер я пішу кнігу на гэтую тэму.
Я мару займацца расследаваннямі, якія б тычыліся не толькі сепаратыстаў. Гэта і карупцыя, і неадпаведная праца ўнутраных органаў… Мне цікавы гэты бок жыцця.
– Вы маглі б пісаць пра культуру, гісторыю, эканоміку і г.д. Чаму вас цікавяць тэмы, звязаныя з гвалтам і небяспекай?
– Мяркую, што гэта вынікае з майго характару і амбіцыяў, бо гвалт і вайна – гэта звычайныя “мужчынскія” тэмы. Я раблю гэта, каб самасцвердзіцца, рэалізаваць сябе. Калі я пішу на такія тэмы, то адчуваю ўнутраную моц. Я не бачу сэксізму, калі ідзецца пра “мужчынскія/жаночыя” тэмы ў журналістыцы. Сапраўды, лічыцца, што журналістка максімум можа пісаць на вострасацыяльныя тэмы: у каго дзе дах працёк, у каго карова знікла… А мне цікавыя расследаванні.
Але ёсць адзін важны момант: я ніколі не дазволю сабе, каб мая журналісцкая дзейнасць перакрыжоўвалася з палітычным актывізмам. Гэта цалкам выключана, бо я ўспрымаю сябе толькі як журналіста, што б ні адбывалася ў краіне.
– Ці не страшна вам працаваць з такімі тэмамі? Сустракацца з тымі ж сепаратыстамі, пісаць пра іх не заўжды прыемныя рэчы?
– Сапраўды, я і калега, з якім мы працуем, атрымлівалі пагрозы, але нельга сказаць, што гэта было нечым сур’ёзным. Найхутчэй гэта было жаданне тых жа сепаратыстаў паказаць сваю моц, “папантавацца”. Не думаю, што мне могуць зрабіць нешта кепскае на тэрыторыі Беларусі, бо тут яны хаця б фармальна знаходзяцца па-за законам, яны не будуць прыцягваць да сябе дадатковай увагі. Таму мой адказ – не, не баюся.
“Паранены баец на мыліцах даў мне аловак і знік у калідоры…”
– Ці былі моманты, калі хацелася кінуць журналістыку?
– Так, гэта адбылося падчас пахавання Алеся Чаркашына, беларускага добраахвотніка, забітага на Данбасе, які ваяваў на ўкраінскім баку. Было вельмі страшна, бо мне з хлопцамі давялося прыйсці дадому да ягонай маці. Мне сказалі, каб ні пра што не пыталася, таму я моўчкі сядзела і назірала за рэакцыямі, за ўсім, што адбываецца.
Я памятаю таксама, як фатаграфавала падчас пахавання: у мяне трэсліся рукі і ліліся слёзы ў тры ручаі – нічога не магла зрабіць з сабой. У выніку я сама сабе сказала: “Каця, бяры сябе ў рукі і працягвай рабіць фотарэпартаж!” Гэта быў момант, пасля якога я думала, што не змагу працягнуць. Але ўсё атрымалася, і а 6-й ранку я здала рэпартаж. Тады прыйшло разуменне, што я магу праз усё пераступіць і працаваць у любых умовах.
Другі выпадак, калі я дакладна зразумела, што працую на сваім месцы, адбыўся калі я паехала ў адэскі шпіталь, дзе быў на лячэнні яшчэ адзін беларускі добраахвотнік. Там я гутарыла з 19-гадовым хлопцам, які быў моцна паранены, меў металічны штыр у назе… Я выйшла ў калідор з палаты, каб падыхаць паветрам.
Тады да мяне падышоў на мыліцах паранены баец: ён не мог размаўляць, магчыма, быў кантужаны. Мужчына доўга глядзеў мне ў вочы, пасля дастаў з кішэні аловак і падаў – усё моўчкі! У мяне нібы мову адняло. Ён не ведаў, што я журналістка, проста падышоў, даў аловак і знік у калідоры.
– Гэта быў знак, маўляў, “пішы”?
– Менавіта, я гэта зразумела так: “Пішы, Каця!” Гэта містыка, мабыць, самы загадкавы момант, які са мной адбыўся ў жыцці. З тае пары я захоўваю гэты аловак і бяру з сабой у важныя працоўныя паездкі і сустрэчы. Гэта мой прафесійны талісман.
“Раней магла дачапіцца да міліцыянта, цяпер стрымліваюся”
– Якія вехі са свайго журналісцкага шляху вы маглі б адзначыць?
– Думаю, што дзякуючы найперш сацыяльным сеткам найбольшы рэзананс меў мой вопыт асвятлення пратэстных акцыяў. Гэта ніколі не абыходзілася без нейкага “экшну” (смяецца). Мяне, мабыць, памятаюць акурат праз гэта.
Калі параўноўваць з мэтрамі, то я пачатковец, бо ў прафесіі ўсяго два гады. Кажучы пра 2016 год, я б хацела згадаць паездку ў Клінцы на вайсковую базу, калі стала вядома, што туды перакінулі расійскі кантынгент. Я падышла да свайго кіраўніка і сама папрасілася адпусціць мяне туды, хоць не мела ані страхоўкі, ані кантактаў на месцы. Калі я прыехала, то апынулася сам-насам з вайскоўцамі. Гэта 28-я мотастралковая брыгада, якая дыслакуецца за 40 км ад беларускай мяжы. Як сказаў мне адзін расійскі афіцэр, гэта акурат тая адлегласць, на якую далятаюць “грады”…
Яшчэ хацелася б згадаць маю працу ў Берасці з чачэнскімі бежанцамі, якія спрабавалі з’ехаць у Еўропу. Але гэта, мабыць, асобная гісторыя.
– Як вы рэагуеце на знявагу альбо абразы падчас вулічных акцыяў, згадваючы тую ж сітуацыю з тэлевядоўцам Салаўёвым?
– Праз свой узрост і тэмперамент, канечне, спачатку я абураюся. Але я маю цудоўных старэйшых калегаў, якія вучаць стрыманасці ды кантролю эмоцыяў. За апошні год я дасягнула пэўных поспехаў: калі раней для мяне было нормай дачапіцца да міліцыянта падчас акцыі, то цяпер я сабе такога ніколі не дазволю. Так, часам хочацца адказаць на знявагі, але калі я працую на вуліцы, я рэпарцёр, хранікёр, таму трэба стрымлівацца. Мая праца не прадугледжвае эмоцыяў.
“Хочацца, каб маладыя журналісты “гарэлі” і нічога не баяліся”
– Якія вашы прафесійныя планы?
– Я ўжо казала пра кнігу, якую мы хочам напісаць: “Беларускі Данбас”. Спадзяюся, што мы атрымаем падтрымку на такое выданне. Другі момант: я б хацела ініцыяваць школу для журналістаў, якія б займаліся расследаваннямі. Вядома, што нечым падобным займаецца “Наша Ніва”. Я б хацела, каб гэта было яшчэ глыбей, прафесійней, з прыцягненнем большай колькасці рэсурсаў, каб гэта можна было вывесці на міжнародны ўзровень. Вельмі хочацца, каб паўсюдна гучала, што ў Беларусі ёсць журналісты такога профілю.
– Чаго вы маглі б пажадаць маладзейшым калегам, якія толькі прыходзяць у прафесію?
– Мне не хапае апантанасці сярод моладзі. Трэба, каб чалавек гарэў, жыў журналістыкай. Я бачу старэйшых калегаў, якія прапрацавалі па 20 год, якім, можа, варта ўжо і супакоіцца было б, але гэтыя гарэнне і жарсць прысутнічаюць. Тое ж я хацела б бачыць і ў сваіх аднагодкаў, і ў студэнтаў, якія толькі рыхтуюцца стаць журналістамі. Хацела б таксама параіць ніколі і нічога не баяцца – тады ўсё атрымаецца.
Размаўляў Алесь Кіркевіч