З абрадавымі ручнікамі "з бабулінага куфару" знаёміць выстава ў Глыбокім

28.05.2020 Культура

З абрадавымі ручнікамі ручной работы запрашае азнаёміцца Глыбоцкі дом рамёстваў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчык установы культуры Святлана Скавырка.

000027_1590650441_88080_big.jpg

Паводле яе слоў, на працягу ўжо многіх гадоў супрацоўнікі дома рамёстваў займаюцца пошукавай работай, накіраванай на захаванне аўтэнтычных прадметаў народнага побыту, у тым ліку саматканых ручнікоў, а таксама іх фрагментаў. На выставе "З бабулінага куфару" прэзентаваны тры дзясяткі такіх экспанатаў. Палавіна з іх адносіцца да пачатку і першай палавіны XX стагоддзя і прадастаўлена з фондаў раённага музея, а астатнія створаны сучаснымі майстрамі народнай творчасці.

Сярод найбольш цікавых экспанатаў выставы Святлана Скавырка адзначыла вясельны ручнік з вышыванымі галубамі і вінаграднымі галінкамі, чатырохметровы "набожнік" - спецыяльны ручнік для аздаблення абразоў. Унікальным можна лічыць і ручнік-абярэг 60-х гадоў XX стагоддзя з вышыўкай у выглядзе вазы з каласамі пшаніцы. Яго саткалі дзяўчаты і жанчыны з усёй вёскі. Такі ручнік звычайна перадаваўся з дому ў дом і служыў талісманам ад засухі, голаду і галечы. Не меншую значнасць для захавання традыцый мясцовага народнага ткацтва уяўляюць сабой і ўнікальныя ўзоры, створаныя сучаснымі майстрамі Глыбоцкага раёна.

Азнаёміцца ​​з выставай можна да канца чэрвеня.