Яшчэ адзін «чорны спіс». Удава кампазітара Алега Моўчана забараніла выконваць «Малітву» Янкі Купалы і іншыя творы мужа

27.01.2026 Музыка
Падчас канцэрта да 85‑годдзя Уладзіміра Мулявіна, які праходзіў 12 студзеня ў Белдзяржфілармоніі, зала ў адзіным парыве ўстала са сваіх месцаў пад гукі «Малітвы Янкі Купалы». Пасля гэтага ўдава кампазітара Алега Моўчана, аўтара музыкі «Малітвы», увяла поўную забарону на выкарыстанне музычнай спадчыны мужа без яе пісьмовай згоды.

vidava.png
Ірына Відава, удава Алега Моўчана, аўтара музыкі да песняроўскай «Малітвы». Скрыншот відэа

Удава Алега Молчана, спявачка Ірына Відава накіравала ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь заяву аб прававым рэжыме выкарыстання некаторых твораў Алега Молчана. Тэкст гэтай заявы апублікаваны на сайце кампазітара. Як паведамляе «Наша Ніва», адначасова з гэтым Ірына Відава спрабуе выдаліць ў сеціве відэазапісы з юбілейнага вечара Мулявіна. Яна падала скаргі на парушэнне аўтарскіх правоў на YouTube, што прывяло да блакіроўкі некаторых відэа.

Падчас згаданага канцэрта фрагменты з праграм «Песняроў» выконвалі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча і спявак Пётр Ялфімаў.

yalfimau.jpg
Пётр Ялфімаў на канцэрце да 85‑годдзя Уладзіміра Мулявіна. Фота: БелТА

Ірына Відава абвінаваціла Ялфімава ў «шматгадовай непавазе» да аўтарскага права і забараніла яму выконваць музыку Моўчана ў любой форме.

Канфлікт мае даўнюю гісторыю. У 2011 годзе Алег Моўчан асабіста забараніў Ялфімаву выконваць «Малітву» пасля таго, як той праспяваў яе на фестывалі ў Маладзечне «без папярэдняга ўзгаднення і без указання аўтарства». Да таго ж падобная гісторыя адбылася і з песняй «Стася».

Аднак гэтая прынцыповая пазіцыя мае цікавую асаблівасць: яна працуе выбарачна, адзначае «Наша Ніва». Роўна год таму, у студзені 2025 года, Пётр Ялфімаў ужо выконваў «Малітву» перад тысячамі гледачоў у «Мінск-Арэне» на фінальным канцэрце прапагандысцкага «Марафону адзінства». Тады ўдава кампазітара не стала прад’яўляць прэтэнзій, магчыма, пабаялася, бо за раялем Ялфімаву акампанаваў Коля Лукашэнка.

jalfimau-i-kolia.jpg
У студзені 2025 года Пётр Ялфімаў выконваў на Мінск-Арэне «Малітву» пад акампанемент Колі Лукашэнкі. Скрыншот відэа

«Забараняю ў любой форме». Што трапіла ў чорны спіс

У сваёй заяве Ірына Відава падкрэслівае, што, паколькі спадчынніцы Уладзіміра Мулявіна адмовіліся заключаць з ёй сумесную дамову на кіраванне правамі, яна распараджаецца доляй свайго мужа асабіста.

І яе рашэнне адназначнае — забарона на выкананне песень, на якія яна мае правы ўласнасці, не толькі Пятром Ялфімавым, але і любым іншым выканаўцам без пісьмовай згоды Відавай.

У спіс забароненых твораў трапілі:

«Малітва»;
«Чырвоная ружа»;
«Лявоніха»;
«Слуцкія ткачыхі»;
«Чэсць табе, Марыя»;

А таксама эстрадныя хіты: «Стася», «Кума», «Хрыстос уваскрос» і іншыя.

Відава пайшла яшчэ далей, забараніўшы нават «другаснае выкарыстанне» — гэта значыць трансляцыю запісаў выканання Ялфімава па тэлебачанні і радыё.

Разгромная рэцэнзія і вайна за «Малітву»

Пётр Ялфімаў не адзіны з беларускіх музыкаў, хто пацярпеў за выкананне «Малітвы».

У ліпені 2009 года музычны крытык Сяргей Будкін апублікаваў на старонках «Нашай Нівы» разгромную рэцэнзію на сольны альбом Ірыны Відавай «IV», прадзюсарам якога быў Алег Моўчан.

vidava-albom.jpg
Вокладка альбома «IV» Ірыны Відавай 

Журналіст назваў працу «бляклай ксеракопіяй другаснай расійскай папсы» і «правінцыйным цыркам». Асабліва з’едліва ён прайшоўся па іміджы спявачкі, згадаўшы фота на вокладцы «ў скураных садамазаапранахах», і выказаў здзіўленне, што аўтар вялікай «Малітвы» марнуе талент на такі матэрыял.

Праз некалькі гадоў, у 2014-м, у сям’і Моўчанаў з’явілася нагода адпомсціць за нанесеную крыўду. Алег Моўчан падаў у суд на лідарку рок-гурта Naka Насту Шпакоўскую. Нагодай стала выкананне «Малітвы» на праекце «Re: Песняры», арганізатарам якога быў той жа Сяргей Будкін.

Прытым тады Відава падмацоўвала свае прэтэнзіі ў тым ліку пазіцыяй сям’і Мулявіна: удавы Святланы Мулявінай-Пенкінай і дзяцей Марыны, Вольгі і Валерыя. Цяпер жа, у 2026 годзе, сям’я Мулявіна апынулася па іншы бок барыкадаў.

Тады суд стаў прэцэдэнтам. Шпакоўская спрабавала даказваць, што «Малітва» — гэта духоўны гімн, створаны ў дзяржаўным ансамблі пад кіраўніцтвам Мулявіна, і што ён не павінен быць прыватнай уласнасцю аднаго чалавека.

«Яна стала духоўным гімнам таму, што яе спяваў Мулявін, наш пясняр, а не таму, што яе напісаў ці праспяваў Моўчан. А цяпер мы ўсе будзем залежаць ад чалавека, які вырашае, колькі трэба плаціць», — казала тады спявачка.

Аднак Алег Моўчан заняў жорсткую пазіцыю: музыка — гэта яго ўласнасць, а «самавольныя» аранжыроўкі псуюць твор. Ён патрабаваў кампенсацыю каля $1000, што ў разы перавышала звычайныя стаўкі. Суд стаў на бок кампазітара, але абавязаў выплаціць удвая меншую кампенсацыю.

Дбайныя захавальнікі інтэлектуальнай уласнасці 

Пасля гучнай перамогі ў справе супраць гурта Naka кар’ера Алега Моўчана зрабіла спецыфічны паварот. У інфармацыйнай прасторы ён пачаў з’яўляцца не столькі як аўтар новых шлягераў, колькі як чалавек, які прасоўвае юрыдычную адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў. У тым жа 2015 годзе ён быў абраны старшынёй аўтарскай рады Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ).

Атрымаўшы афіцыйную пасаду, кампазітар разгарнуў маштабную юрыдычную кампанію. Пад яго кіраўніцтвам былі выйграны дзясяткі судоў супраць кабельных аператараў, якія гадамі не плацілі адлічэнні. Гэта дазволіла павялічыць зборы ўзнагароджанняў у НЦІУ на 30%.

У 2018 годзе Моўчан выйшаў на міжнародны ўзровень, стаўшы прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

Сімвалам гэтага этапу стаў медаль Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (WIPO), які прысудзілі кампазітару ў хуткім часе пасля смерці ў 2019 годзе.

Іронія лёсу: адзіная вядомая ўзнагарода кампазітару была прысуджана не за ўклад у нацыянальную музычную культуру, а фактычна за поспехі ў юрыдычнай сферы і стварэнне судовай практыкі.

Атрымліваючы ўзнагароду за мужа, Ірына Відава сфармулявала іх сямейнае крэда: «Алег на сваім прыкладзе, часта коштам уласнага здароўя, паказаў, што свае правы можна і трэба адстойваць».

Пасля смерці мужа Ірына Відава не проста атрымала спадчыну, але і заняла яго месца ў сістэме, узначаліўшы аўтарскую раду НЦІУ. Гэтую пасаду яна займала да 2022 года, пакуль яе не змяніла Ірына Дарафеева.

Музыка ў закладніках закона

Сітуацыя, якая склалася вакол «Малітвы», выглядае парадаксальнай. З аднаго боку — постаці першай велічыні: Янка Купала, чые словы даўно сталі грамадскім здабыткам, і Уладзімір Мулявін, чые геніяльнае выкананне і магутны голас зрабілі твор культавым.

З іншага — сям’я Моўчанаў, якая, узброіўшыся аўтарскім правам, нібы шляхта правам liberum veto, можа азмрочыць не толькі юбілей вялікага Песняра, але і ўвогуле пахаваць твор нацыянальнага значэння, кіруючыся ці то ўласнымі камерцыйнымі інтарэсамі, ці то асабістымі крыўдамі.