На загад міністэрства інфармацыі Беларусі заблакаваны сайт праекта з 21-гадовай гісторыяй «Тузін Гітоў» (Tuzinfm. by). Пра гэта паведаміў заснавальнік і галоўны рэдактар партала Сяргей Будкін.
«У прыватнасці, заблакаваная праца асобных старонак, якія прысвечаныя праектам НЕрасстраляныя, „Перазагрузка“, „Апошні золак“, Заспявай BY, Тэлебудка, Тузін. Немаўля, „Re: Песняры“, „100 найвялікшых беларускіх песень“, праекты, прысвечаныя памяці Анатоля Сыса, Сержука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава ды іншыя. Што не дарабіла Ананіч, дарабіў Маркаў.
Спробы спыніць працу „Тузіна“ рабіліся і раней — дзевяць год таму за подпісам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч я атрымаў папярэджанне, што доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны „за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам“ (якія былі парушэнне — не паведамлялася).
Архіў сайту ў нас, спакойна», — піша Сяргей Будкін.
Галерэю праектаў «Тузіна» можна паглядзець па спасылцы — https://tuzin. online
Можна паслухаць у тым ліку і песні праекта "Тузін перазагрузка", запісаныя супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!".