На месца зачышчанага ўладамі поля беларускай грамадзянскай супольнасці прыйшлі расейскія арганізацыі, піша «Штодзень». Напрыклад, у Гомелі ліквідавалі нават найстарэйшую краяўнаўчую арганізацыю «Талака», затое прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» — «Рускі дом» — вельмі лёгка пускаюць ва ўсе адукацыйныя ўстановы абласнога цэнтра. Больш за тое, «Рускі дом» становіцца партнёрам амаль усіх грамадскіх і культурніцкіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе. А яшчэ яны абсалютна адкрыта выдаюць мінігранты.
Ілюстрацыйнае фота
У Гомелі налічваецца 75 установаў сярэдняй адукацыі. І як мінімум з 10 з іх сістэмна супрацоўнічае «Рускі дом». Гэта не ўлічваючы дзіцячыя садкі, мастацкую школу, ліцэй МНС і ліцэй будаўнікоў. Усё тое, што раней праводзілі беларускія грамадскія арганізацыі, замянілі мерапрыемствамі з расейскім ідэалагічным напаўненнем.
Даведка. «Рускі дом» — прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва», якое з’яўляецца федэральным органам выканаўчай улады Расейскай Фэдэрацыі. У 2016 годзе Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб супрацьдзеянні прапагандзе з боку Расеі, у якой адзначалася, што ўлады РФ вядуць прапаганду супраць Еўрасаюза і краін Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна) з дапамогай «Рассупрацоўніцтва». Ва Украіне дзейнасць прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» забаранілі толькі ў 2021 годзе (тады быў закрыты «Рускі дом» у Кіеве). У адказ «Рассупрацоўніцтва» адкрыла РЦНК на акупаваных тэрыторыях. Напрыклад, «Рускі дом» дзейнічае ў Данецку. Плануецца ягонае адкрыццё ў Луганску.
У Гомелі РЦНК адкрылі восенню 2016 года. І з тых часоў цэнтр усяляк падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. Яны могуць абсалютна без праблем наведваць школы, каб правесці чытанні вершаў, перадаць кнігі рускіх аўтараў ці зладзіць эрудыт-турнір. У самім цэнтры праводзяцца жаночы клуб, фотавыставы, кінаклубы. То бок усё тое, што раней праводзілі беларускія арганізацыі, якія цягам двух апошніх год прымусова ліквідавалі мясцовыя ўлады.
Паводле маніторынгу, праведзенага Lawtrend сумесна з OEEC (стан на 31 траўня 2022), зафіксавана, што 448 беларускіх некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі і 317 некамерцыйных арганізацый, у адносінах да якіх прынятае рашэнне аб самаліквідацыі. Паглядзім, якіх арганізацый інстытуцыялізавана не стала ў Гомелі.
У верасні 2021 года суд ліквідаваў найстарэйшую краязнаўчую арганізацыю «Талака», якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры.. Затое цяпер у Гомелі дзейнічае «Рускі дом», адна з мэтаў якога падтрымка праектаў, скіраваных на папулярызацыю рускай культуры. Напрыклад, сярод апошніх мерапрыемстваў «Рускага дому» — святочныя мерапрыемствы ў памяць пра А.С. Пушкіна. Ці, напрыклад, праект «На языке музыкі», калі ў Гомелі правялі канцэрт з удзелам артыстаў Расеі. На філалагічным факультэце ГДУ Скарыны «Рускі дом» разам з фондам «Рускі мір» адкрылі кабінет рускай лінгвакультуры. Ці правядзенне тыдня рускай мовы, калі ў гімназіі № 14 сабралі каля 100 вучняў старэйшых класаў з усёй вобласці для ўдзелу ў конкурсе мастацтва рыторыкі. Сюды ж можна дадаць і розныя мерапрыемствы па папулярызацыі рускіх дзеячаў у школах. Так, напрыканцы навучальнага года, у школе № 75 праходзіла выстава, прысвечаная Пятру І. Дарэчы, Уладзімір Пуцін параўноўвае сябе з Пятром І і адзначае, што мэтай Расіі з’яўляецца вяртанне тэрыторый. Выстава, прысвечаная Пятру І, прайшла таксама ў іншых школах Гомеля.
Перасоўная выстава ў гонар расейскага цара Пятра І, якая качуе па гомельскіх школах
Аднак супраца са школамі не абмяжоўваецца правядзеннем выставаў. У навучальныя ўстановы Гомеля «Рускі дом» перадае кнігі ў межах расейскай дзяржпраграмы «Развіццё адукацыі». І гэты пры тым, што беларускія выдавецтвы, якія выдавалі кнігі на беларускай мове, закрытыя. З гомельскіх кнігарняў прыбрылі кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
Сярод некамерцыйных устаноў, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, — установа «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ». Арганізацыя будавала сваю дзейнасць у межах наступных прыярытэтаў: прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека, моладзевая нефармальная адукацыя, гендэрная роўнасць, зялёная эканоміка — будучыня Беларусі. Арганізацыя дзейнічала з 2013 года і паўстала на базе грамадзянскай ініцыятывы «Гомельскі Дэмакратычны Форум». ГДФ праводзіў конкурсы гарадскіх праектаў для гамяльчан, ладзіў школы лідараў, лекцыі і сустрэчы з вядомымі грамадскімі дзеячамі і інтэлектуаламі, ладзілі праект грамадскіх дыскускій у фармаце «Гарадскія сходы ГДФ», дзе абмяркоўваліся актуальныя для горада праблемы і шукаліся шляхі іх вырашэння. І гэты няпоўны спіс актыўнасцяў.
А цяпер глядзім, што робіць «Рускі дом» у Гомелі? На старонцы РЦНК пазначана, што гэта пляцоўка для адкрытых лекцый, тэматычных сустрэч і клубаў па інтарэсах. А яшчэ апошнім часам «Рускі дом» у Гомелі актыўна піарыць сярод гомельцаў праграму «Рассупрацоўніцтва» «Новае пакаленне». Праграма скіраваная на актыўную моладзь 25-35 год. У межах праграмы цалкам аплочваецца кароткатэрміновы візіт у Расею для маладых гамяльчан. Паводле РЦНК, больш за 250 маладых гомельцаў наведалі Расію ў межах згаданай праграмы. А для гомельцаў 14-19 год «Рускі дом» арганізоўвае летнік «Здравствуй, Россія»
У сакавіку 2022 года ў Гомелі затрымалі з палітычных прычынаў арганізатара турыстычных паходаў Ігара Галушку. Не прайшло і трох месяцаў, а «Рускі дом» у супрацоўніцтве з Гомельскім аддзелам Беларускага геаграфічнага таварыства праводзіць паход па Палессі. Дарэчы, у абвестцы па пешы паход узгадваецца той самы арыштаваны турыст Ігар Галушка. У прыватнасці: «Во время похода мы посетим: (...) официальную» высшую точку Гомельской области (по данным энциклопедии «Природа Беларуси», правильность определения поставлена под сомнение туристами М.Радиончиком и И.Голушко)».
Скрыншот той самай абвесткі, напісанай пасля арышту аўтарытэтнага турыста Ігара Галушкі
«Рускі дом» пускаюць паўсюль: у школы, ліцэі, дзіцячыя сады і ўніверсітэты. Толькі за апошнія паўгода мерапрыемствы ў супрацы з «Рускім домам» правялі каля 10 школ, адзін дзіцячы садок, ліцэй МНС і ліцэй будаўнікоў, дзіцячая мастацкая школа, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, БелДУТ. І гэта пры тым, што Вярхоўны суд ліквідаваў найстарэйшую арганізацыю Беларусі, якая была заснаваная 100 год таму, — Таварыства беларускай школы. Мінгарвыканкам ліквідаваў установу развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова», якая таксама праводзіла заняткі па вывучэнні беларускай мовы па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Гомелі. То бок, ліквідуюцца беларускія грамадскія арганізацыі, на месца якіх прыходзіць «Рассупрацоўніцтва».