Захавальнік «інтымнага» дзённіка Максіма Багдановіча

Паўстагоддзя таму, 7 красавіка 1973 года, у Саратаве пайшоў з жыцця Язэп Дыла — апошні жывы сябра першага часовага ўрада Савецкай Беларусі, які быў абвешчаны ў 1919 годзе. І адзін з нямногіх яго сяброў, хто памёр сваёй смерцю...


118.jpg 
Партрэт Язэпа Дылы аўтарства Валянціна Волкава, 1926 год

Ён быў шматграннай асобай і вызначыўся не толькі на палітычным полі, але і на культурніцкім. У 20-я гады ён актыўна збіраў і вяртаў у беларускі кантэкст спадчыну Максіма Багдановіча.

Язэп Дыла нарадзіўся ў 1880 годзе ў Слуцку, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. Вучыўся спачатку ў Альгерда Абуховіча, які быў удзельнікам паўстання 1863 года, потым у Слуцкай гімназіі. Паступіў ва ўніверсітэт Тарту, які аднак не скончыў.

Рэвалюцыйнымі ідэямі захапіўся яшчэ ў маладыя гады, бачыў на ўласныя вочы і браў удзел у рэвалюцыі 1905–1907 гадоў. Быў неабыякавы да беларускай справы — спачатку проста чытаў, а потым і сам пачаў пісаць для «Нашай Нівы». Ягоны дэбют прыпадае на 1912 год, калі на старонках газеты з’явіліся яго першыя паэтычныя і празаічныя спробы. 

116.jpg
Рэдакцыя «Нашай Нівы»

У той час там была цэлая плеяда аўтараў, якія пазітыўна глядзелі ў будучыню і чакалі неадкладных зменаў. Гэтае рэвалюцыйнае крыло ачольваў Цішка Гартны — маладыя і амбітныя, яны выразна адрозніваліся ад тых, хто ўжо сцвердзіўся ў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа з ягонымі «Песнямі жальбы». 

Чытайце таксама: Цішка Гартны. Быць ва ўсім першым

У 1913 годзе пабачыў свет «Вянок» — першы і адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча. Яго з’яўленне стала сапраўднай падзеяй, бо паэт, які і не бываў асабліва многа ў Беларусі, і мову ведаў пераважна са слоўнікаў, стварыў неверагодны ўзор нацыянальнай літаратуры. Не падобны да таго, што было раней. 

117.jpg
Вокладка «Вянка» Максіма Багдановіча

Таксама малады паэт далучыўся да «першай літаратурнай дыскусіі», якую распачаў Вацлаў Ластоўскі на старонках «першай беларускай газэты з рысункамі» ў тым жа 1913 годзе. Сутнасць яе простая — трэба выракацца гаротнасці, плачу і стогнаў, ды ствараць прывабныя з эстэтычнага боку творы, на ўзор лешых еўрапейскіх. 

Максім-кніжнік, які добра разбіраўся ў сусветнай класіцы і шмат чаго пераклаў на матчыну мову, натуральна, не мог застацца ў баку. І ў тэорыі і на практыцы ён акурат і займаўся напісаннем такіх твораў. Няма ніякіх сумневаў у тым, што каб не заўчасная смерць паэта ў 1917 годзе, то ён стаў бы ў адзін шэраг з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Але, як вядома, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. 

Так ці іначай, Багдановіч пакінуў па сабе шмат твораў, якія і дагэтуль выклікаюць інтарэс не толькі ў даследчыкаў, але і ў простых чытачоў. Але ў хуткім часе пасля яго смерці пачалі адбывацца падзеі, якія зменшылі цікавасць да ягонай асобы. Войны, рэвалюцыі, распад імперыяў, з’яўленне новых дзяржаваў — на фоне такіх глабальных зрухаў нават магіла паэта згубілася недзе ў Крыме.
Тым часам Язэп Дыла прымаў актыўны ўдзел у многіх вырашальных падзеях, якія адбываліся пасля 1917 года. Быў у складзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Вялікай Беларускай Рады і гэтак далей. Гэта чалавек, які ў літаральным сэнсе прыклаў руку да з’яўлення беларускай дзяржаўнасці як такой. 

У 1919 годзе ён акажацца ў ліку тых беларускіх дзеячаў, што разам са Змітром Жылуновічам увойдуць у склад першага ўрада БССР. Насуперак распаўсюджаным міфам варта зазначыць, што гэтая частка была колькасна меншай, чым «аблвыкамзахаўцы» на чале з Аляксандрам Мясніковым. Але, як выявілася на практыцы, куды больш амбітнай. 

Ён быў адным з трох чальцоў гэтага ўрада, хто ў лютым 1919 года склаў свае паўнамоцтвы на знак пратэсту супраць адарвання ад Беларусі яе спрадвечных тэрыторый на карысць Савецкай Расіі. За тое іх арыштуюць, кінуць за краты, будуць інкрымінаваць нават спробу стварэння самастойнай камуністычнай партыі. 

Язэпа Дылу адправяць у першую высылку, а жыццё двух другіх складзецца больш трагічна. Фабіяна Шантыра расстраляюць у 1920-м. Паводле дакументаў вядома, за што, але не вядома, наколькі дакументы тыя праўдзівыя. Драматург Усевалад Фальскі таксама адправіцца ў высылку і аднойчы, ужо ў 20-я гады, проста бясследна знікне...

Язэп Дыла вернецца на Беларусь у 1921 годзе — гэта зорны час для яго. Будзе працаваць у дзяржплане, займацца эканомікай і раянаваннем невялікай рэспублікі. Потым пяройдзе ў Беларускі дзяржаўны тэатр, дзе паставяць у тым ліку і ягоныя п’есы. Спрычыніцца і да беларускага кінематографа — перакладзе з польскай мовы дакументы, якія былі неабходны для пастаноўкі «Кастуся Каліноўскага». 

118.png
Навуковая камісія Інбелкульта, 1922 год. Язэп Дыла стаіць першы справа 

Стане правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры, у якім будзе займацца збіраннем спадчыны Максіма Багдановіча. У 20-я гады цікавасць да рана спачылага паэта вярнулася: аб ім пісаліся нататкі, яго творчасцю натхняліся маладыя аўтары, быў нават выдадзены збор ягоных твораў. 

Адшукалі меркаваную магілу паэта ў Крыме тры маладзейшыя яго калегі: Уладзімір Дубоўка, Анатоль Вольны і Андрэй Александровіч. У 1927 годзе на месцы пахавання быў усталяваны помнік, які прастаяў да 2000-х гадоў. Потым яго замянілі на больш сучасны, які зрабілі Леў і Сяргей Гумілеўскія. Аб тым, як адбываліся росшукі, захаваўся артыкул Дубоўкі, які быў апублікаваны на старонках «Узвышша». 

Чытайце таксма: Уладзімер Дубоўка: 27 гадоў лагероў і перарванае маўчанне

Паводле яго, звесткі, дзе менавіта шукаць пахаванне, яны атрымалі ад Язэпа Дылы. Той запісаў іх ад бацькі Максіма. Далей Дубоўка зусім скупа апісвае, як яны паведамілі аб знаходцы дамоў: 

«У гэтым жа часе далi тэлеграму ў Мiнск, каб прыслалi адтуль грошы на пастаноўку помнiка. Гэты помнiк стаўляў ужо Цiшка Гартны паводле свайго праекта, бо мы павiнны былi ехаць дахаты. Перад адʼездам сфатаграфавалi магiлку, каб пасля не прыйшлося шукаць нанова. 

Таблiчка з жалобным надпiсам i негатывы фатаграфiй перададзены намi Iнстытуту беларускай культуры пасля прыезду».

119.jpg
Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце

Акрамя звестак аб магіле Адам Багдановіч перадаў Язэпу Дылу і творчую спадчыну паэта. За што яму потым была прызначана прыжыццёвая пенсія ад урада БССР. Сярод іншага ў перададзеных матэрыялах быў так званы «інтымны» дзённік паэта — спісаныя алоўкам аркушы аб яго адносінах з жанчынай па імені Клава летам 1915 года ў Крыме.

У 1930 годзе Язэп Дыла будзе арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі. Разам з іншымі вядомымі дзеячамі ён акажацца ў высылцы, якую, як і Уладзіміру Дубоўку, яму ўдасца перажыць. У другой палове 30-х гадоў яго паўторна арыштуюць, але ў выніку выпусцяць. Дыла так і будзе дажываць свой век у Саратаве, нават і не думаючы вяртацца ў Беларусь. 

У Саратаве сярод іншага акажацца і «інтымны» дзённік Максіма Багдановіча — з нейкай нагоды Язэп Дыла возьме яго з сабой і захавае. Потым разам з іншымі каштоўнымі дакументамі ён вернецца ў Беларусь. 

120.jpg
Адам Багдановіч

Выглядае на тое, што Язэп Дыла быў першым, хто спрабаваў расчытаць яго. Дакладна вядома, што ён разам з бацькам паэта прыйшоў да высновы, што публікаваць яго не варта. Гэтак жа збольшага лічаць і нашыя сучаснікі. Яно мо і правільна, бо паэт яўна рабіў гэтыя запісы акурат для сябе самога, але не для публікі.

Л. Г., budzma.org