Кожны ратуецца ад “адзіноты на стадыёне” як можа. Чарапко вось п’е і піша потым дзівацкія тэксты, якія з аднолькавым посьпехам можна прымаць як за адкрыцьці дамарошчанага філёзафа, так і за практыкаваньні акына-графамана.
Але трэба прызнаць галоўнае – аўтар пакутуе. У песьнях з “Фобосу” адчуваецца амаль фізычны боль лірычнага героя, які прыносіць яму штодзённае сутыкненьне з рэчаіснасьцю. Ад таго ў яго не зусім сьветлай галаве пануе такі вэрхал і нараджаюцца расплывістыя вобразы, якія не заўжды проста расчытаць. У гэтым бязладзьдзі бачная толькі неўпарадкаванасьць думак ды поўная незадаволенасьць сабой і гэтым сьветам, у якім “цифровые эффекты дороже тебя” («Киберпанк»). Так можа прамаўляць чалавек, які хоча згубіцца, дасканала ведаючы пры гэтым дарогу дамоў.
“Петлю Пристрастия” запісваюць ледзьве не ў ратавальнікі сапраўднага рускага року. І праўда – трэба яшчэ пашукаць гурт, не распешчаны слухацкай увагай і не сапсаваны шоў-індустрыяй, які грае непрыдуманыя песьні. Гэта не высмактаныя з пальца словы, рыфмы і вобразы, яно пражыта і выплюнута ў тым самым аўтэнтычным і непрычасаным выглядзе. “Фобос” – альбом, пазбаўлены штампаў, ён зроблены ў фармаце абсалютна свабоднага творчага выказваньня, а гэта мае вялізарную каштоўнасьць у наш час татальных прыпадабненьняў і паразытаваньня на чужых здабытках.
У гэтай працы ня так шмат нятленак, чым на папярэдніх альбомах, індэкс цытаваньня яна таксама мае яўна меншы за ранейшыя рэлізы гурта. Нібы і ўменьне гіпнатызаваць у вакаліста трохі саслабла. Але ня скажаш, што “Фобос” горшы за “Гипнопедию” ці “Всем доволен”. Ён проста іншы. У тым ліку і ў музычным пляне – “Петля” знурылася яшчэ глыбей у пошуках сырога і гразкага гучаньня. Нечакана на гэтым тле слухаецца фінальны нумар “Гумункул”, які можна было б назваць лёгкім і фарматным, каб толькі не паранаідальны тэкст. Гэтыя песьні зусім не ўлюбляюць у сябе, але яўна пакідаюць сьлед. І тут ужо ня важна, праймае чарапкоўскі сьпеў да дрыжыкаў ці выклікае ваніты. Што істотна – кожны можа знайсьці сваё ў гэтых нагрувашчваньнях слоў.
Да безумоўных посьпехаў альбому можна аднесьці “ТЭЦ”, “Я и алкоголь” і абсалютна выдатны псыхадэлічны трэк “Оно”.
Спампаваць альбом можна на лэйбле “Пяршак”.
Ідэя: 8
Выкананьне: 7
Тэксты: 8
Запіс: 7
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін