У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі нядаўна прэзентавалі першы том збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах.
Новы збор твораў — гэта ўжо чацвёртае выданне, якое стане найбольш поўным і навукова каментаваным, піша "Звязда". Для параўнання: у 50-я і 80-я гады збор твораў Кузьмы Чорнага выходзіў у 6 тамах, а ў 70-я гады — у 8 тамах. У новае выданне ўвойдуць тэксты, якія раней не друкаваліся альбо пабачылі свет толькі на старонках перыядычных выданняў ці асобных зборнікаў. Пры падрыхтоўцы 12-томніка даследчыкі карыстаюцца аўтографамі, машынапісамі, архіўнымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ў прыватных архівах нашчадкаў пісьменніка.
У новым выданні значна пашыраны каментарыі. Дзякуючы працы вучоных са збору твораў можна будзе даведацца пра друкаваныя і рукапісныя крыніцы тэксту, месца першай публікацыі, датаванне твора. Тлумачацца гістарычныя і культурныя падзеі, даюцца звесткі пра асоб, згаданых класікам, пазначаюцца цытаты з твораў іншых пісьменнікаў.
Тэксты друкуюцца з захаваннем асаблівасцяў мовы пісьменніка, лексічных адзінак і асобных граматычных форм. Новы збор твораў будзе не толькі адкрываць сучаснаму чытачу багатую літаратурную спадчыну Кузьмы Чорнага. Гэта выдатная крыніца для даследчыкаў. Творы, выдадзеныя ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара, — тая аснова, з якой будуць працаваць, вывучаць, шукаць новыя трактоўкі сучасныя літаратуразнаўцы.
У першы том увайшлі раннія апавяданні 1921–1925 гадоў. У тэкстах адлюстраваныя асаблівасці мовы тых часоў. У выніку па іх у тым ліку можна прасачыць, якія моўныя працэсы адбываліся стагоддзе таму. І, як заўважыла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова, такое выданне можна лічыць яшчэ і адным з помнікаў мове.
Сёння рыхтуецца новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы, у якім падаюцца значэнні слоў, а таксама прыклады ўжывання пры дапамозе сказаў са зборнікаў класікаў. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. Ён жа падкрэсліў значнасць праектаў, накіраваных на выданне збораў твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў: «Вельмі важна паказаць, наколькі багатая наша нацыя. Менавіта Кузьма Чорны выдатна паказаў псіхалогію, менталітэт і філасофію народа».
Кузьма Чорны пражыў усяго 44 гады, але паспеў пакінуць багатую літаратурную спадчыну як пісьменнік, літаратурны крытык, перакладчык, адзін са стваральнікаў беларускага рамана, нацыянальнай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы.
Доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Людміла Сінькова заўважыла, што сёння неабходна для навукова каментаваных фундаментальных выданняў браць самых знакавых класікаў. Магчыма, сучаснаму чытачу варта адкласці модны раман, а пачытаць творы Кузьмы Чорнага, які стварыў вобраз беларускай нацыі, імёны многіх персанажаў у яго паўтараюцца праз пакаленні, падкрэсліваючы повязь часу. Ён паказаў чалавека на сваёй зямлі, што надзвычай актуальна для сучаснікаў, каб яны адчувалі сваё месца сілы.
— Кузьма Чорны пакінуў вялікі след у беларускай літаратуры і быў вядомы глыбокай сувяззю з паўсядзённым жыццём народа, любоўю да сваёй радзімы і каранёў, выдатным валоданнем роднай мовай і разуменнем чалавечай душы, — заўважыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка.