Чаму ў Беларусі ўсе незадаволеныя выступленнямі зборнай?

02.05.2019 Спорт

Буйныя спартыўныя спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, у якіх бяруць удзел беларускія зборныя, кожны раз ускрываюць цікавы факт: беларусы больш наракаюць на вынікі камандаў, чым падтрымліваюць і шчыра перажываюць за іх.

Гэта кідаецца ў вочы не толькі беларусам, але і жыхарам суседніх краін. Бо такое стаўленне да сваіх спартоўцаў кардынальна адрозніваецца ад падыходу ў суседзяў.

Каб пераканацца, дастаткова зірнуць на хакейны матч Беларусь — Венгрыя, у якім беларусы перамаглі. Венгры яшчэ два гады таму ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на найвышэйшым узроўні і перамагалі беларускую каманду. То бок прыхільнікі з Венгрыі мелі права патрабаваць перамог ад сваёй зборнай. Але пасля паразы ад беларусаў венгерскія хакеісты і заўзятары на трыбунах разам праспявалі нацыянальны гімн. Тым самым не толькі падтрымаўшы адно аднаго ў нялёгкі момант, але і прадэманстраваўшы ўсяму свету непахіснасць характару і еднасць.





Нават са спартыўнага пункту гледжання стыль гульні той жа Венгрыі — гэта ў першую чаргу неатакавальны хакей са шматлікай барацьбой у абароне. Назваць відовішчным такі стыль цяжка. Венгры рэдка цешаць прыхільнікаў галамі, каманда гуляе, што называецца, "па-саперніцку", але падтрымка на трыбунах заўсёды на высокім узроўні. Складаецца такое ўражанне, што беларускія аматары хакея перамогі зборнай над камандамі яе ўзроўню майстэрства ўспрымаюць, як "няма чым ганарыцца", а паразы ад грандаў — "мы так і ведалі".

У адрозненне ад беларускай сітуацыі, спартоўцы і заўзятары большасці іншых каманд адчуваюць еднасць і прыналежнасць да народа, які яны прадстаўляюць на спаборніцтвах, а не толькі зарабляюць грошы ці дэманструюць сваё майстэрства перад скаўтамі-агентамі з багатых клубаў.

20190430171734.jpg

Складаецца ўражанне, што, на вялікі жаль, беларускія прыхільнікі хакея ўспрымаюць зборную як набор хакейных няўдачнікаў з вялікімі заробкамі. Беларуская каманда – менавіта зборная, а не representation. І сапраўды, такое ўражанне, што "прэзентацыя краіны" як адна з галоўных мэтаў падчас міжнародных спаборніцтваў стаіць на апошнім месцы для хакейных зборнікаў.

Беларуская зборная па хакеі — бадай, самая паспяховая беларуская каманда ў гульнявых відах. З вынікамі хакеістаў могуць паспрачацца толькі нашы гандбалісты. Але пасля нядаўніх пераможных гульняў з Літвой і Венгрыяй беларускія хакеісты атрымалі ад прэсы і заўзятараў чарговую порцыю негатыву.

20190430171754.jpg

Прыклад Венгрыі — вельмі паказальны. І хаця гэта краіна з вялікімі спартыўнымі традыцыямі, распаўсюджанай фанацкай культурай, цяпер поспехі камандаў пад нацыянальнымі сцягамі вельмі рэдкія. Але венгерскія спартыўныя зборныя ніколі не скардзіліся на адсутнасць цікаўнасці ў прыхільнікаў, нават падчас адсутнасці станоўчых вынікаў.

Мо таму, што нават светапогляд у венграў у спорце кардынальна адрозніваецца ад сучаснага беларускага. Шчыра кажучы, мне цяжка ўявіць беларускіх спартоўцаў, якія б выконвалі нацыянальны гімн разам з прыхільнікамі пасля няўдалга матча. Згодныя?

Гульцы зборных — адлюстраванне стану грамадства

Вядома, праблемы с матывацыяй існуюць ва ўсіх спартыўных беларускіх зборных, а не толькі ў хакейнай. Але прыклад хакеістаў вельмі свежы і настолькі паказальны, што ў першую чаргу звяртаем увагу на гэты спорт. Тым больш што менавіта хакей з падачы ўладаў з'яўляецца спортам №1 у краіне. Адсюль і завышаныя патрабаванні ад аматараў хакея, а таксама ад чыноўнікаў.

20190430171712.jpg

Кожная памылка хакеістаў успрымаецца як правал, што непазбежна прыводзіць да шквалу чарговых памылак. Але многія забываюць, што спартоўцы — гэта зрэз грамадства. Таму прычыны адсутнасці "патрыятычнай матывацыі" падчас міжнародных спаборніцтваў прыхільнікам спорту варта пашукаць у тым ліку і ў саміх сабе.

У большасці свету зборныя каманды ўсё яшчэ успрымаюцца як апошнія аскепкі сапраўднага спорту, з мінімальным адбіткам камерцыялізацыі, якая цягне спартыўны складнік на самае дно. За клубныя каманды даўно выступаюць шматлікія легіянеры, што не маюць ніякіх повязяў са структурай і традыцыямі камандаў, мясцовасцю, супольнасцямі.

Зборныя — іншая справа, хаця шмат у якіх відах спорту ўжо выступаюць так званыя "натуралізаваныя спартоўцы". У большасці ў каманды трапляюць прадстаўнікі краіны па найлепшых спартыўных выніках. Такія спартоўцы, у адрозенне ад "клубных варагаў", адчуваюць повязь з краінай, традыцыямі, еднасць з народам і, як вынік, з "трыбунамі". Такое ўспрыняцце робіць адбітак і на псіхалогіі ўласна спартоўцаў, што, шчыра кажучы, з'яўляецца "прадукам камерцыялізацыі і ўніфікацыі". Але ў большасці сваёй здольныя пранікнуцца "духам зборнай" насуперак гэтым сучасным тэндэнцыям.

Нават трапляюцца такія ўнікумы, якія ўдзельнічаюць у спаборнітвах за мінімальныя ганарары, толькі з патрыятычных памкненняў. Напрыклад, калі гаворка пра хакей – літоўцы Зубрус і Каспарайціс, зоркі НХЛ, якія пасля завяршэння кар'еры ў найлепшай лізе ў свеце дапамагаюць зборнай Літвы на лядовых пляцоўках.

Нам, беларусам, такіх прыкладаў вельмі не хапае. Таму і ўспрымаюць прыхільнікі спорту зборнікаў не як прадстаўнікоў краіны, а як набор гульцоў, якія мусяць змагацца на спартыўных пляцоўках, бо ім плацяць добрыя ганарары і людзі на трыбунах заплацілі за квіткі. Такі падыход безумоўна негатыўна адбіваецца і ўласна на спартоўцах.

Нехта з класікаў сказаў: "Спорт — гэта ідэалогія". Слушна. Асабліва спорт на ўзроўні зборных. Таму хацелася б пажадаць усім нам большай самааддачы, узаемнай павагі, еднасці і годнага прадстаўлення краіны ў свеце.

І ў якасці бонусу — фрагмент выканання нацыянальна гімна зборнай Аргентыны перад матчам па рэгбі, які сапраўды ўражвае:


Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Фота: Сяргей Малышка, pressball.by; hockey.by