У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса ў краіне і па ўсім свеце можна пачуць шмат меркаванняў, часам супрацьлеглых.
Некаторыя апелююць да еўрапейскіх захадаў, дзе ў некаторых краінах уведзенае надзвычайнае становішча: забаронены выхад на вуліцы грамадзянам, вайскоўцы кантралююць транспартныя артэрыі і забеспячэнне харчаваннем. Хтосьці кажа пра абмежаванні на прыкладзе ўсходняй часткі кантынента: каранцін у адукацыйных установах, забарона правядзення забаўляльных мерапрыемстваў, спыненне масавага гандлю.
Таксама можна пачуць пра перабольшванне пагрозаў і штучную паніку, якую стварылі СМІ і ўлады асобных дзяржаваў.
Здаецца, за ўсімі гэтымі абмеркаваннямі глабальных мер і магчымых наступстваў мы забыліся на асобнага чалавека. Які знаходзіцца ў разгубленасці і не ведае, што рабіць і як выратавацца ад эпідэміі, як не захварэць.
Зараз не будзем згадваць нормы асабістай гігіены пра якія чуваць усюды.
Варта згадаць пра самыя відавочныя і простыя захады, якія могуць дапамагчы не толькі ўзмацніць імунітэт, але і хаця б на хвіліну забыцца пра інфармацыйны шторм, які пастаянна атакуе нашу свядомасць. Панічныя настроі і нервовая напружанасць таксама адмоўна ўплываюць на здольнасць нашага арганізма супрацьстаяць хваробам.
Самы натуральны захад, які дапаможа кожнаму без выключэння, — гэта здаровы лад жыцця. Ад устрымання ад алкаголю, нікаціну і іншых шкодных рэчываў да абавязковых рэгулярных фізічных нагрузак.
У інтэрнэце апошнія тыдні сустракаецца шмат публікацый наконт таго, што спажыўцоў нікаціну мала сярод тых, хто трапіў у лякарні з каранавірусам, ці пра карысць алкагольных напояў пры прафілактыцы захворвання.
Але давайце зірнём на рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каб пераканацца ў памылковасці нікацінава-алкагольнай «прафілактыкі», пра якую кажуць нават некаторыя кіраўнікі дзяржаў.
Два малюнкі:
Не давяраць дактарам сусветнага значэння хіба не варта. І ставіць пад сумнеў іх прафесіяналізм таксама не выпадае.
Таму іхныя парады пра шкоднасць алкаголю і нікаціну для імуннай сістэмы варта ўзяць на ўзбраенне. І ўстрымлівацца ад спажывання гэтых прадуктаў.
Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на адной з апошніх канферэнцый згадаў і неабходнасць фізічнай актыўнасці:
«У гэты цяжкі час вельмі важна працягваць клапаціцца пра сваё фізічнае і псіхічнае здароўе. Гэта дапаможа вам не толькі ў доўгатэрміновай перспектыве, але і з COVID-19, калі вы ўжо заразіліся.
Па-першае, ежце здаровую ежу, якая дапаможа вашай імуннай сістэме функцыянаваць належным чынам. Па-другое, спыніце спажыванне алкаголю і пазбягайце салодкіх напояў».
Трэцяй неабходнай мерай кіраўнік СААЗ называе адмову ад курэння, якое «павышае рызыку сур’ёзных захворванняў, калі вы інфікаваныя COVID-19».
Ну і чацвёртае:
«Рабіце фізічныя практыкаванні хаця б 30 хвілін у дзень (дарослыя) і гадзіну ў дзень (дзеці). Шпацыруйце кожны дзень па гадзіне, але трымаеце дыстанцыю ад астатніх».
Не варта імкнуцца стаць апантаным фізкультурнікам
Калі вы ніколі ці вельмі рэдка займаецеся фізічнай актыўнасцю, памятайце: не варта імкнуцца стаць апантаным фізкультурнікам адразу. Асабліва падчас эпідэмій. Бо празмерныя фізічныя нагрузкі, у тым ліку для непадрыхтаваных аматараў, могуць выклікаць зваротны эфект.
Варта пачынаць з лёгкіх прагулак ад 30 хвілін некалькі разоў на тыдзень.
Медыкі раяць нагрузкі 75 хвілін на тыдзень пры падвышанай інтэнсіўнасці ці 150 хвілін пры ўмеранай на тыдзень. Таксама ёсць парада два разы на тыдзень займацца расцяжкай.
Калі вы займаецеся спортам на аматарскім узроўні, але даволі працяглы час і падрыхтаваныя да нагрузак, у перыяд моцных эпідэмій лепш пазбягаць ператрэніраванасці. І пакінуць свае сілы і спартыўны імпэт для больш прыдатных часоў.
Падчас прабежак варта знізіць інтэнсіўнасць і працягласць. Калі вы маеце магчымасць наведваць спартыўныя секцыі, дзе не вельмі шмат людзей, ці займацца асобна — памятайце, што лепш надаваць больш увагі тэхніцы выканання практыкаванняў, чым імкнуцца да асабістых рэкордаў.
Празмерная фізічная актыўнасць можа гэтаксама нашкодзіць, як яе адсутнасць. Варта намагацца зрабіць заняткі спортам больш збалансаванымі, бо фізічны стрэс можа адмоўна ўплываць на імунную сістэму.
Не хварэйце!
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!