Што пераважвае ў яе асобе — жаночае ці мужчынскае, гомасэксуальнае альбо гетэрасэксуальнае? І як вымераць уласную жаноцкасць? Нашая гераіня Дар’я не можа адназначна адказаць на гэтыя пытанні.
— Мне цяжка адказаць, кім я сябе адчуваю. Я не да канца дзяўчынка, але і хлопчыкам быць не хачу. Калісьці даўно хацела памяняць пол. Дакладней, гэта было не настолькі сур’ёзна, але думкі ўзнікалі праз пэўныя нязручнасці. Мне больш падабалася хлапечае адзенне, стрыжкі і гэтак далей. Я казала пра сябе ў мужчынскім родзе, мне далі імя Міша. Пры гэтым, калі казаць пра ўласцівую мужчынам маскуліннасць, у сабе я яе не адчуваю, ды яе ніколі і не было. Але людзям трэба катэгарызаваць. Калі я, напрыклад, купляю вопратку ў мужчынскіх ці дзіцячых аддзелах, гэта выклікае пытанні. Калі да мяне звяртаюцца ў краме, на вуліцы, у транспарце, дзе заўгодна, я бачу напружанне. Яны спачатку доўга думаюць, хто я, потым разважаюць, як да мяне звярнуцца і каго яны пры гэтым больш зняважаць — мужчыну, назваўшы жанчынай, ці жанчыну, назваўшы мужчынам. Часцей за ўсё яны памыляюцца. Для большасці я хлопчык. Мяне, напрыклад, у метро прапускаюць бясплатна, кажуць: «Хлопчык, праходзь».
Грамадства спрабуе ўпісаць мяне ў паняцце “мужык ці баба”, як не раз людзі ўголас абмяркоўвалі, седзячы насупраць у метро. Ім было смешна.
— Як ты сама думаеш, адкуль гэтая нявызначанасць з гендэрнай ідэнтычнасцю — гэта вынік выхавання, генетыкі, сямейных абставінаў?
— На маё ўспрыманне сябе паўплывала ўсё: пра ген сэксуальнасці я, вядома, нічога не ведаю, але выхаванне, сямейныя абставіны даліся ў знакі. Я расла без бацькі. Мама асабліва не прышчапляла мне любові да сукенак, спадніц і калготак. То бок яны былі, але калі паглядзець на ўсе мае дзіцячыя фатаздымкі, мяне заўсёды каротка стрыглі, апраналі ў кальсоны, джынсы, шорты, штаны, кашулі, швэдры. У дзіцячым садку я грала Бураціна. Мяне не вучылі быць мужчынам — бабуля вадзіла мяне на бальныя танцы і мастацкую гімнастыку, але неяк гэта не прыжылося. Праблемы пачаліся пазней, калі мама пачала перажываць за маю сэксуальную арыентацыю, а бабуля спрабавала насадзіць мне гольфы, спадніцы, сукенкі. Жах быў у школе, калі дзяўчынкам трэба было абавязкова насіць форму, а форма — гэта спадніца. Але мне ўдалося неяк пазбегнуць нашэння ўсяго гэтага, нават нягледзячы на пагрозы выключэння за непадпарадкаванне ўнутранаму статуту.
— Ці прымаеш ты стэрэатыпна жаночыя ролі — жанчыны-маці, жонкі?
— Я шмат думала, якую ролю хацела б мець. Я была ў розных стасунках і сказаць, што гатовая ўзяць на сябе мужчынскую ролю, мужчынскія абавязкі і быць мужчынам, не магу. Што да мацярынства, замужжа, іншых прыкмет “шчаслівага жаночага лёсу”, я іх прымаю, але да канца да іх не гатовая.
— А чаму не задавальняюць аднаполыя зносіны?
— Яны не гарантуюць, што менавіта табе выпадзе роля мужчыны, ёсць шмат іншых аспектаў. З жанчынай я не магу быць жанчынай, а быць мужчынам для жанчыны не атрымліваецца. Я вяртаюся да таго, што ўсім трэба граць нейкія ролі, хоць іх не павінна быць.
Што канкрэтна мяне не задавальняе— гэта немагчымасць мець дзяцей ад партнёра, унутраны канфлікт, бо гэта ўсё ж не мая сэксуальная арыентацыя. Нават такі фактар, як меркаванне бацькоў, грае вялікую ролю. Я праходзіла праз гэта не раз, выклікала дзеля цікавасці канфлікт з мамай. Нават калі жартам казала, што я гомасэксуальнай арыентацыі, пачыналіся слёзы і істэрыкі.
— Раскажы пра выпадкі непаразумення.
— З непаразуменнем я сустракаюся штодня. Самы негатыўны досвед — у 18 гадоў мяне збілі ў грамадскім транспарце. П’яная жанчына, якая сцвярджала, што яна цяжарная, паваліла мяне на падлогу, біла нагамі, дапамагаў ёй муж. За тое, што я не саступіла ёй месца ў пустым тралейбусе. І за тое, што “з такіх, як я, вырастаюць наркаманы”. Сядзелі людзі, і ніхто нічога не зрабіў. Не ведаю, каго яны баяліся — іх ці мяне. Я нават не ведаю, ці зразумела яна, што я дзяўчына. Наступныя два тыдні са страсеннем я правяла ў шпіталі. Пасля гэтага выпадку я не нашу доўгіх валасоў, тады ў мяне былі да плячэй.
Неяк мяне спынілі фанаты «Дынама» на праспекце, хлопцы гадоў па 15. У мяне была арафатка і чырвоныя матузкі, з кім не бывае. Дасталі ўжо ножык, але добра, што адзін з іх зразумеў, што я дзяўчына, сказаў астатнім: “Баба, сыходзім”. Мяне адпусцілі.
Самы добры выпадак — сустрэча з трохгадовай эквадорскай дзяўчынкай у Нью-Ёрку, якая спытала, хлопчык я ці дзяўчынка. Я сказала, што хлопчык, каб не траўмаваць псіхіку дзіцяці.
— Для цябе важнае меркаванне грамадства? Ці былі думкі памяняць свой выгляд на “нармальны”, каб да цябе ніхто не чапляўся?
— Я магла б сказаць, што мне пляваць на меркаванне грамадства, але гэта, вядома ж, хлусня. Тое, як я выглядаю, — не анархічны бунт. Я так сябе адчуваю і нічога ў сабе мяняць не хачу. Не выключаю, што калі-небудзь адчую патрэбу хадзіць у сукенках і на абцасах.
— Што для цябе значыць жаноцкасць? Ці знаходзіш яе ў сабе?
— Жаноцкасць — чарговы стэрэатып. Жаноцкасці я баюся, таму што, як мне здаецца, не ўмею яе “правільна” праяўляць. То бок кананічныя праявы жаноцкасці, такія як далікатнасць, пяшчота, грацыя, эмацыйнасць, мне не ўласцівыя. Мне лягчэй уявіць сябе з бутэлькай віскі ў правай руцэ і кольтам у левай. Вядома, часам мне зусім не хочацца быць героем фільмаў Таранціна, але гэта бывае рэдка.
Аліна Крушынская: “Мала хто з нас цалкам адпавядае нарматыўнай сэксуальнасці”
Пракаментаваць гісторыю Дашы з тэарэтычных пазіцый мы папрасілі Аліну Крушынскую, якая піша даследаванне на тэму рухомай жаночай суб’ектнасці. У лютым у Мінску будзе прэзентаваны яе фотапраект на гэтую тэму, які складаецца са здымкаў Дар’і і цытат з інтэрв’ю, якое Аліна рабіла для сваёй працы. Мэта праекту, паводле аўтаркі, — пастарацца зразумець, ці заўсёды мы лаяльныя да тых, хто блукае праз межы, ці гатовыя пусціць іх на сваю тэрыторыю і на якіх умовах.
— Аліна, як можна назваць гэтую з’яву? Якімі тэрмінамі ты карыстаешся ў сваёй працы?
— Перш за ўсё трэба ўсведамляць, чаму і з якімі мэтамі мы хочам нешта назваць. У акадэмічнай навуцы існуе паняцце “ўлада намінацыі”, уведзенае французскім сацыёлагам і філосафам Бурдзье для апісання ўладных механізмаў, якія ўзнікаюць, калі мы спрабуем даць назву якой-небудзь з’яве. Першапачаткова, узяўшы ў якасці эмпірычнага матэрыялу гісторыю Дашы, я паспрабавала “ўціснуць” яе ў катэгорыю “ненарматыўнай жаночай гетэрасэксуальнасці”, якую сама ж і вынайшла. Гэтая катэгорыя мела стаць агульнай для такога жаночага вопыту і практык, якія прыводзяць да збою катэгарызацыі на двух узроўнях — полу і сэксуальнасці. Прасцей кажучы, я спрабавала катэгарыяльна пазначыць ідэнтычнасць жанчын, якіх з прычыны некаторых вонкавых і паводніцкіх характарыстык памылкова прымалі то за хлопчыкаў, то за лесбіянак. Аднак, пачаўшы браць інтэрв’ю ў дзяўчат, якія, як мне здавалася, падыходзілі пад гэтую катэгорыю, я зразумела, што іх вопыт выслізгвае з такой намінацыі. Акрамя таго, іх гісторыі, расказаныя імі самімі, занадта розніліся для таго, каб проста ўзяць і аб’яднаць іх у групу пад фармальнай назвай “ненарматыўная жаночая гетэрасэксуальнасць”. Зрабіўшы гэта, я б зрабіла тое, што Бурдзье апісвае як сімвалічны гвалт.
Аднак для мяне ўсё адно было важна асэнсаваць гэты жаночы вопыт, які на той момант у чымсьці супадаў з маім уласным. Таму я звярнулася да іншых канцэптуальных сродкаў, якімі сталі метафары намада (качэўніка) і мяжы. (Феміністка Розі Брайдоці ў сваёй працы “Адрозненне полаў як палітычны праект намадызму” прапануе разглядаць такі суб’ект, які не ёсць фіксаваным і стабільным, але складаецца з разрываў і пастаянна рухаецца, у дадзеным выпадку ад нарматыўнасці або ў яе бок). Прыклад Дашы паказвае, што яе адчуванне сябе ў часе і прасторы не застылае, яно пастаянна мяняецца. Часам ёй камфортна ў вобразе хлопчыка, часам хочацца быць больш жаноцкай. А пастаяннае ўпісванне яе ў лесбійскую ідэнтычнасць падштурхоўвае яе да таго, каб паспрабаваць сябе ў гомасэксуальных стасунках. Гэтае качаванне суб’ектнасці праз межы полу і сэксуальнасці можа абвастрацца або, наадварот, спыняцца ў залежнасці ад самых розных фактараў, напрыклад, з’яўлення партнёра-мужчыны або павышэння сацыяльнага статусу.
— У чым заключаецца галоўная праблема жанчын, якія не могуць вызначыць гэтыя межы?
— Мы прывыклі думаць пра межы і памежжы як пра нейкую маргінальную прастору, якую неабходна жорстка кантраляваць ад “незаконнага перасячэння”. У той жа час пастаяннае праходжанне прапускных пунктаў адкрывае новыя магчымасці для стварэння суб’ектнасці. Менавіта таму Дашы значна прасцей уявіць сябе персанажам фільмаў Таранціна, чым любой “жаноцкай” дзяўчыне, якая ніколі не выходзіла за межы нарматыўнасці.
Але насамрэч праблема не ў “нейкіх не такіх” жанчынах, а ў існаванні межаў, у неабходнасці даміноўнай культуры кантраляваць рамкі нормы. Калі прыгледзецца больш уважліва, то норма акажацца даволі вузкай, а рамкі — жорсткімі, проста тыя ці іншыя адхіленні могуць карацца больш ці менш строга. Возьмем уяўленне пра тое, што “мужчыны не плачуць”, за літаральным сэнсам якога хаваецца дыскурс дамінантнай маскуліннасці. На практыцы гэта азначае, што эмацыйныя і чуллівыя мужчыны апынаюцца ў маргінальным становішчы адносна мужчын моцных і ўладных. Я хачу сказаць, што мала хто з нас цалкам адпавядае нарматыўнай сэксуальнасці, жаноцкасці або мужнасці, то бок усе мы так ці інакш падвяргаемся фізічнаму ці сімвалічнаму гвалту з боку культуры.
Падрыхтавала Аляксандра Дорская