28 жніўня споўнілася б 85 год слыннаму беларускаму паэту, вядомаму грамадскаму дзеячу Генадзю Бураўкіну. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з удавой паэта. Юлія Якаўлеўна распавяла пра першую сустрэчу са сваім будучым мужам, любімую страву Генадзя Мікалаевіча, сямейныя традыцыі і пра тое, што Бураўкін лічыў галоўным дасягненнем у сваім жыцці.
Юлія Бураўкіна, фота svaboda.org
— Юлія Якаўлеўна, распавядзіце, калі ласка, пра тое, як Вы пазнаёміліся з Генадзем Мікалаевічам? Ці было гэта каханне з першага позірку?
— Гэта было так даўно, што я шмат чаго ўжо і не памятаю (смяецца). Я паступіла ва ўніверсітэт, на філфак. І там мы з ім і пазнаёміліся. Але я яго не бачыла і не звяртала на яго ўвагу, у адрозненне ад яго. Як ён сам пісаў і ўзгадваў, ён пабачыў мяне ў буфеце, дзе мы стаялі ў чарзе за нечым. Бліжэй мы пазнаёміліся, калі пачаліся заняткі ва ўніверсітэцкім драматычным гуртку. Ён быў вельмі ўважлівым, звяртаў увагу, быў вельмі разумным, дасціпны. Там былі і старэйшыя студэнты, якія вучыліся ў аспірантуры. І нашыя рэпетыцыі былі вельмі цікавымі. А рэпеціравалі мы Горкага «Дзеці сонца». Я там пабыла нядоўга, дзесьці з год, а пасля мая мама пайшла працаваць вечаровымі зменамі, вечаровыя лекцыі (яна была выкладчыцай нямецкай мовы ў завочнікаў), і мне, нажаль, прыйшлося сысці з драмгуртка. Але з гэтага драмгуртка і пачалося нашае сяброўства з Генадзем. Гулялі разам, паколькі ён быў вельмі начытаны, а я яшчэ і не думала пра беларускасць і пра беларушчыну, тым больш, што я ўкраінка сама, не з беларускай вёскі, і неяк так я і ўвайшла ў беларускую справу.
— Ці адразу Вы пагадзіліся стаць ягонай жонкай, ці ён Вас доўга заваёўваў?
— Ну, канешне, не адразу, спачатку гэта было такое сяброўства спакойнае. Я не ведаю, можа, б і не атрымалася гэтая жаніцьба, каб Генадзь не захварэў. Ён быў на 5-м курсе і захварэў, я думала, што гэта грып, але гэта перайшло ў туберкулёз лёгкіх. Ён ляжаў тры месяцы ў 2-й бальніцы, што на супраць опернага тэатра, на рагу вул. Багдановіча і Янкі Купалы, лячыўся, але цалкам не вылечыўся, яму рабілі, тады называлася «паддуванне», у рэбры ўстаўлялі вялікую іголку і надувалі туды паветра, каб плеўра прыстроілася да дзіркі, якая была ў лёгкім. І ён паддуваўся так некалькі гадоў, гады тры. За ім трэба было сачыць: каб нармалёва еў, каб ногі не прамачыў, каб цёпла апранаўся. Адным словам, як за дзіцём глядзець, каб выцягнуць яго з гэтага стану. Ну тут так атрымалася, што трэба было за ім глядзець і адным словам, каб глядзець, то трэба было жаніцца (смяецца).
— Як паставіліся да Вашага выбару бацькі, ягоныя і Вашы?
— Ой, мае бацькі — гэта быў жах.
Калі мы сказалі, што мы збіраемся ажаніцца, то мая мама так была супраць, што сабрала мне чамадан і выгнала мяне з хаты
Мой зводны брат узяў гэты чамадан, Генадзя ўзяў пад руку, мяне, і пайшлі мы шукаць кватэру. Знайшлі кватэру на Камуністычнай вуліцы, у прыватным доме знайшлі пакойчык, які быў 6 метраў, ну, можа, 8. Там шафа стаяла і ложак, і ўсё, больш нічога не змяшчалася. І мы толькі памірыліся з маімі бацькамі, калі прыехала на Новы год, а мы распісаліся 9 мая, мая бабуля з Украіны. Ну, і сказала маёй маме: «Дзіты побраліся! Шо ты робіш?». Ну і пасля гэтага, мы памірыліся, маці пачала гатаваць абеды па нядзелях і мы з Генадзем прыходзілі на абеды. Я ж была 3-ці курс скончыла, а Генадзь пайшоў працаваць стыль-рэдактарам у часопіс «Камуніст Беларусі». Чаму? Таму што па размеркаванню яму трэба было паехаць у Віцебск, працаваць у газеце «Віцебскі рабочы», але паколькі мне трэба было вучыцца яшчэ, то мы вырашылі, што ён застанецца ў Мінску. Ён жа тады быў невядомы яшчэ, мала што там нейкія вершыкі піша, ён жа быў яшчэ малады хлопец, з універсітэта толькі, таму пайшоў стыль-рэдактарам, пасля ўжо перайшоў на радыё, і пачалася журналісцкая праца, паралельна ішла праца над вершамі, якія ён друкаваў дзе-небудзь, пісаў. Такая вось была наша пачатковая маладосць. Яго бацькі нас прынялі, але я б не сказала, што я была любімая нявестка. Яны простыя людзі з вёскі, я не беларуска ды яшчэ гарадская.
— Ці часта Генадзь Мікалаевіч рабіў Вам падарункі? Які з іх для Вас самы каштоўны?
— У мяне і зараз захаваўся пярсцёнак, сціпленькі такі, залаты. Гэта быў падарунак на Дзень народзінаў, мы тады яшчэ жанатыя не былі.
— Мы ўсе ведаем Генадзя Мікалаевіча як дзяржаўнага дзеяча, як паэта, класіка беларускай літаратуры. Але ж менавіта Вы ведалі яго лепш за ўсіх як звычайнага чалавека. Распавядзіце, калі ласка, пра яго як пра чалавека. Ці цяжка было з ім у побыце?
— Часта я чула такія пытанні: «Як ты з ім жывеш? Ён жа такі востры, такі безкампрамісны»... А дома ён быў вельмі харошым чалавекам, ён вельмі любіў дзяцей, добрым быў. І галоўнае, што ён мае заўвагі ці сваркі нашыя пераварочваў у нейкі юмарны бок, які зніжаў накал страсцей. За выключэннем нейкіх прынцыповых рэчаў.
А калі я чытала яго напісаныя новыя вершы, то я яму даравала ўсё.
— Які Ваш самы любімы верш Генадзя Мікалаевіча?
— Трэба сказаць, што Генадзь у вершах быў даволі шчыры і ва ўсіх рамантычных вершах я бачыла сябе «без ложной скромності» (смяецца). Нейкі адзін я вылучыць не магу. Я прачытаю і скажу, вось гэтыя вершы харошыя, а вось не вельмі. Іх наогул не трэба крытыкаваць, паэтаў, яны так успрымаюць гэта балюча.
— Было такое, што Вы крытакавалі вершы Генадзя Мікалаевіча?
— Гэта бывала часта, а потым перастала бываць (смяецца). Так, уявіце сабе, ён перастаў даваць мне іх чытаць, толькі калі яны былі ўжо надрукаваныя. Але гэта ўжо апошнія гады, калі я ўжо прыняла яго такім мастадонтам, і ён сябе ўжо адчуваў такім класікам. Спачатку я неяк адзін раз зрабіла такія заўвагі, што ён пакрыўдзіўся, па маладосці яшчэ было, потым панёс гэтыя вершы Пімену Панчанку, і што вы думаеце? К маёй радасці Панчанка яму сказаў тое ж самае. Генадзь асцярожна, але пра гэта мне сказаў. А я была такая радасная (пасміхаецца). Да Панчанкі ён прыслухаўся. Генадзь не прызнаў, што я была права, але паведаміў, што Панчанка так сказаў. Гэта мне запомнілася.
— Калі б Вам трэба было апісаць яго некалькімі словамі, якія якасці Вы б перш за ўсё назвалі?
— Прынцыповы, але адчуваў і повязь часоў, справядлівы і вось гэта абвостранае пачуццё справядлівасці пераважала над усім астатнім. І гэта пачуццё справядлівасці перадалося і дзецям.
— Напэўна, гэтае пачуццё справядлівасці вельмі часта і перашкаджала яму ў жыцці?
— Так, часта незразумела было для людзей: «навошта ты вытыркаешся?»
— Распавядзіце, калі ласка, пра свае сямейныя традыцыі? Ці былі яны ў Вашай сям’і наогул?
— У нашай сям’і было вось што. Справа ў тым, што у мяне Дзень народзінаў 1-га студзеня. Гэта жах (смяецца). А Новы год усё роўна трэба сустракаць. Па маладосці сустракалі з сябрамі, сям’ёй, а на наступны дзень мяне ж трэба было павіншаваць, і ўсе прыходзілі як мухі сонныя. Кожны Новы год расцягваўся, мякка кажучы, на некалькі дзён. Я не ведала, што рабіць. Мы неяк вырашылі сумясціць і Новы Год, і мой Дзень народзінаў, і ўсё роўна 1-га студзеня ўсе прыпёрліся вечарам. І ў нашым асяроддзі бытаваў такі выраз, які прывезла са сваёй вёскі Валянціна Паўлана Матукоўская «ну, прыходзьце казу дадзіраць», гэта значыць даядаць тое, што ўчора не даелі.
— Вы казалі, што Генадзь Мікалаевіч вельмі любіў сваіх дзяцей. А як бацька ён быў строгім альбо даваў дзецям права выбару?
— Вось бачыце, вы цяпер «права выбару» маеце ў сваім лексіконе (смяецца). Генадзь не быў грозным, ён быў добрым, размаўляў заўсёды з імі, ён не біўся ніколі. Я запомніла, Генадзь адчыняе дзверы і заходзіць, а малая ляціць да яго, і ён уздымае яе на рукі.
Генадзь і Юлія Бураўкіны разам з дзецьмі. Фота з асабістага архіва Юліі Бураўкінай
— А вось скажыце, усім нам з дзяцінства вядома «Калыханка», а ці спяваў Генадзь Мікалаевіч сваім дзецям, калі яны былі маленькія? Ці казкі, можа якія распавядаў?
— О, дааа, асабліва Лёшу, каб яго прыспаць, клаўся каля яго і пачынаў сачыняць казкі, Генадзь распавядаў казкі не такія народныя, якія мы ўсе ведаем, а нешта сваё, і Лёша вельмі любіў гэтыя казкі і кожны вечар чакаў, што ён раскажа яму, нешта новае прыдумае.
Генадзь і Юлія Бураўкіны разам з сынам Аляксеем. Фота з асабістага архіва Юліі Бураўкінай
— А якім Генадзь Мікалаевіч быў дзедам для сваіх унукаў?
— Ой, ён так любіў унукаў, быў харошым дзедам.
— А, можа, была якая любімая страва, якую Генадзь Мікалаевіч прасіў Вас прыгатаваць? Ці можа Вам гатаваў што-небудзь смачнае?
— Баронь, Божа (смяецца). Гэтага не было. А прасіў часам, не кожны дзень, але мог папрасіць прыгатаваць амлет, які рабіла яго мама, гэта яйкі, малако і трошачкі мукі. Яна рабіла яго ў рускай печцы, і там амлет так уздымаўся і стаяў так доўга, а ў мяне на скаварадзе пастаіць-пастаіць і так «ляп» уніз (смяецца), але ён еў, смачна было.
— Раскажыце, калі ласка, як Генадзь Мікалаевіч любіў адпачываць.
— Любіў ездзіць на дачу, у 74-м мы яе купілі, у Крыжоўцы. Калі мы з дзецьмі ў канцы жніўня з’язджалі к 1-му верасня, ён заставаўся яшчэ да маразоў там і там як раз і пісаў, паліў грубку. Наконт адпачынка не магу сказаць. Ён жа працаваў, ён жа грошы зарабляў не вершамі. Працаваў усё сваё жыццё і на журналісцкай працы, і 12 гадоў тэлебачанню аддаў, гэта ж немагчыма было і вершы пісаць рамантычныя, прытым узнёслыя, калі ў цябе там 2000 работнікаў у падначаленні.
Генадзь і казаў, што за гэтыя гады на тэлебачанні страціў, можа, тры зборнікі вершаў, якія б напісаў за гэты час.
Ён паспяхова вывеў тэлебачанне амаль на міжнародны узровень, яно пачало станавіцца беларускім. Раней жа інтэрнэту не было, то мы ўсе глядзелі тэлебачанне, пасля абмяркоўвалі, радаваліся ці крытыкавалі.
На дачы ў Крыжоўцы. Фота з асабістага архіва Юліі Бураўкінай
— Можа, чакаў, калі Вы з дзецьмі з’едзеце з Крыжоўкі, каб пабыць аднаму?
—Так, ён чакаў.
Ён так і гаварыў: «Я чакаю». Бо гэтыя вершы пачыналі бурліць у яго.
Ён жа не сядзеў за сталом, і каб думаць як празаік, і пісаць, пісаць... яны аднекуль «прыходзілі» да яго, а за сталом ён мог, як ён гаварыў, «падгабляваць» іх.
— Распавядзіце, калі ласка, пра сваё жыццё ў ЗША, калі Генадзя Мікалаевіча прызначылі прадстаўніком у ААН. Ці хацелася Вам туды паехаць? На тыя часы гэта ж быў зусім іншы свет, куды мала хто мог патрапіць. Што Вас найперш уразіла? Што спадабалася?
Фота з асабістага архіва Юліі Бураўкінай
— Вы ж не забывайце, мы ж прыехалі туды з Мінска, вялікай вёскі, гэта правінцыя адносна Масквы, а тым больш адносна Амерыкі. Амерыка — гэта другая планета, вось што я вам магу сказаць. Першае, што мяне ўразіла, калі мы выехалі ў бібліятэку, і я глянула ў адзін бок і другі, і паразілася будынкамі, яны такія былі высокія, як у той песні Віллі Токарава «Небоскрёбы, небоскрёбы, а я маленькій такой» (смяецца). Вось гэта мяне паразіла. У нас жа такіх раней высокіх збудаванняў не было. Мы і зараз правінцыя ў многім, але ў нас сваё жыццё.
— А не было жадання з Генадзем Мікалаевічам там застацца жыць?
— Што вы гаворыце? Па-першае, мы з ім ехаць туды не хацелі. Мяне толькі выбралі дырэктарам выдавецтва «Народная асвета», я яшчэ не паспела ўвайсці «у смак» (смяецца), а тут трэба ехаць. Ну, я і кажу: «А калі ты адзін паедзеш?». А аднаму нельга было ехаць, трэба было ехаць з жонкай. Ну, мы і паехалі. Генадзь адразу ж пачаў пісаць просьбы, каб праз год яго забралі. А тут пачаўся 91-год, і ён рваўся ўсімі сіламі, а ту не да яго было з гэтымі ўсімі пературбацыямі, і незалежнасць, і БНФ, усё такое вострае, а ён там сядзеў і толькі перажываў. Пасля гэты ГКЧП, мы там, тут невядома што і сказаць, што і рабіць, ну і, канешне, незалежнасць, і гэты сцяг, які невядома як было зрабіць, і колькі там белага і колькі чырвонага там трэба было. Яны пытаюцца, як зрабіць. Таму што, каб павесіць гэты сцяг, трэба ж было на флагштоку каля ААН, а флагшток жа здаровы, а там жа ўсе сцягі, я не ведаю, колькі метраў там павінен быць сцяг, трэба было ўсё гэта сказаць, каб зрабілі. і яшчэ на пляцы Ракфелера, там таксама трэба было павесіць. Я гэтымі вялікімі сцягамі ўжо не займалася. Усё тады званілі і ў Мінск, і з дыяспарай раіліся, якія прапорцыі павінны быць, колькі сантыметраў белы, колькі чырвоны. Гэта ў дыяспары рабілі, як кажуць на свой «страх і рызыку», а тут трэба было зрабіць як належыць. З Мінскам ужо неяк пагадніліся і з дыяспарай таксама, як пісаць Беларусь. Тут напісалі BY, так і засталося зараз, а беларусы дыяспары хацелі каб было BELARUS. Вось такія дэталі. Тады Генадзь яшчэ займаўся і дапамогай дзецям Чарнобыля. Збіралі грошы, лекі, адпраўлялі сюды. Усім гэтым займалася місія, называлася місія пры ААН, і пасол пры ААН.
— Што Генадзь Мікалаевіч лічыў галоўным дасягненнем у сваім жыцці?
— Ён пісаў пра гэта, што ёсць такія рэчы, якімі ён ганарыцца. Першае, тое, што ён будучы камуністам публічна заступіўся за Васіля Быкава, калі тога пачалі шэльмаваць у прэсе пасля ягонага «Мёртвым не баліць», калі палкоўнікі і прочыя генералы сталі яго цкаваць, скажам так. Тады Генадзь з Вярцінскім Анатолем Ільічом напісалі пісьмо ў абарону Быкава, расказаўшы, хто ён такі, што ён прайшоў усю вайну, і тое, што ён пісаў пра чалавека, пра салдата на вайне са сваімі перажываннямі ў акопе, а не проста там у штабе. Гэта пісьмо падпісала шмат пісьменнікаў. Генадзь лічыў, што гэта быў грамадзянскі паступак ягоны. Другое, гэта праца на тэлебачанні, што ён зрабіў беларускае тэлебачанне, ён гэтым ганарыўся і не саступіў, калі ЦК хацела выкінуць яго з партыі, ён не пайшоў сам, а яны не асмеліліся. Ну, і канешне, вершы. У вершах ён шчыры, спачатку гаварылі...у яго было рэнамэ грамадзянскага паэта, а пасля, як пайшла лірыка і была прызнаная такой шчырай і даступнай для разумення ўсіх, шчырая, беларуская, чалавечная. Заслуга ягонага таленту.
— Як, на Вашу думку, ён ацаніў бы тое, што адбываецца ў Беларусі цягам апошняга года?
— Тое, што зараз адбываецца, зараз проста ў павялічаных памерах, мегапамерах. А гэта ж усё было, было і з нашымі сябрамі, з Генадзем. Прафесія журналіст. Што значыць пасадзіць яго ў турму? Што значыць не даваць яму працаваць?
Так яму таксама не давалі працаваць, вершы не друкаваліся, за 20 гадоў ніводнай кніжкі не выйшла ў дзяржаўным выдавецтве.
Прыехаўшы сюды, былі нейкія капейкі, і людзі дапамаглі адну кніжку выдаць, а другую мы, сабраўшы грошы, выдалі самі. Неяк Генадзя паклікалі ў школу ў правінцыю, зрабіць вечарыну, паклікаў Нафрановіч, такі быў паэт, царства яму нябеснае, дамовіўся з начальствам, у 2000-я гады гэта было. Генадзь паехаў, і там, відаць, сказалі: «Што вы робіце?», — і яму не далі выступіць, толькі пагаварыць змог з дзесяткам настаўнікаў, а вечарыны не было, дзе ён павінен быў выступаць, вершы чытаць, каб дзеці прыйшлі, людзі , не далі. Не кажучы пра тое, калі было 70-годдзе ў Палацы мастацтваў, пачатак павінен быў быць у 5 ці 6 вечара, а ў тры гадзіны прыйшла тэлефанаграма, што дах працякае, і электрычнасці няма. Ну, што рабіць? Генадзь кажа: «Давай пойдзем, у крайнім выпадку, людзі ж прыйдуць, ужо запрошаныя, на ступеньках прачытаю некалькі вершаў, падзякую, што прыйшлі, і ўсё». Мы прыйшлі, але там, відаць, нехта саабразіў. Я адкрываю дзверы ў гэтую аўдыторыю, а яна поўная, забіта людзьмі. Усё-ткі прыйшлі людзі. Прыйшлі, і ніхто не асмеліўся адключыць святло. І вечар быў. Так што, гэта ўжо усё было. Адзінае, што не пасадзілі ў турму. А так кожны раз баялася, як позна няма, як з сябрамі затрымаўся. Не спала, пакуль не прыйдзе дамоў. Усё жыццё, і пры саветах так было. Зараз проста мегарэпрэсіі і ўсюды. Раней толькі на інтэлігенцыю, на беларускіх пісьменнікаў.
Генадзь Бураўкін прымае віншаванні падчас святочнай вечарыны з нагоды свайго 75-годдзя, Фота zbsb.org
Радзім Гарэцкі віншуе Генадзя Бураўкіна з 75-гадовым юбілеем . Фота zbsb.org
Юлія Бураўкіна з унучкай падчас святочнай вечарыны з нагоды 75-годдзя Генадзя Бураўкіна. Фота zbsb.org
— Генадзь Мікалаевіч пакінуў пасля сябе дзённікі, і праз 5 год пасля ягонай смерці Вы не маглі іх прачытаць? Які зараз лёс гэтых дзённікаў? Ці знайшлі сілы іх прачытаць?
— Ну, я іх і не чытала, ужо 7 год прайшло.
Фота з асабістага архіва Юліі Бураўкінай
— Калі б Вы мелі магчымасць павярнуць час назад і штосьці змяніць у сваім жыцці, памянялі б нешта?
— Што цяпер казаць, змяніў, не змяніў... Усякае было — і добрае, і кепскае.
ВЗ, budzma. by