Алесь Тодараў на budzma.org піша пра восем крокаў, якія дазволяць арганізаваць вашае жыццё.
«Вось пачнецца адпачынак, і тады я пачну рабіць свой сайт», «вось зараблю трохі грошай і буду падарожнічаць» — вам знаёмыя такія словы? Гэтыя адмазкі — любімая прычына адкладання грандыёзных планаў.
Праўда жыцця заключаецца ў тым, што ідэальныя ўмовы для ўдалага пачатку не наступяць ніколі. Гэта проста псіхалагічная маніпуляцыя для апраўдання ўласных страхаў і нерашучасці. Пры наступленні гэтак чаканага вамі часу на гарызонце абавязкова замаячыць яшчэ адна, яшчэ больш складаная перашкода.
І для таго, каб з ёй справіцца, трэба быць гатовым да выпрабаванняў. А каб якасным чынам змяніць сваё жыццё, яго спачатку трэба арганізаваць належным чынам. Прапаную вам восем захадаў, якія дазволяць гэта зрабіць за адносна невялікі прамежак часу.
Звычкі вызначаюць нашыя ўчынкі. Падумайце, што прывыклі рабіць менавіта вы. Прааналізуйце, якія з гэтых дзеянняў прыносяць карысць, ад якіх лепш адмовіцца і якія звычкі завесці, каб рухацца да сваіх мэтаў.
Не будзе лішнім, відаць, сказаць, што ад шкодных звычак, а разам з імі і ўсяго, што фармуе негатыўную аўру, лепей адмовіцца. Напрыклад, замест піва па пятніцах у сяброўскай кампаніі лепей зрабіць невялікую прабежку або шпацыр.
Без планаў нельга рухацца наперад. У вольны час прысвячайце хвілінку-другую роздумам над тым, дзе і кім вы бачыце сябе праз тыдзень, месяц, паўгады, год. Гэта дапамагае развіццю асобы. Бо наўрадці вы б хацелі правесці ўсё сваё жыццё на адным месцы.
З дапамогай планавання вы ўпарадкуеце справы і пазбавіце сябе ад лішняга хвалявання. Для гэтага вам спатрэбяцца каляндар і любы менеджар задач. Абавязкова знаходзьце час, каб намеціць справы на суткі і заносьце іх у свой каляндар.
Сачыце за тым, каб арганізацыя вашага жыцця і звычак не ператваралася ў гвалт над самім сабой. Будзьце рэалістам і улічвайце свае магчымасці. Такім чынам вы будзеце эканоміць свой час і намаганні.
Мы часта завышаем уласныя чаканні, сыходзячы з прынцыпу «усё або нічога». А калі яны праз збег абставін не апраўдваюцца, кідаем пачатае. Каб такога ў вашым жыцці не адбывалася, нагадвайце сабе пра карысць паступовага прагрэсу. Памятайце, што абсалютна ва ўсіх людзей бываюць узлёты і падзенні, таму вашая асабістая гісторыя абсалютна не выключэнне.
Старайцеся думаць пра стабільнасць у доўгатэрміновай перспектыве. Рабіце некалькі паўз цягам дня, каб проста выдыхнуць і расслабіцца, таксама не забывайце пра нармальны адпачынак. У ідэале добра, калі атрымаецца адпачываць некалькі разоў на год, але малымі порцыямі. Нешта накшталт школьных вакацыяў.
Каб знаходзіць час на тое, што сапраўды для вас важна, трэба адкідаць тое, што не заслугоўвае ўвагі, другаснае. У вольную хвіліну, пажадана ранкам, або звечара, добра падумайце пра тое, што важней за ўсё менавіта для вас у дадзены момант. Пасля такога роздуму вам будзе лягчэй структураваць свой дзень.
Справаздачцеся перад самім сабой. Так вы ўбачыце, што працуе, а што не. Вы зможаце болей часу адводзіць на тое, што сапраўды дапамагае вам рухацца да мэтаў, і пазбаўляцца ад таго, што не прыносіць вынікаў і толькі тармозіць працэс вашага развіцця.
Звычкі аўтаматызуюць прыняцце рашэнняў, а тэхналогіі могуць аўтаматызаваць задачы, якія паўтараюцца. Гэта сэканоміць вам час і сілы, а таксама дапаможа быць меней занураным у руціну.
І памятайце, што ідэальны дзень для старту, калі і існуе, то гэта менавіта сёння! Бо так званы «самы лепшы час» не наступіць ніколі.
Алесь Тодараў, budzma.org
Ілюстратыўнае фота:sunmag.me