Аліна Бялова піша на budzma.org пра тое, як грамадзянам удалося пасеяць зерне ідэі азелянення Мінска ў галовах чыноўнікаў
Мінгарвыканкам, падаецца, ачомаўся. Кіраўніцтва горада на пасяджэнні рабочай групы па пытаннях добраўпарадкавання і ўтрымання гарадскіх тэрыторый падтрымала высадку дарослых саджанцаў і барацьбу за кожнае дрэва.
Прывакзальная плошча раней
«Нам трэба выступаць ініцыятарамі прасоўвання дрэў трэцяй групы (вышыня раслін — 3,5-4 метры) і вышэй на заканадаўчым узроўні. Можа, не ўсюды, дзесьці досыць і другой групы (2,5-3,5 метры). На вуліцах трэба высаджваць буйнапамерныя саджанцы, а не дубчыкі», — заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.
Але рэч у тым, што насамрэч «ініцыятарамі прасоўвання дрэў трэцяй групы» ўжо выступалі — не Мінгарвыканкам, а грамадзяне, аб’яднаныя ў ініцыятыву «Зялёны Мінск». Ініцыятыва была створаная ў 2017 годзе, але тады гарадскія ўлады не пайшлі грамадзянам насустрач.
Ідэя азелянення цэнтра Мінска з’явілася ў грамадскага актывіста Алеся Мазура, калі ён гуляў па вуліцах горада ў змрочны вясновы дзень. «Усё выглядала крыху сумна. На Прывакзальнай плошчы я згадаў, што раней яна была ўся ў цені, там раслі дрэвы. І раптам заўважыў, што плітку, якую паклалі там пасля рэканструкцыі, паклалі даволі дзіўным чынам: на месцы высечаных дрэваў была пакладзеная іншая па колеры плітка», — распавядае ён.
Прывакзальная плошча пасля рэканструкцыі
Гэта быў нібыта помнік зрэзаным дрэвам. І ў Мазура з’явілася думка калі не адрадзіць дрэвы на Прывакзальнай плошчы, дык хаця б матываваць улады нармальна азеляняць цэнтр горада.
З гэтага, уласна, і ўзнікла ініцыятыва «Зялёны Мінск». Ініцыятары даслалі петыцыю ў Мінгарвыканкам з патрабаваннем высадзіць дрэвы на вуліцы Бабруйскай і Прывакзальнай плошчы, а таксама стварылі адпаведны сайт і пачалі збор сродкаў на першаснае азеляненне.
Пры гэтым Мазура не вельмі задавальняла тое, што ўлады замест спілаваных дарослых дрэў высаджвалі на вуліцах чэзлыя парасткі, якія не перажывалі і аднаго сезона. Зразумела, што дарослыя дрэвы — больш трывалыя і ўстойлівыя да ўздзеяння гарадскога асяроддзя.
Паглыбляючыся ў гісторыю пытання, актывісты зрабілі цікавае адкрыццё: аказваецца, калі Мінск адбудоўваўся пасля Другой сусветнай вайны, на яго вуліцы пераносілі менавіта дарослыя дрэвы! Знайшліся фотаздымкі на якіх быў зафіксаваны працэс такой высадкі.
Высадка дрэваў у савецкім Мінску
Працэдура гэтая, гледзячы па фотаздымках, была даволі працаёмкай. І тым не менш на цэнтральным праспекце сталіцы высаджваліся менавіта дарослыя дрэвы. Але час не стаіць на месцы, і цяпер актывісты адшукалі ў горадзе адмысловыя машыны для перасадкі буйнагабарытных дрэваў. «Гэтых машынаў ужо штукі чатыры на горад, яны ёсць у кампаній, якія займаюцца азеляненнем, і не толькі ў дзяржаўных. Напрыклад, я ведаю, што такая машына ёсць у забудоўшчыка «А-100», ёсць яна, дарэчы, і ў «Зелянбуда». То бок цяпер перасадзіць дарослае дрэва ў горад — не праблема», — зазначае Алесь Мазур.
Пры гэтым кошт працы такой машыны, па словах актывіста, не вельмі вялікі. «Больш каштуе само дрэва — яно павіннае расці ў пітомніку гадоў 8-10. Тут патрэбная комплексная праца: ставіць задачу перад пітомнікамі, каб яны пэўныя віды дрэваў вырошчвалі менавіта доўгатэрмінова. А потым, калі дрэвы падрастуць, вярнуцца да іх высадкі ў больш глабальным маштабе», — кажа ён.
Машына для перасадкі дарослых дрэў
Напрыклад, на азеляненне вуліцы Бабруйскай і Прывакзальнай плошчы актывісты праз краўдфандынг збіралі суму ў 20 тысяч рублёў. Для грамадзян гэта, вядома, даволі вялікія грошы. А вось для бюджэту сталіцы — проста слёзы.
Мазур пры гэтым прапанаваў цікавую схему: высаджваць на вуліцах Мінска дрэвы не з адмысловых пітомнікаў, а браць іх у гарадскіх зялёных агламерацыях кшталту Парку 50-годдзя Кастрычніка, Лошыцы, альбо Севастопальскага парку: «Па вялікім рахунку, гэта варыянт хуткага вырашэння праблемы для невялікай тэрыторыі. Скажам, на Прывакзальную плошчу трэба 20-30 дрэваў. Іх можна ўзяць з любога раёна горада, дзе ёсць вялікія плошчы зялёных насаджэнняў, — падменай. На месцы ўзятых дрэваў пасадзіць маладое. Дрэвы з гарадскіх паркаў ужо адаптаваныя да ўрбанізаванай прасторы і, прынамсі, павінныя вытрымаць тую антрапагенную нагрузку, якая будзе на іх на гарадскіх вуліцах».
Пры гэтым Алесь зазначае, што ў парках усё роўна праводзяцца «санітарныя вырубкі». Дык чаму б прыдатныя дрэвы не пілаваць, а перасаджваць?
Аднак гарадскія ўлады ў той час ініцыятыву не падтрымалі. У адказе на петыцыю па азеляненні вуліцы Бабруйскай і прывакзальнай плошчы зазначалася, што вялікія дрэвы, калі іх высаджваць, пашкодзяць інфраструктуру толькі рэканструяванай плошчы.
Такі адказ выклікаў у Мазура здзіўленне. Рэч у тым, што тая самая «адрозная» па колеры і форме плітка, якую ён бачыў на месцы дрэваў на Прывакзальнай плошчы, яўна сведчыла: дрэвы былі спілаваныя не ў час рэканструкцыі, а пасля яе. Інакш бы гэтыя месцы заклалі аднолькавай брукаванкай.
Да таго ж «інфраструктура» тычыцца праезнай часткі Прывакзальнай плошчы. А дрэвы актывісты патрабавалі высаджваць на ходніках.
Праспект Незалежнасці раней
Праспект незалежнасці цяпер
Таксама ўлады зрабілі канферэнцыю па пытанні «Як зрабіць Мінск зялёным», дзе сабралі ўсіх раённых прадстаўнікоў «Зелянбуда». На гэтай канферэнцыі яны давалі справаздачу, колькі высаджваецца дрэваў, кустоў і гэтак далей. Мазур, са свайго боку, зазначыў: нягледзячы на ўсе намаганні «Зелянбуда», у цэнтры горада атрымліваецца пустэча.
І, як заўсёды, прадстаўнікі «Зелянбуда» скардзіліся на тое, што бюджэту на паўнавартаснае азеляненне горада ў іх недастаткова. Але ў той жа час (гэта было перад нейкім спартыўным святам) панакуплялі і паставілі на вуліцах горада багата вазонаў з кветкамі.
«Мы і не супраць, каб «Зелянбуд» засвойваў свой бюджэт. Але зрабіце гэта з карысцю. Садзіце дрэвы і кветкі так, каб яны не памерлі на наступны год, а засталіся на вуліцах», — казаў тады Мазур.
Урэшце, як бачым, гарадскія ўлады праз тры гады прыйшлі да таго, чаго патрабавалі актывісты. Праўда, цяпер яны гэта выдаюць за сваю ініцыятыву, а пра «падказку» з боку грамадзянаў нават не згадваюць. Праўда, Мазур на тое, што ў яго «пазычылі» ідэю, не скардзіцца, а, наадварот, кажа: «Трэба быць ідыётам, каб ідэяй не скарыстацца».
«Любы кіраўнік горада, калі б ён быў выбарны, а не прызначаны, з задавальненнем зрабіў бы такую справу, якая гараджанам проста відавочная. Ты пасадзіш 20 дрэваў, альбо 50, альбо 150 — для бюджэту горада гэта капейкі. Але візуальны эфект ад гэтага для грамадзян, для гараджан перавышае ўсе выдаткі. У сітуацыі выбарнай улады гэтым скарыстаўся б любы мясцовы палітык», — зазначае ён.
«Чаму нашыя ўлады адмаўлялі нашую ініцыятыву? Таму што яны ў прынцыпе мала залежаць ад грамадзянаў, яны дзейнічалі па звыклым шаблоне. А калі б іх пасады рэальна залежалі ад грамадзянаў, ад іх выбару, яны б з задавальненнем патрацілі грамадскія грошы на відавочную і карысную справу, фактар, які можна дэманстраваць», — зазначае Алесь Мазур.
Што ж, напэўна, высілкі ініцыятывы «Зялёны Мінск» не былі марныя. Усё ж грамадзянам удалося пасеяць зерне ідэі ў галовы чыноўнікаў. І дай Бог, каб гэтае зерне сапраўды перарасло ў зялёны Мінск.
Аліна Бялова, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!