У пятніцу, 26 красавіка а 18:00 у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча адкрываецца выстава «Зона адчужэньня», прысвечаная ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі.
На выставе можна будзе ўбачыць працы беларускіх дзяцей, пацярпелых ад катастрофы, зробленыя ў 1990 годзе ды рэпартажныя здымкі легендарнага фаторгафа Уладзіміра Сапагова з Чарнобыльскіх шляхоў 90-х.
«Размова пра Чарнобыль цяпер — гэта ня толькі практыкаванні памяці, але таксама моцная метафара таго, што адбываецца з намі цяпер — нестрыманай сілы, якая раскідвае нас як ёй заўгодна, на якую мы ніяк ня можам паўплываць. Але выстава сведчыць аб тым, як беларусы выжываюць праз жудасныя рэчы, пакідаючы след нашчадкам — дзіцячыя працы, здымкі дэманстрацыяў — і гэты след кліча жыць наперакор усяму», — кажа куратарка выставы Паўліна Вітушчанка.