Зразы завіўныя, як у Ягайлы на сняданак. Гатуем разам з «Будзьма»

Марылі пакаштаваць страву са стала князя ВКЛ? Мы падзелімся з вамі рэцэптам! Зразы завіўныя падавалі за часамі Ягайлы, а можа, і раней. Ведаючы рэцэпт, вы зможаце пачаставаць сваіх блізкіх ледзь не каралеўскай пышнай стравай.


Ягайлаў сняданак

Гісторыкі сцвярджаюць, што зразы пачалі гатаваць яшчэ ў XIV стагоддзі, у часы князя Ягайлы. Гэта была ўлюбёная страва князя, і еў ён іх, як не дзіва, на сняданак! Пазней, у Вялікім Княстве Літоўскім, зразы сталі падаваць да шляхецкага стала на ранак. Шляхта вельмі любіла пераймаць стравы і традыцыі князёў. Але есці такую страву лепш на абед, на сняданак рэкамендуем амлеты ці кашы.

Чытайце яшчэ: Амлет з грыбамі ад каралевы Марысенькі. Гатуем разам з «Будзьма!» смачны сняданак

Зразы пачалі падаваць на велікодны сняданак. Яны смачныя нават халодныя, нагадваюць хатнюю каўбасу, таму іх асвячалі ў храме на свята, а потым дзяліліся імі паміж сваякоў. Гатавалі зразы і падчас палявання са свежаніны з грыбамі ці капустаю.

Зразы вельмі любіла каралева Бона Сфорца, ёсць сведчанні, што падобную страву гатавалі і ў Італіі, адкуль каралева Бона была родам.

Начыняць зразы можна чым заўгодна: фаршам, салам, грыбамі, капустаю, зелянінаю, бульбяной кашай ці нават сырам. Зразы могуць быць не толькі завіўныя, але і сечаныя, падобныя да звычайнай катлеты, але з начыненнем. Тыя ж галубцы — своеасаблівыя зразы, толькі замест мясной абалонкі — капусны ліст. У XIX стагоддзі нашыя продкі праявілі кулінарную снароўку і пачалі рабіць зразы з бульбы, дадаючы ўнутр грыбы, цыбулю ці мяса. Такі варыянт стравы вельмі смачны, асабліва са смятанай, але ў нас рэцэпт зразаў, як на стале ў князя Ягайлы.

Як прыгатаваць завіўныя зразы?


Мяккую ялавічыну нарэзаць папярок валокнаў не вельмі тонкія лустачкі, адбіць іх малатком, пасаліць і паперчыць. Для начынення спатрэбіцца свіны фарш. Для запраўкі фаршу дробна пасячы цыбулю і абсмажыць на алеі да залацістага колеру. Сам фарш прыправіць, дадаць астыглую смажаную цыбулю, жаўток і лыжку смятаны. Перамяшаць да аднароднай масы.

На адбіты кавалак ялавічыны пакласці начыненне, згарнуць у рулет і завязаць атрыманы рулет у некалькіх месцах кулінарнай ніткай. Нітку спачатку лепш патрымаць у гарачай вадзе для зручнасці.

Зразы абсмажыць на разагрэтым алеі з абодвух бакоў. Потым рулеты перакласці ў посуд для запякання. Паліць іх вяршкамі, дадаць чорнага перцу гарошкам, крыху гваздзікі, шчопаць кмену, некалькі лаўровых лісткоў, памяшаць і пакінуць запякацца пры 180 градусах у духоўцы на 20 хвілін. Праз 10 хвілін парэзаць часнок і ўкінуць яго ў вяршковы соус. Страву падаваць пасыпанай пятрушкай — яна надасць зразам адмысловы водар і смак.

Смачна есці!

На тры зразы нам спатрэбіцца:

Ялавічына — 450 грамаў

Свіны фарш — 150 грамаў

Цыбуля — 120 грамаў

Вяршкі — 250 мілілітраў

Адно яйка

Лыжка смятаны

Шчопаць кмену

Тры зорачкі гваздзікі

Тры лаўровыя лісткі

Галоўка часнаку

Чорнага перца 10 гарошынак

Алей — 6 сталовых лыжак

Пук пятрушкі

Соль і пераць — па смаку