Адкрыццё моладзевай выставы «Сэлфі»

18.11.2015 17:00 - 19:00 Палац мастацтва (вул. Казлова, 3) Бясплатнае

18 лістапада 2015 года а 17-ай гадзіне ў  Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё рэспубліканскай моладзевай выставы «Сэлфі», на якой будуць экспанавацца творы членаў моладзевай секцыі Беларускага саюза мастакоў, а таксама запрошаных маладых мастакоў ва ўзросце да 35 гадоў.

Кожная эпоха пакідае нашчадкам сваю галерэю партрэтаў: антычныя фігуры атлетаў і сярэднявечныя выявы святых, фрывольныя карцінкі ракако і поўныя стрыманай строгасці творы класіцызму даносяць да нас не толькі ўяўленні пра выгляд людзей мінулага, але і распавядаюць пра вобраз іх мыслення і сістэму каштоўнасцяў.

Заўважана, што твор адлюстроўвае не толькі мадэль, але і мастака. Менавіта таму, адзін і той жа чалавек можа выглядаць па-рознаму на партрэтах розных аўтараў. «Кожны мастак добра малюе сябе самога і выяўляе ў сваіх творах болей самога сябе, чым аб’ект выяўлення»,– сцвярджае Мікеланджэла. Гэтая ж думка гучыць у Леанарда да Вінчы: «Агульны парок жывапісцаў у тым, што яны любяць рэчы, падобныя на сябе»; «… кожная частка, добрая ці вартая жалю, якая ёсць у табе, з’явіцца часткова і ў тваіх фігурах». У творы любога жанру адлюстроўваюцца думкі і пачуцці мастака, яго душэўны склад. Такім чынам, любы твор можа ў той ці іншай ступені з’яўляцца аўтапартрэтам, ці, калі гаварыць сучаснай мовай, «сэлфі» мастака, што тлумачыцца ўнутранай сувяззю паміж мастаком і яго творам.
За мноствам аўтарскіх стыляў, тым не менш, яскрава праяўляецца як агульны характар часу, так і нацыянальныя адметнасці: ідэалогія, эстэтычныя ідэалы, і да т.п. Найбольш значныя творы мастацтва (такія, як «Давід» Мікеланджэла, «Чорны квадрат» Малевіча, ці «Герніка» Пікаса) з’яўляюцца не толькі сэлфі аўтара, але і партрэтам цэлай эпохі.

Які візуальны матэрыял найбольш яскрава адлюстроўвае наш час? З чым будуць асацыяваць нас нашчадкі: з мастацкімі творамі ці аватаркамі ў сацыяльных сетках?

Выстава «Сэлфі» прапануе мастакам звярнуцца як да тэмы самарэпрэзентацыі чалавека, для якой у сучасным свеце ў сувязі з пашырэннем інтэрнэт-тэхналогій і сацыяльных сетак адкрыліся новыя, яшчэ не асэнсаваныя магчымасці, так і да больш вузкай тэмы аўтапартрэта. Аўтапартрэт, пры гэтым, можа разглядацца як у прамым сэнсе гэтага слова, так і ўключаць у сябе творы іншых жанраў, дзе асоба мастака праяўляецца ў больш апасродкаваных формах.

Выстава будзе працаваць з 18 па 29 лістапада 2015 года. Мы працуем: 11.00 – 19.00 штодзень, акрамя панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

З інфармацыяй пра мінулыя, дзейныя і запланаваныя выставы можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза мастакоў www.belartunion.by


Вам можа быць цікава

Выстава Валерыя Талкачова «Цёплае святло» ў Мінску

25.03.2026 18:00 - 03.05.2026 17:00 Арт-гасцёўня «Высокае месца» (вул. Герцэна, 2а)

Традыцыйныя спевы з Вольгай Барышнікавай у Беластоку

17.04.2026 (17:00 - 21:00) сядзіба Фонду Tutaka (ul. Ciołkowskiego, 24)

Майстар-класы традыцыйнага спеву «Песні Беласточчыны» ў Беластоку

25.04.2026 (11:00 - 16:00) сядзіба Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства (вул. Варшаўская, 11)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ