Лявон Вольскі піша пра новыя беларускія падручнікі па гісторыі, у якіх няма нічога пра сталінскія рэпрэсіі і, канешне ж, ні слова пра ноч расстраляных паэтаў. Чаму ўлады хаваюць гістарычныя факты, за якія трэба пакаяцца? У чым адрозненне сённяшняй РБ-шнай і сталінскай адміністрацый? І ці ўсё так безнадзейна, як падаецца на першы погляд?
Лявон Вольскі
У новых падручніках гісторыі амаль нічога няма пра сталінскія злачынствы. Іх яшчэ называлі брыдкім словам «чысткі». Маўляў, вычышчалі савецкія рэспублікі (натуральна, і БССР) ад чужародных элемэнтаў. У рэчышчы клясавае барацьбы. Як у Багушэвіча: «Счысьціў пушчу чыста»...
Нічога там, у гэтых «падручніках», ня будзе і пра расстраляных у адну ноч беларускіх дзеячаў культуры. Так, іх зьнішчылі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ва ўнутраным двары турмы НКУС, і вучні цяперашніх школаў пра гэта нічога ня мусяць ведаць.
Чаму ж улады гэтак робяць? Чаму адмыслова замоўчваюць страшныя гістарычныя факты, якія варта было б асэнсаваць? Асэнсаваць і пакаяцца. Бо як ісьці далей, калі не пакаяліся за злачынствы папярэдняга рэжыму?
У тым і рэч — яны лічаць, што ім няма за што каяцца. Савецкі Саюз быў выдатны (якую краіну развалілі!), калі й рабіліся нейкія «перакосы» й «перагібы», дык гэта звычайная справа. Ну, пусьцілі ў расход кагосьці, якая розьніца? Затое заводы-фабрыкі пабудавалі, запусьцілі вытворчасьць, зьдзяйсьнілі індустрыялізацыю...
І для цяперашняе ўлады РБ, і для колішняе савецкае людзі культуры — гэта абслуга, тыя хто паслухмяна выконвае пастаўленую зьверху задачу. Калі ты раптам упарцісься, пачынаеш пісаць (маляваць, ляпіць, здымаць, сьпяваць) нешта сваё, адарванае ад генэральнае ўладнае лініі, дык аўтаматычна робісься ворагам. Ну, калі ня ворагам, дык чужародным элемэнтам. І з табою могуць зрабіць што заўгодна, нават пазбавіць жыцьця ва ўнутраным дворыку Пішчалаўскага замку.
Улада РБ, якая пазыцыянуе сябе пераемніцай савецкае ўлады, насамрэч у глыбіні падсьвядомасьці выдатна разумее думкі сталіністаў: расстралялі — значыцца, было за што, значыцца, апроч правільных, ідэйна вывераных твораў, пісалі яшчэ й няправільныя — тыя, што потым спалілі ў тым самым злавесным унутраным дворыку. І наагул, усё гэта былі схаваныя ворагі-нацыяналісты, за гэта іх і ліквідавалі.
Малюнак Лявона Вольскага
Але адрозьненьне РБ-шнае ўлады і сталінскае адміністрацыі — тое, што сталіністы выдатна разумелі ролю культуры ў жыцьці чалавека. Таму яны мэтанакіравана вынішчалі «няправільных» творцаў, каб яны праз свае таленавітыя кнігі (карціны, сьпевы, п’есы) ня ўзьдзейнічалі на душу савецкага чалавека, ня кідалі туды зерне сумневу ды роздуму. Сталіністы спрабавалі замяніць іх іншымі творцамі, часам, таксама таленавітымі, але ня ўпартымі, не трывалымі, згоднымі выконваць тое, што ім загадаюць. Але праз гэтае безумоўнае выкананьне загадаў талент іхны чэзнуў, сохнуў, драбнеў і зьнікаў...
Для РБ-шнае ж улады роля культуры зводзіцца да «засьпявай так, каб душа разгарнулася, а потым згарнулася», да напісаньня фірмовае оды пракуратуры чарговага Ёцэвіцкага раёну і да прамаўленьня вершаванага тосту на юбілей дырэктара саўгасу...
Гэта тое, што адрозьнівае стаўленьне да культуры сталінскае і лукашэнкаўскае адміністрацыі. А тое, што яднае — з ворагамі ад культуры, як і зь любымі ворагамі, а іх шмат, яны паўсюль! — трэба змагацца. А яшчэ трэба змагацца з нацдэмаўшчынай і з буржуазнымі нацыяналістамі. Вось і змагаюцца. Дагэтуль.
Але як ты праўду ні замоўчвай, як ні перапісвай падручнікі па гісторыі, як ні намагайся штампаваць пакаленьні аматараў чаркі ды шкваркі да рускага сьвету, яе, гэтую праўду, не схаваеш назаўсёды, ня спаліш, як кнігі расстраляных паэтаў, не засыпеш жоўтым пясочкам у Курапатах.
Калісьці вуліцы і плошчы нашых гарадоў ачысьцяцца ад бруднага шалупіньня — калініных, шаранговічаў ды панамарэнак і назавуцца імёнамі сапраўдных беларускіх герояў ды пакутнікаў. У тым ліку — расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка.
Як пісаў адзін зь іх — Алесь Дудар:
А дзень чырвоны зацьвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org