На паўночным захадзе Смалявіч узводзяць новую школу, фасады якой аформленыя ў стылі карцін Казіміра Малевіча, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал «Мінскбуда».
Фота: t.me/minskstroybelarus
Архітэктары стварылі дызайн, натхнёны творамі вядомага мастака: белыя і шэрыя сцены ўпрыгожаныя элементамі чырвонага і жоўтага колераў.
Фота: t.me/minskstroybelarus
Побач са школай узводзяць вялікі спартыўны комплекс. Там ужо нанесеная разметка для бегавых дарожак і пляцовак для валейбола, баскетбола і міні-футбола. Таксама выкладзеныя тратуарныя сцежкі і спецыяльныя пакрыцці для заняткаў спортам.
Фота: t.me/minskstroybelarus
Пасля адкрыцця школа зможа прыняць каля 1020 вучняў. Хоць унутраныя работы яшчэ працягваюцца, вядома, што ўвесці ўстанову ў эксплуатацыю плануюць у 2026 годзе.
Казімір Малевіч — мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму — кірунку ў абстрактным мастацтве. У 1919–1922 гадах Казімір Малевіч выкладаў у Народнай мастацкай школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, адзін са стваральнікаў арганізацыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва».